У Сібіры змянілася беларуская ўлада

Заснавальніка і шматгадовага кіраўніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова на пасадзе старшыні змяніла Алена Сіпакова. Былы і новы кіраўнікі тлумачаць, чаму так адбылося і што будзе далей з адным з найбольш буйных цэнтраў беларускай дыяспары.

Беларусы масава засялілі Іркуцкую вобласць у пачатку XX стагоддзя падчас Сталыпінскай рэформы, калі з Беларусі ў Сібір пераехала некалькі сотняў тысяч чалавек. Затым былі пераселенні беларусаў у 30-х і пасляваенным перыядзе.

Сёння беларусаў Прыбайкалля аб’ядноўвае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. 27 красавіка адбыўся яго чарговы з’езд. На ім даволі нечакана склаў свае паўнамоцтвы заснавальнік арганізацыі Алег Рудакоў, які амаль 17 год узначальваў таварыства. Новым старшынёй да красавіка 2015 года абраная Алена Сіпакова. Прадстаўнік ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і кампаніі “Будзьма!” накіраваўся за 6 тысяч кіламетраў ад Беларусі, каб даведацца, што будзе далей з адной з найбольш актыўных беларускіх дыяспар у свеце.

АЛЕГ РУДАКОЎ: «СЫХОД З ПАСАДЫ СТАРШЫНІ НЕ АЗНАЧАЕ, ШТО Я АДЫШОЎ АД СПРАЎ»

– Спадар Алег, чаму вы вырашылі пакінуць пасаду старшыні?

– Па-першае, я заўсёды марыў, каб у нашым таварыстве знайшліся пераемнікі, якія будуць развіваць арганізацыю далей. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) перарасло ў актыўную, дзейсную, самастойную арганізацыю, у якой шмат актыўных і цікавых лідараў, якім трэба даць магчымасць праявіць сябе. Па сваіх поглядах я – дэмакратычны чалавек. Нельга аднаму чалавеку доўга знаходзіцца на адной пасадзе, нават на грамадскай. Для развіцця патрэбны нейкія змены, рух наперад.

– Што пакідаеце пасля сябе?

– Калі 17 год таму я заснаваў ІТБК, у Іркуцкай вобласці мала што ведалі пра беларусаў. Нашыя беларускія вёскі называлі «хахляцкімі». Цяпер жа наша прысутнасць у Прыбайкаллі даволі значная і ўплывовая. Шмат і палітыкаў, і інтэлігенцыі называюць сябе беларусамі. У нас ёсць свае пісьменнікі і кампазітары, цудоўна працуе моладзь.

Найбольш падабаецца, што нашыя суполкі ў розных рэгіёнах Іркуцкай вобласці навучыліся працаваць амаль самастойна. Няма патрабаванняў: дайце нам грошы – і тады мы будзем нешта рабіць. Ёсць разуменне, што трэба працаваць з мясцовымі ўладамі.

На сёння ў нас афіцыйна ў Іркуцкім гарадскім аддзяленні 135 сяброў. А па вобласці – прыкладна 500 чалавек. Але патэнцыял большы. У многіх вёсках трэба вырашыць арганізацыйныя пытанні для стварэння аддзяленняў.

На сёння маем 11 аддзяленняў. Было 12, але суполка ў горадзе Чарамхова зарэгістравалася як асобнае грамадскае аб’яднанне. У нас былі з ёю супярэчнасці, і яны вырашылі развівацца самастойна.

Нашы суполкі расцягнутыя на 1000 кіламетраў – ад горада Слюдзянка на ўсходзе да вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне на захадзе.

Маем 17 творчых калектываў, якія былі заснаваныя пры нашай дапамозе, таксама супрацоўнічаем з іншымі гуртамі.

Мне падаецца, што цяпер у нас цудоўная арганізацыя, якую чакае светлая будучыня.

– Якой інфраструктурай валодае таварыства?

– Горад нядаўна даў нам адзін кабінет, 20 квадратных метраў. Але ўсё перамясціць з ранейшай сядзібы, дзе мелі 5 кабінетаў, мы не маглі. Таму арандуем дом у сябра нашай арганізацыі. Там месціцца музей-майстэрня «Беларуская хата», дзе захоўваюцца экспанаты з этнаграфічных вандровак у беларускія вёскі Іркуцкай вобласці.

– Ці плануеце вы далей працаваць у таварыстве?

