Палякі ствараюць Беларускі архіў у выгнанні

Яго ініцыятары хочуць дапамагчы беларусам захаваць памяць пра найноўшую гісторыю.

Ідэя Міжнароднага беларускага архіву належыць Цэнтру “Karta”. Гэтая няўрадавая польская арганізацыя займаецца зборам матэрыялаў і папуляразацыяй гісторыі Польшчы і Усходняй Еўропы XX ст. Архіў плануецца стварыць цягам найбліжэйшага паўгоддзя ў Варшаве.

Гаворыць старшыня Цэнтру “Karta” Збігнеў Глюза.

Збігнеў Глюза: Так можна дапамагчы беларускай памяці, бо ў самой Беларусі, на жаль, няма сістэматычнай працы па зборы архіву 20 ст. Але такі архіў можна стварыць за мяжой. Наш цэнтар валодае багатым досведам па стварэнні грамадскага руху, які самастойна збірае памяць пра найшоўшую гісторыю: запісвае сведкаў гісторыі, калекцыянуе дакументы, здымкі. Гэта вельмі патрэбная ініцыятыва, але, на жаль, у Беларусі такой традыцыі няма.

Міжнародны беларускі архіў будзе займацца найперш XX стагоддзем. Гэта мае быць збор пісьмовых дакументаў, успамінаў, дзённікаў, унікальных публікацый, фотаздымкаў, фільмаў, аўдыёзапісаў - пераважна па-беларуску. Пасля пераменаў у Беларусі зборы плануецца перавесці ў Мінск.

Збігнеў Глюза: У будучыні архіў будзе перададзены ў свабодную Беларусь. Гэты архіў ствараецца не для палякаў. Ён толькі часова будзе знаходзіца ў Польшчы і аб’ядноўваць намаганні беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету.

У будучыні яго дзейнасць будзе пашыраная і на іншыя краіны, дзе знойдуцца пасіянарыі й папулярызатары найноўшай гісторыі.

Збігнеў Глюза: У Беларусі няма механізму, які б дазваляў збіраць дакументы па найшоўшай гісторыі з усяго свету ў адным месцы. Мы спадзяемся, што знойдзем партнёраў у розных краінах і знойдзем дапамогу сярод беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Вельмі важна стварыць месца, якое будзе ідэнтыфікавацца з беларускай свабодай. У Беларусі гэта зрабіць складана. Але калі такой працы не рабіць, то пазней давядзецца плаціць за гэта вельмі высокую цану. Старыя пакаленні сыйдуць і не пакінуць сваёй памяці. Гэты працэс у Беларусі трэба спыніць. Мы спадзяемся, што гэтую задачу выканае Міжнародны беларускі архіў.

Неўзабаве пачне працу адмысловы партал, дзе будзе весціся пералік усіх матэрыялаў архіву, частка з іх будзе даступная ў лічбавай форме. Арыгіналы будуць знаходзіцца ў Варшаве.

У палове чэрвеня ў Доме сустрэч з гісторыяй у Варшаве адбудзецца сустрэча арганізатараў МБА з беларусамі, якія гатовыя спрычыніцца да стварэння архіву. Гаворыць каардынатар стварэння архіву Мацей Вырва.

Мацей Вырва: Запрашаем асобаў, якія любяць гісторыю Беларусі і, магчыма, самі могуць узбагаціць архіў. Для гэтага дастаткова з намі скантактавацца і выказаць пажаднне з намі супрацоўнічаць. Мы спадзяемся, што гэта будзе сапраўды міжнародны архіў. Мы хочам зацікавіць яго стварэннем не толькі польскіх беларусаў, але і беларусаў з Чэхіі, Вялікабрытаніі, Канады і іншых краін.

Зацікаўленыя асобы могуць звяртацца да 11 чэрвеня да сп. Мацея Вырвы: Ośrodek KARTA, 02-536 Warszawa, ul. Narbutta 29, tel.: (+48 22) 646-47-20, e-mail: mab@karta.org.pl.