У беларускім грамадска-рэлігійным Цэнтры Таронта беларусы Канады адзначылі 27-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Старшыня Згуртавання беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка ўзгадала пра вялікую дапамогу, якую аказалі сваёй радзіме эмігранты праз заснаваны Івонкай Сурвіллай, Зінаідай Гімпелевіч і Паўлінай Пашкевіч – Смітс Канадыйскі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобылю. На Беларусь былі адпраўленыя на мільёны даляраў лекі і адзенне, у Канаду штогод на аздараўленне прыязджалі хворыя дзеці. Усім здавалася ў першыя гады пасля аварыі, што “мірны атам” ніколі больш не прыдзе ў Беларусь.
Але будаўніцтва Астравецкай АЭС паказвае, што сённяшняе кіраўніцтва краіны не зрабіла ніякіх высноваў з гэтай вялізнай трагедыі нашага народу. Пра гэта гаварыў ў сваім выступленні фізік-ядзершчык, сустаршыня камітэту “Вучоныя за бяз'ядзерную Беларусь” Ягор Фядзюшын, які трыццаць два гады адпрацаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі ў Соснах. Яго даклад, заснаваны на уласным вопыце пошукаў і вынаходніцтваў, а затым і адмаўлення перспектываў ядзернай энергетыкі па сучасных тэхналогіях, быў з вялікай цікавасцю праслуханы прысутнымі.
Выступае Ягор Фядзюшын
Беларусы Канады неаднаразова выступалі супраць будаўніцтва АЭС на Беларусі. На жаль, да іхняга голасу, як і да голасу ўсіх тых, хто далучаецца да патрабаванняў перапыніць самазабойчыя авантуры з ядзернай энергетыкай, сённяшні ўрад Беларусі не прыслухоўваецца.