– Абавязкова. Жыццё маё звязана з беларускай дзейнасцю. Сыход з пасады старшыні таварыства не азначае, што я адышоў ад справаў. Збіраюся ажыццявіць сваю старую мару.

У свой час я знайшоў у Іркуцкай вобласці нямала беларускіх вёсак. Прыязджаў у населеныя пункты з этнаграфічнай экспедыцыяй, апытваў старых людзей. Калі даведваўся, што яны маюць беларускае паходжанне, шукаў мясцовых актывістаў у Дамах культуры і бібліятэках, агітаваў за стварэнне аддзялення ІТБК. У некаторых вёсках гэта ўдавалася, людзі пачыналі вучыць беларускія песні і танцы.

Але гэтая праца яшчэ не завершаная. З кожным годам старых людзей, якія памятаюць беларускія песні і гісторыю перасялення продкаў з Беларусі ў Сібір, робіцца ўсё менш і менш. Таму я хачу аб’ездзіць новыя вёскі і як мага больш запісаць. Буду актыўна займацца навуковай працай.

АЛЕНА СІПАКОВА: «БУДЗЕМ МАКСІМАЛЬНА ПАПУЛЯРЫЗАВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ КУЛЬТУРУ Ў ПРЫБАЙКАЛЛІ»

– Спадарыня Алена, вы абраныя старшынёй да красавіка 2015 года. Якія задачы стаяць перад вамі?

– Арыентыры засталіся такімі ж, якімі былі пры старшынстве Алега Рудакова. Будзем максімальна папулярызаваць беларускую культуру ў Прыбайкаллі. Ёсць ідэя заснаваць міжнародны фестываль беларускай культуры на Байкале, каб надаць моцы і сілы беларускаму руху ва ўсім свеце.

Алена Сіпакова падчас выступу на апошнім з’ездзе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага

– Якія ў вас стасункі з былым старшынёй Алегам Рудаковым?

– Цёплыя, мы ўжо амаль як родныя людзі. Разам працуем блізу 10 гадоў. Большая частка сяброў нашай суполкі – абуджаныя Алегам беларусы.

– Ці лёгка таварыстава папаўняецца новымі сябрамі?

– Прывяду такі прыклад: цяперашні актывіст арганізацыі 5 гадоў збіраўся ў нашую суполку. Я думала, што гэта рэкорд таварыства. Але ў красавіку даведалася, што адна дзяўчына 7 гадоў (!) збіралася прыйсці да нас. У гэтым плане вельмі цяжка працаваць з беларусамі, далучаць іх да таварыства.

– Як складаюцца адносіны арганізацыі з іркуцкімі ўладамі?

– Па-рознаму. На развіццё нам не даюць сродкаў. Адзінае – застаўся конкурс на найлепшы нацыянальна-культурны цэнтр Іркуцка. У 2011 годзе мы занялі першае месца і нам выдалі 90 тысяч расійскіх рублёў. У 2012-м занялі другое месца.

– Спадарыня Алена, раскажыце, калі ласка, пра сябе.

– Нарадзілася я ў Іркуцку. Мая маці – беларуска. Па яе лініі і бабуля, і дзед былі беларусамі. Бацькі бабулі прыехалі ў Іркуцкую вобласць з Беларусі ў канцы 20-х гадоў. Мая бабуля размаўляла з беларускім акцэнтам. Яна і дзед ведалі беларускія песні.

Школьніцай я трапіла ў фальклорны ансамбль «Ленушка». Калі мы падраслі, маці пачала вучыць нас сямейным песням – беларускім. Сваімі рукамі пачалі рабіць стылізаваныя беларускія народныя строі.

Аднойчы на адной з канферэнцый у Іркуцку нас пачуў Алег Рудакоў. Пасля выступу падышоў да маці, даў візітоўку, запрасіў у суполку. Актыўна ўдзельнічаць у працы таварыства я пачала ў студэнцкія часы.

Працую ў лякарні.

Алена Сіпакова (другая злева) са школы выступае ў фальклёрным ансамблі «Ленушка»

– Ці былі вы ў Беларусі?

– Так, ужо шмат разоў. Упершыню прыехала ў Беларусь у 2001 годзе. Мне пашанцавала, бо трапіла ў экспедыцыю па беларускіх вёсках. Вялікай розніцы паміж беларускімі вёскамі ў Беларусі і беларускімі вёскамі ў Сібіры я не ўбачыла.

