У Падкарпацкім ваяводстве Польшчы праходзяць Дні беларускай культуры

 4 чэрвеня пачаліся Дні беларускай культуры ў Падкарпацкім ваяводстве (паўднёвы ўсход Польшчы). 

Як паведаміла прэс-служба беларускага МЗС, у Кросне адбылося адкрыццё дзвюх выстаў: з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі і фотавыставы "Іншы вобраз Беларусі". Арганізатарам выступіў Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы пры падтрымцы польскага таварыства "Польшча-Усход".  У цырымоніі адкрыцця экспазіцый узяў удзел пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Адбыліся яго сустрэчы з віцэ-прэзідэнтамі Кросна Браніславам Баранам і Томашам Саліньскім, са старшынёй гарадскога савета Станіславам Слысем. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія тычацца эканамічнага супрацоўніцтва беларускіх і польскіх рэгіёнаў, актывізацыі ўзаемадзеяння бізнес-супольнасці, а таксама наладжвання цесных культурных і міжчалавечых сувязяў.  На перамовах з рэктарам Вышэйшай дзяржаўнай прафесійнай школы ў Кросне Гжэгажам Пшэбіндам разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Пасол сустрэўся таксама са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам ВНУ і выступіў з лекцыяй пра знешнюю палітыку Беларусі.  У межах паездкі ў Падкарпацкі рэгіён Гайсёнак наведаў яго сталіцу Жэшуў і правёў сустрэчу з віцэ-маршалам ваяводства Богданам Раманюкам, з якім абмеркаваў шэраг тэм двухбаковага гандлёва-эканамічнага і культурнага ўзаемадзеяння.  Дні беларускай культуры ў Польшчы пачаліся ў сярэдзіне мая і будуць доўжыцца да пачатку ліпеня. Найбліжэйшым часам да акцыі далучацца Бытам, Беласток, Сопат і іншыя польскія гарады.