31 траўня "Іркуцкаму таварыству беларускай культуры ім. Яна Чэрскага" (ІТБК) споўніцца 17 гадоў.
Кароткая гістарычная даведка аб беларусах Прыбайкалля
Першыя выхадцы з Беларусі з'явіліся ва Усходняй Сібіры ў складзе першых экспедыцый казакоў і першапраходцаў.
У пачатку XVII ст. паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім (аснову гэтай дзяржавы складала Беларусь) вяліся пастаянныя войны.
Палонных маскоўскі ўрад адпраўляў у Сібір, але не ў якасці ссыльных катаржнікаў, а ў якасці першапраходцаў і ваяроў. Праўда, называлі выхадцаў з Беларусі тады не беларусамі (гэтая назва замацавалася толькі ў XIХ стагоддзі), а літвінамі паводле назвы дзяржавы.
Многія беларусы-літвіны дасягалі вялікіх поспехаў на царскай службе і атрымлівалі ўзнагароды і павышэнні. Так, напрыклад, Ян Куча ўзначаліў пасольства да ойратаў у 1620-1621 гг.; Ротмістр Станіслаў Барташ кіраваў пошукамі солі ў Іртышскіх краях, дзе адкрыў салёнае Ямышэўскае возера ў 1610-х гадах; Багдан Аршынскі ездзіў у 1625 годзе ў «Калмакі да Ішымавых дзяцей царэвіча Сібірскага» і да т. п.
Неўзабаве ў Сібіры з'яўляюцца цэлыя вёскі беларусаў з Вялікага княства Літоўскага ці, як яго коратка называлі, Літвы.
З дакументаў 1680 года вядомае паселішча Літвінцава паблізу Ілімскага астрога Усходняй Сібіры, якое праіснавала да саракавых гадоў ХХ стагоддзя.
Другая хваля, безумоўна, звязаная з удзелам беларусаў у паўстаннях 1830 і 1863 гадоў. Тады, асабліва пасля падаўлення паўстання 1863 года, беларусаў высылалі ў Сібір цэлымі вёскамі. Але паколькі ў асноўным гэта былі каталікі, то часцяком іх пачыналі стэрэатыпна называць палякамі. Так у Іркуцк трапіў Ян Чэрскі, ураджэнец Паўночна-Усходняй Беларусі (Віцебская губерня), Юзэф Каліноўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага - кіраўніка паўстання ў Заходняй Беларусі. Каліноўскія ў тым ліку выдавалі газету на беларускай мове, якую назвалі «Мужыцкая праўда». Гэта была першая беларуская газета. Юзэф Каліноўскі ў далейшым стаў манахам і атрымаў імя Рафал. Яго імем названы Рымска-каталіцкі храм, які знаходзіцца недалёка ад сквера Кірава.
Ян Чэрскі
Трэцяя хваля звязаная з рэформамі Сталыпіна. Пачынаючы з 1903 года, у Іркуцкі край пацягнулася цэлая чарада перасяленцаў. Яны пачалі засноўваць свае паселішчы, свой уклад і нават манеру будаваць дамы. Так былі ўтвораныя вёскі Анучынск Балаганскага раёна, Тургенеўка Баяндаеўскага раёна, Андрушына Куйтунскага раёна, в Мірыніск Заларынскага раёна. На сённяшні дзень нам вядома больш за 60 вёсак у Іркуцкай вобласці і Усць-Ардынскай аўтаномнай бурацкай акрузе.
Чацвёртая хваля - 30-я гады ХХ стагоддзя. І гэта не толькі палітычныя сасланыя. У 1936-37 гадах абвешчаная калектывізацыя прымусіла пераязджаць у Сібір многіх сялян, якія не жадалі ісці ў калгасы. У Сібіры ж ім паабяцалі, што яны будуць жыць аднаасобна. Праўда, слова, як водзіцца, не стрымалі і ўжо ў 1939 годзе калектывізацыя прайшла і ў Сібіры. Так была ўтворана вёска Тарнопаль Балаганскага раёна.
