Да 30-годдзя Музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы была выдадзеная манаграфія “Беларускі музей у Гайнаўцы. 30 гадоў - Гісторыя - Факты - Людзі” пад рэдакцыяй Тамаша Ціханюка.
Выданне змяшчае справаздачныя матэрыялы, артыкулы і ўспаміны, запісы з гасцявой кнігі музея на польскай і беларускай мовах, а таксама шэраг копіяў дакументаў, лістоў і фотаздымкаў, прысвечаных гісторыі і дзейнасці музея.
Гісторыя музея апісваецца пачынаючы з 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калі толькі паўстала ідэя стварэння музея, “які б захаваў каштоўную этнаграфічную спадчыну беларускага народу, што ад незапамятных часоў пражывае ва Усходняй і Паўднёвай Беласточчыне”, у выніку чаго ў 1966-м годзе паўстаў Рэгіянальны беларускі этнаграфічны музей у Белавежы, які праіснаваў да 1973 года.
Праз 10 гадоў пасля гэтага быў створаны Грамадскі камітэт пабудовы музея помнікаў беларускай культуры ў Гайнаўцы, старшынёй якога быў абраны Кастусь Майсеня.
Выдаткі на пабудову музея падзяляліся паміж польскім і беларускім бокам, таксама значная дапамога была дзякуючы індывідуальным ахвяраванням і грамадскай працы. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” не толькі спрыяла таму, каб ад адміністрацыйных структур Беларусі паступала дапамога на будаўніцтва, але і само зрабіла немалы ўнёсак у справу пабудовы Беларускага музея ў Гайнаўцы, запяспечыўшы яго мармуром, якім цяпер выкладзеныя сцены будынка, а некаторыя сябры Згуртавання зрабілі значныя асабістыя фінансавыя ахвяраванні на ўзвядзенне музея.
Пабудова музея завяршылася ў 2001 годзе, а сваёй мэтавай дзейнасцю ён мог ўжо на наступны год. Цяперашнюю назву музей атрымаў у 2003 годзе.
Постаці Кастуся Майсені, які ад самага пачатку вельмі актыўна ўзяўся за працу стварэння музея, зрабіўшы яе сэнсам свайго жыцця, прысвечаны асобны раздзел кнігі. Рэдактар манаграфіі Тамаш Ціханюк адзначае, што першая манаграфія Беларускага музея ў Гайнаўцы ёсць “актам пашаны стваральніку Музея, светлай памяці Кастусю Майсеню”.
Кніга выдадзеная ў 2012 годзе пры падрымцы польскага Міністэрства адміністрацыі і аблічбоўкі, а таксама амбасады Рэспублікі Беларусь у Польшчы.