У Санкт-Пецярбургу беларусы ўдзельнічалі ў набажэнствах на роднай мове

10 траўня 2013 года вернікі грэка-каталіцкай парафіі святых Кірыла і Мятода ў Санкт-Пецярбургу памаліліся за ахвяр Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсій. У Левашоўскай пустцы – мемарыяльных могілках, дзе пахаваны каля 45 тыс. чалавек, яны ўзгадалі і загінулых беларусаў. І гэта не выпадкова, бо каля 20 вернікаў гэтай грэка-каталіцкай парафіі – з Беларусі. Некаторыя прыехалі ў паўночную сталіцу Расіі яшчэ ў савецкія часы, іншыя – не так даўно на заробкі або вучыцца. Для агульнай малітвы быў абраны час пасля 9 траўня, Дня Перамогі, і напярэданні Дня ўспаміну памерлых – Радаўніцы, якая прыпадае сёлета на 14 траўня.  Пробашч парафіі – айцец Кірыл Міронаў – таксама звязаны з Беларуссю, ён год служыў тут у рамках душпастырскай практыкі. “Дзякуй Богу за духоўны вопыт, які я атрымаў пры знаёмстве з Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой. Традыцыі і духоўнасць гэтай памеснай Царквы дапамаглі мне асэнсаваць многія пытанні, знайсці адказы на іх. Цяпер, як мне здаецца, Бог заклікае мяне дапамагчы вернікам-беларусам, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу. Нібы Ісус Хрыстос спецыяльна падарыў мне гэты досвед, каб я нёс гэтае служэнне”, - адзначыў святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. А з пачатку гэтага года ў грэка-каталіцкай парафіі Санкт-Пецярбурга пачаліся і беларускія набажэнствы. Для вернікаў-этнічных беларусаў важна мець частку радзімы і магчымасць маліцца на роднай мове. Для пробашча айца Кірыла – гэта магчымаць разбурыць стэрэатыпы пра беларускую культуру і традыцыі. З кожным разам на беларускую службу збіраецца ўсё больш людзей.  “Для вернікаў нашай парафіі – рускіх і ўкраінцаў – гэты вопыт вельмі карысны. Нажаль, вельмі распаўсюджаны стэрэатып рускіх у адносінах да культуры беларусаў і ўкраінцаў, што гэта нешта другаснае, залежнае ад рускай культуры. Гэты стэрэатып перашкаджае хрысціянскай любові, ён ідзе супраць праўды Божай. Неабходна вялікая праца, каб разбурыць гэты стэрэатып. Сама Грэка-Каталіцкая Царква мае сваёй мэтай пераадоленне расколу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі. Сапраўдны экуменізм пачынаецца тады, калі бачыш, што твой брат у парафіі, які мае іншыя гістарычныя карані або іншую мову, таксама любы сын Бога, як і ты”, - падзяліўся айцец Кірыл. Менавіта тады, лічыць святар, хаця б у межай адной парафіі, і пачнецца выкананне галоўнай запаведзі – “палюбі бліжняга, як самаго сабе”. Айцец Кірыл апякае духова таксама і беларускіх грэка-католікаў у Калінінградзе.  

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё