Прэзентацыя кнігі Джоан Станкевіч прайшла ў Чэхіі

11-га траўня ў памяшканні клюбоўні ГА "Пагоня" ў Празе адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў Джоан Станкевіч пад назвай "Living with the scent of danger: european adventures at the fall of communism" ("Жыццё з водарам небяспекі: мае еўрапэйскія прыгоды падчас падзення камунізму").

Спадарыня Станкевіч расказала перадгісторыю напісання кнігі, зачытала найцікавейшыя ўрыўкі і падзялілася ўражаннямі аб успрыняцці кнігі людзьмі з розных краінаў. Джоан разам са сваім мужам Вячкам запланавалі цэлае падарожжа па Еўропе "ў хатцы на колах" з мэтай пазнаёміць некалькі краінаў з новай кнігай, у тым ліку Італію, бо свае жыццёвыя прыгоды ў гэтай краіне Джоан таксама апісала ў кнізе.

Прэзентацыя праходзіла пераважна на ангельскай мове, але некаторыя моманты спадар Вячка Станкевіч растлумачыў па-беларуску.

Пасля прамовы Джоан слухачы мелі магчымасць задаць ёй пытанні. Калі нехта пацікавіўся, што пра Беларусь думаюць амерыканцы, Джоан прызналася, што большасць пра яе амаль нічога не ведае. І ў гэтым сэнсе адна з галоўных мэтаў прэзентаванай кнігі - пашырэнне ведаў пра Беларусь у Амерыцы і на Захадзе. Паводле словаў Джоан, кніга ўжо выклікала немалую зацікаўленасць Беларуссю сярод амерыканскіх чытачоў, некаторыя з іх нават пачалі адсочваць беларускія навіны. На пытанне пра тое, ці не плануеца пераклад кнігі на беларускую (ці прынамсі расейскую) мову, Вячка адказаў, што гэта добрая ідэя, і магчыма ў недалёкай будучыні яны з жонкай зноў завітаюць у нашую клюбоўню з беларускай версіяй кнігі.

Паводле pahonia.cz

Нагадаем, што 16 траўня а 18.00 адбудзецца сустрэча з Джоан і Вяскам Станкевічамі ў Польшчы, у дыскусійным клубе АБ-БА (вул. Чэнстахоўская 6а, Беласток).

Паводле ab-ba.com.pl