Напачатку траўня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адзначылі дзень народзінаў заслужанага сябра – шматгадовага бібліятэкара ТБК Ніны Брылеўскай. Ёй споўнілося 93 гады. Але светлай галаве і выдатнай памяці могуць пазайздросціць і маладыя.
Ніна Брылеўская сярод блізкіх сяброў
Былая настаўніца школы, вялікі беларускі патрыёт і крыштальнай сумленасці чалавек, яна праз усё жыццё пранесла любоў да беларускасці, ахвяруючы на гэта асабістае жыццё. Яна родная сястра вядомага грамадскага дзеяча на Бацькаўшчыне, а пазней у ЗША Уладзіміра Брылеўскага.
Разам з Нінай адзначылі таксама дзень народзінаў сябра ТБК, вядомага мастака Алега Аблажэя, які робіць значны ўнёсак у працу ТБК і карыстаецца вялікай павагаю людзей.
25-га, традыцыйна ў апошнюю суботу месяца, адбылася імпрэза, прысвечаная відным асобам і падзеям у гісторыі Беларусі.
Госць з Мінска Вячаслаў Піліпук распавёў пра высакародную справу ўшанавання памяці героя Беларусі Юркі Моніча, якую ажыццявіў мастак Алесь Пушкін.
Юрка Моніч нарадзіўся ў 1890 годзе ў сялянскай сям’і. На вайне за асабістую мужнасць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў званні падпаручніка,
кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 года, быў кіраўніком штабу партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка.
Пасля смерці Лукаша аддзел пад камандаваннем Моніча апераваў пад выглядам атраду міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаннем сялянам забранага ў іх праз харчразвёрстку харчу, здзяйсняў напады на камуністычныя аб’екты і функцыянераў. Супроць атрада Юркі Моніча быў кінуты спецаддзел ГПУ. Да канца года было арыштавана 75 чалавек, 22 з іх у лютым 1924 года прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання.
23 траўня 1924 года Моніч загінуў падчас страляніны з атрадамі ЧОН. Ягонае знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб запалохаць магчымых прыхільнікаў. Месца пахавання Юркі Моніча невядомае.
Алесь Пушкін ставіць крыжы ў мажлівых месцах забойства Моніча, але ў гэтым яму шкодзяць і караюць мясцовыя лукашэнкаўскія ўлады. Дарэчы сказаць, у такім духу пашаны да герояў выхоўвае Алесь Пушкін і свайго сына.
Тэкст выступлення Алега Аблажэя “Прышпіленая мова” прачытаў Сяргей Ільін, бо сам аўтар знаходзіцца цяпер за мяжою і чакае рэакцыі чытачоў.
На імпрэзе абмяркоўвалі кнігу лістоў Зоські Верас “Я помню ўсё”, якую падрыхтаваў і выдаў Міхась Скобла. На жаль, унук Зоські Верас - Слава Войцік захварэў і не мог прысутнічаць. Вырашылі прэзентацыю кнігі, з удзелам унука, прадоўжыць на імрэзе наступнага месяца.
Пра жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта распавёў Хведар Нюнька.
Раман Скірмунт нарадзіўся 7 траўня 1868 года, быў дэпутатам 1-й Дзярждумы Расіі, старшынёй Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў 1917 годзе. У 1918 г. сябра Рады БНР, старшыня ўраду.
Супроць беларуска-полькага канфлікту у 1908-1909 годзе арганізуе і ўзначальвае арганізацыю, якая павінна была быць выкарыстана ў духу беларуска–польскага сужыцця. Аднак справа да канца не была даведзеная.
Прыход немцаў у 1915 г. Раман Скірмунт вітаў і спрычыніўся да адражэння беларускасці на акупаваных тэрыторыях.
Прысутнасць у Беларусі корпуса генерала Доўбара-Мусьніцкага, абаронцы буйной польскай зямельнай уласнасці, іх карныя экспедыцыі супраць сялянаў зрабілі палякаў ворагамі ў вачох беларусаў.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў на чале з Раманам Скірмунтам выйшлі з Рады БНР. Гэтым аслабілі Раду БНР, якой пагражаў заняпад. Толькі пасля Сакратарыяту Івана Серады, з прыходам да ўлады Антона Луцкевіча ў 1918 годзе, удалося аб’яднацца і захаваць Раду БНР. Бальшавікі згаджаліся прызнаць акт незалежнасці, калі ў Беларусі будзе ўведзены савецкі лад.
Лёс Рамана Скірмунта склаўся трагічна. Пасля прыходу ў Беларусь чырвонай арміі, вясковыя актывісты 20 кастрычніка 1939 года расстралялі Рамана Скірмунта ў яго ўласным маёнтку.
Напрыканцы імпрэзы быў паказаны новы фільм “Беларускі антысавецкі супраціў 1944 -1953 гадоў”.
Аглядальнік, Вільня 27 траўня 2013 г.