«Беларусь для мяне — краіна-казка». Рэпартаж з Сібіры

Карэспандэнт «Салідарнасці» наведаў Іркуцкую вобласць, дзе набірае моц беларускае адраджэнне.

Калі ехаць да Іркуцка з Мінска на цягніку, дарога зойме чацвёра сутак. Розніца ў часе паміж гарадамі – 6 гадзін. Але гэта не перашкаджае мне чуць і бачыць тут, ва Ўсходняй Сібіры, нашую мову і культуру.

«Открыла журнал и была шокирована – все фамилии на «ич»! Я говорю: кто они такие?!»

Аляксандр Лаўшук, кіраўнік Андрушынскага муніцыпалітэта, вязе мяне на аўтамабілі па вузкай грунтовай дарозе. Пад яго кіраўніцтвам чатыры вёскі, у тым ліку Андрушына і Ключы, якія лічацца беларускімі. Да тайгі 50 км. Вакол вада – у Андрушына прыйшоў павадак. Клімат ва Ўсходняй Сібіры рэзка кантынентальны. Пасля доўгай і суворай зімы, калі тэмпература дасягала мінус 45-50 градусаў, вада вясной запаўняе ваколіцы.

– У нас тоже болото. Может потому прадеды выбрали это место для жизни? – адзначае Аляксандр Лаўшук.

Беларуская вёска Андрушына

Яго продкі былі сярод заснавальнікаў вёскі. Яны прыехалі з Беларусі ў 1905-м. Згодна «Беларускай савецкай энцыклапедыі» з 1896 па 1912 год з Беларусі ў Сібір з-за недахопу зямлі і прыгнечання мігравала каля 700 тысяч чалавек. Яны заснавалі тут шматлікія беларускія вёскі.

Беларускія перасяленцы з Баранавіч. Фота з кнігі «Очерки истории белорусов в Сибири»

У Андрушына, дзе сёння жыве каля 800 чалавек, знаходзіцца адно з 11 афіцыйных аддзяленняў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК). У мясцовым клубе моладзь і дарослыя спяваюць беларускія песні, шыюць беларускія народныя строі, ладзяць вечарыны.

На чыстай беларускай мове не гаворыць, праўда, ніхто. Але калі настаўнікі ў мясцовай школе расказваюць пра гісторыю вёскі, з лёгкасцю ўзгадваюць беларускія словы, якія чулі ад сваіх бацькоў і дзядуль.

– Хустка, пазуры, лупіны, хата, крыніца, – дапаўняюць яны адзін аднаго.

Беларускія карані вёскі найбольш відавочны выкладчыку рускай мовы Лідзіі Ільінічне.

– Я в 1973 году сюда приехала. Пришла в школу, открыла журнал и была шокирована – все фамилии на «ич»! Я говорю: кто они такие?! И так в каждом журнале!

Лідзія Ільінічна выйшла замуж за мясцовага беларуса Грыцэвіча.

Як Гродня з Віцебскам біліся

Гісторык Святлана Ліхушка, чыйго дзеда маленькім прывезлі ў Андрушына з Беларусі ў 1896-м, пералічвае прозвішчы першых пасяленцаў: Макарэвіч, Вахновіч, Грышкевіч, Сарока, Грыцэвіч, Валько і г.д.

Многія з іх нашчадаў дагэтуль жывуць у хатах, што былі збудаваныя сто гадоў таму. Як напрыклад 85-гадовы Фёдар Аляксеевіч Хілюдка.

– Гродзенска губерня, Пружанскі ўезд, сяло Есавічы, – без запінкі дакладае ён пра месца нараджэння бацькоў. Размаўляе Фёдар Аляксеевіч, як сказалі б у Беларусі, на трасянцы. Хоць на радзіме бацькоў ніколі не быў. Але ў 1975-м падчас адпачынку ў Ялце пашэнціла яму сустрэць землякоў таты.

Фёдар Аляксеевіч Хілюдка з жонкай ля стогадовай хаты

– Разгаварылісь з імі. Фамілія мая знакома? Знакома. Сказалі: вашых старыкоў, отца ўсадзьба ў Беларусі сахранілась, – узгадвае Фёдар Хілюдка.

У гэта цяжка паверыць, але сібірская вёска Андрушына амаль стагоддзе дзялілася на «Гродню» і «Віцебск» («віцебцаў»). Справа ў тым, што яе засялілі жыхары дзвюх губерніяў – як нецяжка здагадацца, Віцебскай і Гродзенскай. Падзел не быў выключна сімвалічным. Мясцовыя беларусы супернічалі і ладзілі бойкі.

– Морды білі, – падцвярджае 82-гадовы Аляксей Міхайлавіч Ляўчук. – Без нажэй, але часам з палкамі былі.