Затым два разы была дэлегатам на З’ездзе беларусаў свету ў Мінску.

АЛЕГ РУДАКОЎ: «ПРАШУ: ДАШЛІЦЕ НАМ БЕЛАРУСКІ ГУРТ. ШТО, АБЯДНЕЕ АД ГЭТАГА БЕЛАРУСКІ ЎРАД?»

Пры сустрэчы з заснавальнікам Іркуцкага таварыства беларускай культуры Алегам Рудаковым адчувалася, наколькі ён засмучаны тым, як складаюцца адносіны Таварыстава з метраполіяй. ІТБК, што працуе на голым этузіазме, пакуль так і не дачакалася якой-кольвек падтрымкі з Мінску.

Мы заўсёды бярэм удзел у тых нарадах, што ладзіць Міністэрства культуры Беларусі, і выказваем свае погляды на тое, як трэба развіваць адносіны метраполіі з дыяспарай. Але на сёння яны развіваюцца слаба.

Беларусы бяруць удзел у карнавале, прымеркаваным да 350-годдзя Іркуцка (2011 год)

Да прыкладу, ад нядаўняга часу ёсць беларускі консул у Краснаярску. Аднойчы ён прыязджаў у Іркуцк, але сустрэўся з намі ў апошнюю чаргу. І толькі таму, што яму пра гэта настойліва казалі. У абласной адміністрацыі першае пытанне яму было: а вы сустракаліся з нашай беларускай дыяспарай? Пра гэта ж спыталі ў адміністрацыі горада.

Праўда, цяпер падыходзяць да пытання прыняцця закона аб суайчынніках. (Хаця мне не вельмі падабаецца гэтая назва. Суайчыннікі – гэта калі вы з адной Айчыны. Але ж, да прыкладу, Алена Сіпакова не трапляе пад гэтае вызначэнне. Мне больш падбаецца слова «суродзічы»). Калі будзе прыняты гэты закон – невядома, як невядома і тое, якім чынам ён паўплывае на нашыя адносіны з метраполіяй.

– Якая дапамога вам патрэбна ад Беларусі?

– Перш за ўсё, нам патрэбна прызнанне. Каб Рэспубліка Беларусь зразумела, што мы беларусы. Патрэбныя нейкія праграмы. Да прыкладу, у Іркуцку палякі праводзілі навуковую канферэнцыю, і з Польшчы сюды даслалі навукоўцаў. Яны ва ўвесь голас крычалі: Чэрскі – паляк! (Ян Чэрскі – беларускі геолаг і географ, даследчык Сібіры, удзельнік паўстання Кастуся КаліноўскагаАўт.)

Мы ладзілі навуковую канферэнцыю, прысвечаную Сталыпінскай рэформе, прасілі: дашліце нам з Беларусі навукоўца. Нам адказалі: не, на гэта грошай няма. Дык мы за свае грошы аплочвалі даезд навукоўца з Мінска. Дзе было Міністэрства адукацыі? Дзе Міністэрства культуры? Дзе ўрад увогуле? Што яны, не могуць аднаго навукоўца накіраваць у Іркуцк на міжнародную канферэнцыю?

Ці прашу: дашліце нам беларускі гурт. Адказ: магчымасці няма. Ну выйдзіце на беларускую чыгунку, зрабіце адно купэ ў цягніку Мінск-Іркуцк бясплатным для артыстаў! Што, абядняе ад гэтага беларускі ўрад? На жаль, няма разумення, што нам патрэбна ўзаемадзеянне. Мы за свой кошт павінны едзіць на паседжанні Міністэрства культуры і за свой кошт запрашаць сюды людзей з Беларусі.

Можна павучыцца і ў суседзяў, маю на ўвазе карту паляка. Палякі Іркуцка маюць магчымасць прыязджаць у Польшчу і карыстацца прывілеямі. Да прыкладу, могуць раз на год бясплатна накіроўваць сваіх дзяцей у лагеры. Чаму б не зрабіць лагеры для дзяцей з беларускай дыяспары? Чаму б не зрабіць нейкія льготы для паступлення ў беларускія ВНУ? Што, збядняе Беларусь ад гэтага?

Трэба даць стымул, каб беларуская дыяспара працавала.

Руслан Гарбачоў, фота аўтара і з архіва ІТБК