Размова з Тамашам Ціханюком, дырэктарам Музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы.
— У маі плануеце распачаць адзначаць 30-годдзе будовы і дзейнасці Беларускага музея ў Гайнаўцы. У час першага юбілейнага мерапрыемства мае адбыцца прэзентацыя новай кніжкі аб музеі.
— У кніжцы знаходзіцца характарыстыка будовы і дзейнасці Беларускага музея як установы і дзейнасці музейнай арганізацыі. У новым выданні паказаны этапы будовы музея і асобы, якія найбольш ангажаваліся ў справу, а пасля ў дзейнасць музея. Ініцыятарам будовы Беларускага музея і асобай, якая кіравала пабудовай быў Канстанцін Майсеня і мы апісваем яго дзейнасць. Змясцілі мы ў кніжцы таксама артыкулы розных аўтараў аб нашым музеі. Сярод людзей музея, якіх мы апісваем у кніжцы, ёсць таксама Васіль Сакоўскі, Аляксей Харкевіч, Ян Хіліманюк і папярэдні дырэктар музея Ян Карпюк. Юліян Казбярук вёў музейную хроніку, якая стала галоўнай крыніцай інфармацыі аб будове музея пры падрыхтоўцы кніжкі. Выданне ілюстраванае шматлікімі здымкамі, як з перыяду будовы, так і пазнейшай дзейнасці музея.
— Ці з перспектывы 30 гадоў можна сказаць, што рэалізуецца першапачатковая ідэя дзейнасці Беларускага музея?
— Рэалізуецца першапачатковая ідэя дзейнасці музея, задуманая Канстанцінам Майсенем. У музеі меў паўстаць беларускі асяродак, які — апрача музейнай дзейнасці — меў займацца папулярызацыяй беларускай культуры. Наш музей апрача выставачнай дзейнасці многа займаецца анімацыяй беларускай культуры, у шырокім яе значэнні. Турыстам, якія прыязджаюць звонку, мы з’яўляемся доказам, што тут ад вякоў жывуць беларусы. Апрача зацікаўлення прыродай Белавежскай пушчы і яе наваколля турысты знаёмяцца з нашай культурай і гісторыяй. Для мясцовага насельніцтва прапануем перш за ўсё шматлікія беларускія мерапрыемствы.
— Вы прадбачваеце святкаваць юбілей музея таксама ў час чарговых мерапрыемстваў.
— Усе мерапрыемствы, якія будзе арганізаваць наш музей у 2013 годзе, будуць праходзіць паз знакам юбілею.
— Ці на падставе дакументаў і захаваных у музеі інфармацый можна вызначыць, якой вялікай была дапамога музею з боку БССР, а пасля Рэспублікі Беларусь, беларусаў з Захаду, якім вялікім быў уклад польскай дзяржавы, мясцовых улад і фондаў, бо ангажаванасць мясцовага насельніцтва бясспрэчна была вялікай?
— Адказ на такое пытанне можа быць толькі спрошчаны і не будзе тычыцца ўсіх ахвяравальнікаў. У агульным дапамогу для будаванага Беларускага музея можна падзяліць на тры падобныя часткі, адну — з Беларусі, перш за ўсё ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў, другую — ад польскай дзяржавы і трэцюю — ад усіх беларусаў свету, у гэтым ліку і ад беларусаў Беласточчыны, якія многа дапамагалі сваёй працай. Аднак нельга было б распачаць будовы музея, калі б мясцовыя гайнаўскія ўлады не перадалі пад яго будову вялікага ўчастка з будынкамі ў цэнтры Гайнаўкі. Многа грошай у пазнейшым этапе атрымаў музей таксама ад Польска-Швейцарскай камісіі залатовых сродкаў, якія былі выкарыстаны на аддзелачныя працы і абсталяванне выставачных зал, без якіх вельмі складана было б распачаць экспазіцыйную дзейнасць.
— Прадбачвалася яшчэ паставіць побач музея скансэн з вясковымі будынкамі. Канстанцін Майсеня хацеў абсталяваць праваслаўную часоўню. Ці гэта яшчэ актуальныя планы?
— Надалей актуальныя планы пабудовы скансэна на прымузейнай плошчы. У ім магла б быць арганізавана часоўня. Але гэта планы далейшай будучыні, бо зараз няма грошай на інвестыцыі, а прыдбаныя сродкі выкарыстоўваем на бягучую музейную і культурную дзейнасць.
— Зараз у музеі працуюць пастаянныя і часовыя выстаўкі. Што ў планах на 2013 год?
— Плануем нашыя пастаянныя мерапрыемствы: Беларускі этнаграфічны фэст «Культура на сходах музея» і шэсць беларускіх фэстаў з цыкла «І там жывуць людзі». Будзем арганізаваць многа імпрэз у рамках праекта «Прыгранічны этнічны альянс», ладзіць выстаўкі ў рамках праекта «Беларускі алфавіт мастацтва». Будуць таксама сустрэчы, ладжаныя нашай бібліятэкай у рамках праекта «Кірыліцай пісанае». Новая прапанова — адкрытыя дні нашай бібліятэкі.
— Доўга вы не маглі здаць у арэнду памяшканняў, у якіх раней працаваў магазін суполкі «Унібуд».
— Ужо больш за месяц у частцы гэтых памяшканняў дзейнічае паб „300 цэглаў», бо для яго абсталявання выкарыстаны гістарычныя цэглы, прывезеныя з розных месц. Яго ўладальнік прадбачвае арганізаваць у ім канцэрты, у тым ліку і беларускай музыкі, дэманстраваць фільмы і выходзіць з іншымі прапановамі, каб стварыць непаўторную атмасферу і прыцягнуць людзей. З беларускай музыкай выступаў там гурт «Veritas». Мы прадбачваем ладзіць у пабе нашыя мерапрыемствы з цыкла «Музыка без засцярог». У іншым здадзеным у арэнду нашым памяшканні вядзецца арганізаваная дзённая апека над дзеткамі і ладзяцца сустрэчы з бацькамі. Зараз і нам патрэбныя новыя памяшканні для тэхнічнай працы.
— Як Вы трапілі ў Беларускі музей і ці зараз адчуваеце, што робіце тое, чым раней хацелі займацца ў жыцці?
— Я — выпускнік Гайнаўскага белліцэя. Калі я быў яшчэ студэнтам на спецыяльнасці анімацыя культуры ў Варшаўскім універсітэце, то пачаў з сябрамі ладзіць этнаграфічныя выстаўкі, паказваць фільмы, арганізаваць канцэрты, між іншым, беларускай музыкі. Я таксама выступаў у беларускіх гуртах. Калі я закончыў вышэйшую адукацыю і пачаў шукаць працу, то мне работа ў музеі, як аніматару беларускай культуры, вельмі падыходзіла. На пасадзе дырэктара прадаўжаю арганізаваць беларускія мерапрыемствы і ёсць магчымасць надалей ладзіць музейныя выстаўкі, якія паказваюць жыццё беларусаў у мінулым. З вялікім задавальненнем займаюся беларускімі справамі, а музей стаў мне і жонцы беларускім домам. Ёсць у нас надзея, што наш Беларускі музей будзе цэлы час разгортваць музейную і культурную дзейнасць.
— Дзякую за размову.
Гутарыў Аляксей МАРОЗ
Тыднёвік “Ніва”