Беларусы Іркуцкай вобласці на Купаллі ў 2012 годзе

Сам ён з «Гродні». Паказвае рукой: вось там, за клубам, Віцебск пачынаўся. Падзел вёскі захоўваўся нават у 80-я.

– Сколько помню, у нас на Ивана Купалу два костра было. Мы делали с 6-го на 7-е, а они с 7-го на 8-е. Соперничали, чей костер будет выше и больше, – узгадвае дырэктар мясцовага клуба і старшыня аддзялення таварыства беларускай культуры Ніна Велісевіч.

У клуб ходзяць каля 25 чалавек. Асноўны іх занятак – аднаўленне беларускай культуры. Існуе фальклёрны ансамбль, вучаць беларускія вершы і танцы, аднавілі традцыю правядзення Купалля.

– У нас это уже смысл жизни. С гордостью отмечаем в районе, что мы – белорусы, – распавядае Ніна Велісевіч. – Мечта всех наших детей – побывать в Беларуси. Я хотела бы побывать в Гродненской области, узнать историю своего рода.

Нашу размову прыпыняе званок яе дачкі-студэнткі з Іркуцка: просіць прывезці на выходных бульбы.

Нашыя ў горадзе

Іду па галоўным будынку Іркуцкага рэгіёна – адміністрацыі вобласці. Па тэрыторыі рэгіён большы за Беларусь амаль ў 4 (!) разы. Але жыве ў ім толькі каля 2,5 мільёнаў чалавек.

Вакол праходзяць чыноўнікі ў гарнітурах і гальштуках, але наперадзе высокі мужчына ў белай саколцы з чырвоным надпісам на спіне – «Беларусы Прыбайкалля». Яго імя мясцовыя чыноўнікі пішуць на беларускі манер – праз «а». Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У яго нават шкарпэткі з Беларусі. З Алегам Рудаковым вітаецца кожны другі.

Беларускае адраджэнне пачалося ў вобласці пасля таго, як ён заснаваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Вайсковец, што нарадзіўся на Полаччыне, стварыў арганізацыю ў 1996 годзе.

Гэта Алег Рудакоў з сябрамі зараджаў беларушчынай Андрушына і іншыя населеныя пункты. Схема была адпрацаваная наступная.

Сябры таварыства даведваліся дакладна, ці ёсць у мясцовасці нашчадкі перасяленцаў-беларусаў. Калі інфармацыя падцвярджалася, то спачатку ехалі ўдвох-утрох у этнаграфічную экспедыцыю, размаўлялі з бабулямі і дзядулямі, збіралі матэрыял па заснаванню вёскі, адкуль перасяляліся, што захавалі. Потым заходзілі ў бібліятэку, клуб, школу і распавядалі мясцовым пра іх жа вёскі, іх продкаў, і тут жа прапаноўвалі даставіць творчы дэсант з Іркуцка на бліжэйшае вясковае свята. Падчас вечарыны вучылі мясцовых беларускім танцам і песням. Тыя ў захапленні стваралі суполку ІТБК.

Чутно пра таварыства ў Сібіры ўсё гучней і гучней. Тэлебачанне рэгулярна робіць рэпартажы з беларускіх святаў, гарадская адміністрацыя два гады запар прызнавала ІТБК лепшым нацыянальна-культурным цэнтрам Іркуцка.

Вядомасць таварыства аднойчы прывяла да кур’ёзу. Калі грамадзяніна Беларусі па нейкай прычыне не прапусцілі ў суседнюю Манголію памежнікі, ён у пошуках беларускіх дыпламатаў звярнуўся ў даведку іркуцкага вакзала. Не доўга думаючы, яго накіравалі ў ІТБК. Прыйшоўшы ў офіс таварыства, беларус, здаецца, вырашыў, што на Радзіме паспела змяніцца ўлада – ІТБК выкарыстоўвае ў сваёй сімволіцы бел-чырвона-белы сцяг…

Каля гардэробу абласной адміністрацыі да Алега Рудакова падыходзіць невысокая жанчына. Просіць дапамагчы знайсці гісторыю яе беларускага роду. Галіна Аляксандраўна Манух (у дзявоцтве Сінькевіч) аказваецца важным чыноўнікам – кіраўніком гарадскога пасёлка Куйтун.

Яе тата разам з бацькамі прыехаў у Сібір з Віцебскай вобласці ў 1936 годзе. Выйшла замуж Галіна Сінькевіч таксама за беларуса. Яго дзед трапіў у Сібір ў пачатку XX стагоддзя падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы. Іронія лёсу беларускіх перасяленцаў: ехалі за зямлёй, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі раскулачаныя.

