Беларусы пікетавалі ў Нью-Ёрку

12 траўня 2013 года ў Нью-Ёрку каля 25 беларусаў пікетавалі будынак Прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, пратэстуючы супраць планаванага прыезда міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, а таксама патрабуючы ад уладаў неадкладнага вызвалення палітычных вязняў.

Уладзімір Макей, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, меўся наведаць Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню ААН па пытанни супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Таксама мелася адбыцца афіцыйная сустрэча з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. Аднак у апошні момант сталася вядома пра адмену паездкі міністра, які замест Нью-Ёрка накіраваўся ў складзе працоўнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Арменію. Беларусь у Нью-Ёрку прадстаўляе намеснік міністра Рыбакоў, праграма якога ў параўнанні з планаванай праграмай міністра скарочная да мінімуму – большасць сустрэчаў адмененая.

Тым не менш, ньюёркскія беларусы вырашылі выказаць сваю нязгоду супрацоўніцтвам ААН з рэжымам, які ажыццяўляе сапраўдны гандаль людзьмі – выбівае крэдыты і прэферэнцыі ў абмен на вызваленне палітычных вязняў. Пікетоўцы скандавалі “Не гандлю з дыктатарам! Не супрацоўніцтву з дыктатарам!”

У пікеце, які быў арганізаваны арганізацыяй “Беларусы ў выгнанні”, узялі ўдзел дырэктар гэтай арганізацыі Дзмітры Шчыгельскі, старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) Ганна Сурмач, намеснік старшыні Беларуска-Амерыканскага Альянса “Пагоня” Яўген Барысевіч ды іншыя асобы.

Дзмітры Шчыгельскі, фота аўтара