Вячка Целеш: “Мы заўсёды былі за незалежную Латвію”

Звычайна, калі размова тычыцца беларускіх меншасцяў у суседніх з Беларуссю краінах ЕС, згадваюцца беларусы Польшчы ці Літвы. Аднак паводле афіцыйных дадзеных найбольшая колькасць этнічных беларусаў пражывае ў Латвіі, якая з розных прычынаў застаецца менш заўважнай. Пра сітуацыю беларусаў у Латвіі распавядае Вячка Целеш, старшыня “Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар”.

The_Point Journal/Belarusian Review: Колькі цяпер беларусаў жывуць у Латвіі і якія асноўныя адметнасці гэтай нацыянальнай супольнасці?

Вячка Целеш: У канцы савецкага панавання ў Латвіі пражывала каля 120 тыс. этнічных беларусаў. Ад тых часоў з розных прычынаў колькасць беларускага насельніцтва ў Латвіі зменшылася. Цяперашнія лічбы кажуць пра прыкладна 70 тыс. латвійскіх беларусаў. Найбольш беларусаў пражывае ў сталічнай Рызе, а таксама ў Латгаліі – Даўгаўпілсе (Дзвінску) і ягоных ваколіцах. Нагадаю, што калісьці Латгалія была часткай Віцебскай губерні, цяпер гэта тэрыторыя ёсць часткай Латвійскай нацыянальнай дзяржавы. Беларусы  тут не прызнаюцца за аўтахтонаў, як і рускія ці палякі, якіх тут шмат і якія калісьці з беларусаў ператварыліся ў рускіх, палякаў або латышоў. У Латвіі дзейнічае шэраг беларускіх арганізацыяў. Першай беларускай арганізацыяй у Латвіі было Латвійскае таварыства беларускай  культуры “Світанак”, якое ўвосень 2013 г. адзначыць свой 25-гадовы юбілей. Я быў адным з тых людзей, што стаялі ля пачаткаў гэтай арганізацыі. З цягам часу беларусы ў Латвіі пачалі раз’ядноўвацца. Нашаму “Світанку” не было магчымасці ездзіць у Даўгаўпілс ці Лудзу (Люцын), каб дапамагаць тамтэйшым беларусам. Гэтым, на жаль скарысталіся пэўныя асобы, яны прасавецкія, якія не падтрымлівалі з першага дня незалежнасць Латвіі. Яны падтрымліваюць беларускую культуру і мову, аднак не хочуць мець аніякіх кантактаў з намі, бо бачаць, што мы падтрымліваем палітыку Латвійскай еўрапейскай дзяржавы, а не глядзім на Ўсход. Таму беларусы ў Латвіі таксама, як шмат дзе, ёсць раз’яднанымі.

T_P/BR: Якія магчымасці стварае Латвійская дзяржава для развіцця нацыянальных меншасцяў і іх культураў?

ВЦ: Латвійская дзяржава з першага дня аднаўлення сваёй незалежнасці ў 1991 г. дала магчымасць усім нацыянальным супольнасцям адраджаць сваю культуру і мець правы нацыянальнай культурнай аўтаноміі. Ад таго часу наша дзейнасць накіраваная на захаванне беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці ў Латвіі. Дзяржава нам дапамагае, але ўсё залежыць ад нас саміх. Пры гэтым, я не адчуваю якога-кольвек уціску правоў нацыянальных меншасцяў, у тым ліку ў моўнай сферы. Калі чалавек паважае народ, гісторыю і культуру зямлі, куды ён прыехаў, а таксама ведае латышскую мову, то, жывучы ў латвійскім грамадстве, ён не будзе мець аніякага дыскамфорту.

Я яшчэ ад часоў Гунтыса Улманіса з’яўляюся сябрам “Кансультацыйнай рады па справах нацыянальных меншасцяў” пры Прэзідэнце Латвіі ад Латвійскага Беларускага культурнага таварыства “Світанак”. У гэтай радзе мы вырашаем пытанні, якія тычацца нацыянальных меншасцяў, у тым ліку і беларусаў Латвіі. Напрыклад, кожная нацыянальная меншасць мае паўгадзінную праграму на дзяржаўным радыё на сваёй роднай мове. У звязку з фінансавым крызісам, існавала небяспека закрыцця праграмаў на шэрагу моваў, у тым ліку і на беларускай. Аднак нам атрымалася яе адстаяць. Такім жа чынам нам атрымалася адстаяць і беларускую школу, над якой вісела пагроза закрыцця праз малую колькасць вучняў.

T_P/BR: Звычайна кажуць, што Латвійскае грамадства падзяляецца на латышоў і так званых “русскоязычных”, куды таксама аўтаматычна залічваюць і беларусаў. Як беларусам Латвіі атрымліваецца захаваць сваю тоеснасць і пры гэтым заставацца беларусамі, а не часткай “русскоязычной” супольнасці?

ВЦ: Як я ўжо казаў, чалавек, які ведае латышскую мову, не адчувае аніякага дыскамфорту ў Латвіі. З боку ўраду краіны назіраецца паслядоўная палітыка, накіраваная на тое, каб нацыянальныя меншасці, якія воляй лёсу апынуліся ў Латвіі, ведалі дзяржаўную мову і нароўні з латышамі працавалі на карысць латвійскай дзяржавы. Тыя ж, хто пагардліва ставіцца да дзяржаўнай мовы, складаюць шматнацыянальную масу, што неафіцыйна аматрымала “нацыянальнасць” “русскоязычные” (лат.: krievvalodīgie). Сярод гэтых людзей шмат тых, хто не мае грамадзянства Латвіі, бо атрыманне грамадзянства залежыць ад ведання латышскай мовы, Канстытуцыі і дзяржаўнага гімну. На жаль, пытанне сітуацыі “русскоязычных” выкарыстоўваецца пэўнымі дзеячамі дзеля дасягнення сваіх асабістых палітычных мэтаў. Тут можна хаця б прыгадаць спробу надання рускай мове статусу другой дзяржаўнай мовы ў Латвіі шляхам скандальнага рэферэндуму.

Беларусам не трэба баяцца асіміляцыі і тут усё залежыць ад кожнай сям’і. Навучанне на латышскай мове ў школе і ўніверсітэце адкрывае перад чалавекам дадатковыя магчымасці, каб рэалізаваць сябе ў латвійскім грамадстве. Важна, каб бацькі вучылі сваіх дзяцей беларускай мовы і ў сям’і захоўвалі нацыянальныя традыцыі і культуру. Тады іх дзеці застануцца беларусамі.

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 25, No. 2.

© 2013 The_Point Journal/Belarusian Review