Паўстанне «Крывічоў»

Алег Рудакоў займаецца бізнесам і нясе на сабе асноўны фінансавы цяжар утрымання таварыства. Мясцовай дыяспары беларускія ўлады не дапамагаюць. У цэнтры Іркуцка ІТБК арэндуе прыватны дом, дзе размяшчаецца музей-майстэрня «Беларуская хата».

Алег Рудакоў ля «Беларускай хаты» ў Іркуцку

Унутры будынка – вялікая мапа Беларусі. Вакол шматлікія паліцы з кнігамі – ад зборнікаў беларускіх песень да біяграфіі Машэрава. На сталах – вырабы з саломкі і ільну.

Частку з іх сваімі рукамі зрабіла Воля Галанава, якая ўзначальвае моладзевае аб’яднанне «Крывічы».

Воля трапіла ў таварыства ў 2003 годзе, калі прыехала вучыцца ў Іркуцк з вобласці. Падчас пошуку падпрацоўкі выпадкова натыкнулася на офіс ІТБК. Размова з Алегам Рудаковым не прайшла дарма. Этнічная беларуска (яе продкі як кулакі трапілі сюды ў 1936-м) дасканала вывучыла мову, заснавала гурт аўтэнтычнай песні «Крывічы». Зараз у яе аб’яднанні налічваецца 24 сябры, якія займаюца рамёствамі, ладзяць літаратурна-гістарычныя вечарыны і абрадавыя святы.

Кіраўнік моладзевага аб’яднання «Крывічы» Воля Галанава

– Ачмурэць! – кажа Воля, калі даведваецца, што ад «Крывічаў» на З’езд беларусаў свету запрошаныя аж чатыры чалавекі. Ёсць у яе лексіконе і яшчэ адно слова, якое рэдка сустрэнеш у Беларусі: шасніца. Гэта значыць субота, шосты дзень у тыдні.

– Я беларуска і жадаю, каб вакол мяне было беларускае асяроддзе. Жадаю, каб мой народ жыў. Калі загіне беларуская культура – загіне і народ, – расказвае пра матывы сваёй актыўнай дзейнасці Воля, якая па асноўнай працы працуе педагогам-псіхолагам. – Разумею: тое, што я раблю, – мала. Гэта амаль што нічога. Але веру, што гэта нешта дасць, што нехта пажадае далучыцца, нешта зрабіць для беларускага руху ў Прыбайкаллі. У кожным горадзе і вёсцы нашай вобласці цяжка не знайсці беларусаў. Іх шмат, іншая справа, што не ўсе яны жадаюць актыўна сябе паводзіць у накірунку адраджэння беларускасці.

Воля Галанава з захапленнем узгадвае свой першы візіт у Беларусь.

– Першыя мае ўспаміны: цягнік ехаў у Мінскай вобласці і я ўбачыла два дрэвы з вялікімі яблыкамі! Да гэтага я ніколі не бачыла яблыкаў на дрэве! У нас занадта жорсткі клімат для іх – зімой да 50 градусаў марозу. Я і зараз бачу гэтую карціну перад вачыма. У той момант яшчэ больш упэўнілася, што Беларусь – гэта краіна-казка, – дзеліцца эмоцыямі Воля. – Здзівіла тады, як шмат птушак у Беларусі. Лётаюць, ходзяць у полі. І не баяцца людзей! Упершыню пабачыла бусла.

Лёсы сібірскіх беларусаў

З’езд Іркукага таварыства беларускай культуры праходзіць у новым будынку абласной навуковай бібліятэкі. Алег Рудакоў і Воля Галанава з гуртом «Крывічы» вылучаюцца сярод астатніх – яны ў народных строях. Галоўнай падзеяй з’езду становяцца выбары новага старшыні: Алега Рудакова змяніла Алена Сіпакова.

Знаёмлюся з сябрамі таварыства. Лёсы іх не падобныя адзін да аднаго. Вось у сярэдніх шэрагах сталы мужчына. Гэта фотамастак Генадзь Курловіч і, між іншым, дзядзька экс-міністра МУС Беларусі Уладзіміра Навумава. Ён трапіў у Іркуцкую вобласць з родных Стаўбцоў транзітам праз Ленінградскі інстытут кінаінжынераў. Планаваў з жонкай з’ехаць праз некалькі гадоў працы, але жыццё і прыгажосць Байкала (ён добра адлюстраваны ў іх працах) прымусілі сям’ю застацца.