Пятая хваля звязаная з камсамольскімі будоўлямі. Брацкая ГЭС, Усць-Ілімская ГЭС былі пабудаваныя ў большай ступені беларускімі будаўнікамі, якія да гэтага часу засталіся жыць у Іркуцкай вобласці.
Ну і нарэшце апошняя масавая хваля перасяленцаў з Беларусі звязаная з Чарнобыльскай катастрофай і вывадам ракетных войскаў з Беларусі.
На сённяшні дзень паводле апошняга перапісу ў Іркуцкай вобласці пражывае каля 14 тысяч беларусаў. Але напраўду іх нашчадкаў, ды і саміх беларусаў, значна больш. Мы ў этнаграфічных экспедыцыях сустракалі беларускіх бабуль, якія і вонкава, і па гаворцы выдавалі з сябе беларусаў. Яны так і гаварылі “Мы беларусы, а народ наш рускі!” Паводле нашых самых сціплых падлікаў беларусаў у Прыбайкаллі не менш за 50 тысяч чалавек.
Кароткая інфармацыя аб ІТБК
Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства беларускай культуры ім. Яна Чэрскага" (ІТБК) была створаная 31 мая 1996 года на першым З'ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці.
Сёлета нам споўніцца 17 гадоў.
ІТБК - добраахвотная грамадска-асветніцкая арганізацыя, мэта якой - адраджэнне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа, узвышэнне яго самасвядомасці, распаўсюд і падтрымка нацыянальных звычаяў, рамёстваў, жыццёвага ўкладу і маральных асноваў.
За 17 гадоў нашай дзейнасці праведзеная вялікая праца: адбылося мноства сацыяльна значных мерапрыемстваў, уцягнута вялікая колькасць людзей. На сённяшні дзень ІТБК вядзе працу па 20 асноўных напрамках, створана 11 філіялаў ва Усходняй Сібіры, падтрымліваецца кантакт з 14 раёнамі Іркуцкай вобласці.
Пры Таварыстве паспяхова дзейнічаюць 10 фальклорных ансамбляў, Беларускі народны хор, 3 танцавальныя групы, сярод якіх прысутнічаюць і дзіцячыя калектывы. У двух нашых аддзяленнях створаныя дзіцячыя лялечныя тэатры «Батлейка».
Увесь час дзейнічае Маладзёжны клуб «Крывічы», які будуе сваю працу па секцыях, у тым ліку навучанне аўтэнтычнаму спеву і бытавому танцу. У ІТБК таксама працуюць 10 секцый прыкладнога мастацтва: саломапляценне, бісерапляценне, поясапляценне, ткацтва на кроснах, на бёрдах, выраб народных касцюмаў, старадаўніх фібул і абрадавых лялек, выцінанка і валянне з воўны.
Актывісты ІТБК пастаянна бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, арганізаваных адміністрацыямі як горада Іркуцка, так і Іркуцкай вобласці, якія тычацца нацыянальнай палітыкі. Прычым гэта мерапрыемствы не толькі творчага плану (фестывалі, канцэрты, вечары), але і навукова-метадычных напрамкаў (канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусійныя клубы).
Дзякуючы падтрымцы адміністрацыі горада Іркуцка мы маем у цэнтры горада офіс, у якім размяшчаецца бібліятэка беларускай літаратуры.
Сярод сябраў Таварыства ёсць шмат вядомых у Іркуцку навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, палітыкаў.
31 траўня 2013 года ў гонар нашага 17-годдзя запрашаем усіх сяброў ІТБК на сяброўскую сустрэчу, у Рэсурсны цэнтр «Горад» па адрасе: вул. Літвінава, 16, каб. 301.
У праграме, у тым ліку, прагляд некаторых фільмаў і сюжэтаў аб нашым Таварыстве.
Нашы каардынаты:
адрас:
тэлефон (3952) 40-21-93;
е-mail: itbk96@mail.ru
сайт: pribaikal.ru / belorus.html
Укантакце - група "Беларусы Прыбайкальля"
Алег Рудакоў
тэл. +79021706830