29-га траўня споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння Міколы Гайдука - вядомага беларускага пісьменніка, журналіста, краязнаўцы, педагога. Мікола Гайдук шмат гадоў працаваў настаўнікам , а пасля - дырэктарам ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім. Шмат гадоў ён быў звязаны з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”. Быў сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання “ Белавежа” з самага пачатку ягонага існавання.
З Міколам Гайдуком шмат гадоў сябраваў вядомы беларускі паэт Віктар Швед.
РР: Мікола Гайдук філолаг па адукацыі, педагог. Але ён цікавіўся гісторыяй, фальклорам, асабліва тут, на Беласточчыне. Перакладаў нават малітвы з царкоўнаславянскай мовы.
Віктар Швед: Мікола Гайдук змог цягам 5 гадоў вучобы ў Менску так дасканала вывучыць беларускую мову, што стаў дасканалым мовазнаўцам. Бо вядома, што ён нават граматыку беларускай мовы выдаў. Дыяпазон ягоных зацікаўленняў быў вельмі шырокі. Ён стаў вандраваць па Беласточчыне і збіраць беларускі фальклор: песні, казкі, быліны. Ён не толькі іх збіраў, але і апрацоўваў. Мікола Гайдук асабіста сабраў звыш 600 беларускіх народных песень на Беласточчыне, паклаў на ноты, частку надрукаваў у “Ніве”. І гэтыя песні выйшлі ў Менску ў зборніку “Песні Беласточчыны”. Пісаў ён цікавыя эсэ і гістарычныя апавяданні – сягаў ажно ў сярэднявечча і гаварыў, што вельмі сумна, што ніхто да гэтага часу не апрацаваў беларускай мінуўшчыны. Ён сам гэтым заняўся і шмат твораў напісаў .
РР: Вы шмат гадоў супрацоўнічалі з Міколам Гайдуком і ў тыднёвіку “Ніва”, і ў Беларускім літаратурным аб’яднанні “Белавежа”.
Віктар Швед: Давялося мне працаваць з ім аж 40 гадоў – а гэта вельмі шмат, і мы супрацоўнічалі вельмі плённа. Мікола Гайдук цікавіўся маёй паэтычнай творчасцю і напісаў вельмі змястоўную рэцэнзію на мой паэтычны зборнік “Дзяцінства прыстань”. Ён цікавіўся рэлігійным праваслаўным жыццём і заахвоціў мяне пісаць вершы рэлігійнага характару.
Хачу прыгадаць ягоную сумную канчыну 2-га верасня 1998 года. Мікола Гайдук вельмі любіў лес, асабліва паблізу роднай вёскі пад Белавежскай пушчай. Туды ён часта заглядаў, збіраў ягады, грыбы. У гэты дзень ён таскама паехаў па грыбы. Заўсёды наракаў на хворае сэрца. І нягледзячы на гэта, ён вельмі шмат працаваў. У апошнія хвіліны свайго жыцця ён схіліўся над маладым грыбком, стаўшы на калені. Працягнуў руку, і сэрца спыніла свой ход… Так яго і знайшлі – нахіленага над так і не сарваным грыбком. І я так балюча перажыў апошнія хвіліны ягонага жыцця, што напісаў верш “Лес і лёс. Памяці Міколы Гайдука”:
Любіў надзвычай лес Мікола, Лес быў яму царквой, прастолам І адпачынкам у цянёчку. Тут ягады збіраў, грыбочкі. У дзянёк цёплы, вераснёвы, Паехаў ён у лес сасновы. Праз дзень грыбочкаў поўны кошык Ставаўся непасільнай ношай. І замарыўся ён да смерці Са сваім надта хворым сэрцам. Угледзелі Міколы вочы Раптам яшчэ адзін грыбочак. Стаяў Мікола на каленях, Грыбок, здалося, мае ў жмені ... Ды раптам кроў застыла ў жылах – Грыб узяць не стала сілы. Убачыў толькі Бог з нябёсаў, Як спалучыліся лес з лёсам.
Мікалы Гайдука не стала 2-га верасня 1998 года. Апошні спачын ён знайшоў на гарадскіх могілках у Беластоку. Пакінуў пасля сабе шмат зборнікаў вершаў, апавяданняў, казак, артыкулаў, нарысаў.
З Віктарам Шведам гутарыла Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sppsobor.by