Адзін з самых актыўных на з’ездзе – Аляксей Максімавіч Церахаў, высокі зграбны мужчына ў гарнітуры са значком «Пагоня». Яго абіраюць намеснікам старшыні ІТБК. Праз некалькі гадзін размаўляем у яго вялікай трохпакаёвай кватэры ў наменклатурным доме з выглядам на помнік Леніну. Некалькі гадоў таму Аляксей Максімавіч выйшаў на пенсію з пасады начальніка міграцыйнай службы Іркуцкай вобласці. Яго і бабуля, і дзед прыехалі ў Сібір падчас Сталыпінскай рэформы.

– Хорошо помню, что мама и бабушка говорили по-белорусски. Бабушка научила меня чистой мове– еще без реформы 30-х, – распавядае ён. – Но в 5-м классе я пошел в школу в соседнюю деревню, там меня критиковали капитально. Ассимилировали, в общем. Вновь я стал белорусом благодаря Олегу Васильевичу Рудакову.

Аляксей Церахаў настолькі захапіўся вывучэннем сваіх каранёў, што тры гады таму ўпершыню з’ездзіў на радзіму бабулі ў Маладзечанскі раён, дзе сустрэўся са сваёй цёткай. Паставіў памятны крыж ў вёсцы, якая ўжо вымерла.

Беларусы Прыбайкалля на свяце горада Іркуцка

Зусім іншая гісторыя ў Валера Казака, які жыве на іншы бок ракі Ангара, якая падзяляе Іркуцк на дзве часткі. На вячэру да сваёй сям’і Валер выходзіць у майцы з надпісам «Будзьма беларусамі» і гадзіннікам з «Пагоняй».

Ён родам з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. З 1990 года служыў у Іркуцку, пакуль два гады таму не атрымаў новую кватэру і не сышоў на пенсію.

— Приятно встретить земляка! – радуецца Валер.

Пакуль яго жонка гатуе нам бульбу, галава сям’і ставіць на стол чаркі з надпісам «бульбаш». Прызнаецца, што нават пражыўшы тут палову жыцця і ажаніўшыся з мясцовай, па-ранейшаму адчувае сябе беларусам.

Да нараджэння дачкі, якой зараз чатыры гады, Валер рэгулярна адпачываў на малой радзіме. Аднойчы прыйшлося перавозіць у Баранавічы і цела патанулага сябра-вайскоўца. Зараз навіны з Беларусі атрымоўвае, у тым ліку, праз інтэрнет. Заходзіць на сайт budzma.org. З апошняга ўражаны гумарыстычным расповедам Лявона Вольскага пра вайну з крыжакамі.

Беларуская Атлантыда

Па дадзеных апошняга расійскага перапісу ў Іркуцкай вобласці жыве каля 14 тысяч беларусаў. Алег Рудакоў гэтую лічбу ўсур’ёз не ўспрымае. Прыводзіць прыклад вёскі Тургенеўка Баяндаеўскага раёна, дзе ледзь не самае моцнае і масавае аддзяленне таварыства і дзе школьнікі вучаць беларускую мову. Дык вось згодна афіцыйным лічбам ва ўсім Баяндаеўскім раёне беларусамі запісалася толькі 9 чалавек.

– Перапісчыкі як працуюць? Прыходзяць у сельсавет, бяруць іхныя дадзеныя і запісваюць усіх рускімі, – упэўнены Алег Рудакоў.

Гурт «Крывічы» падчас выступу на свяце «Гуканне вясны» ў 2013 годзе

На яго думку, рэальная лічба беларусаў у разы большая. Праблема ў тым, што многія ў 3-4 пакаленні ўжо не ўсведамляюць сябе імі. Логіка ў іх прыкладна такая: «так, сваякі мае беларусы, прозвішча ў мяне Лашкевіч, але ж мая маці ўжо тут нарадзілася, таму я руская».

Пакінуўшы пасаду старшыні таварыства, Алег Рудакоў збіраецца засяродзіцца на навуковай працы.

– На поўначы вобласці нічога не вывучана, – тлумачыць ён. – Мне расказвалі, што ў Брацкім раёне (800 км ад Іркуцка) ёсць вёскі ўтвораныя беларусамі. Так што перада мною непачаты край працы. Колькі працэнтаў беларусаў я знайшоў на сёння у Іркуцкай вобласці? Думаю, не больш за 5%.

У кабінеце Алега Рудакова ў «Беларускай хаце» ляжыць вітальнае слова кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» удзельнікам апошняга з’езда ІТБК. Галоўны сэнс паслання: вы даеце прыклад беларусам, што жывуць у Беларусі.

Рэдакцыя «Салідарнасці» дзякуе за дамамогу ў арганізацыі паездкі ЗБС «Бацькаўшчына» і кампаніі «Будзьма!».

Руслан Гарбачоў для "Салідарнасці"

Фота аўтара і з архіва ІТБК


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение