Красавіцкая імпрэза ў ТБК Літвы

Пра дзейнасць у часе нямецкай акупацыі ў Беларусі маладых патрыётаў па арганізацыі і кіраўніцтву Саюза Беларускай Моладзі Янкі Жучкі і Янкі Жамойціна распавёў старшыня Хведар Нюнька.

Ён падрабязна спыніўся на пачатку другой сусветнай вайны, асабліва апавядаючы пра наступ немцаў і беспарадачнае адступленне савецкіх войскаў. Адступаючы, салдаты спалілі вёску Алешавічы Шчучынскага раёна. З прыходам немцаў адміністрацыю ў горадзе і паліцыю ўзначалілі мясцовыя палякі. Пацярпела і загінула шмат нявінных беларусаў. З часам, аднак, з Мінска і Ліды сталі прысылаць беларусаў, якія пачалі адчыняць беларускія школы і патроху наладжваць культурнае жыццё ў горадзе і на вёсках.

У большых гарадах стваралі Саюз Беларускай Моладзі, які займаўся выключна культурнай дзейнасцю і ладзіў нацыянальныя святы. Лік сяброў СБМ складаў тысячы чалавек. Такой актыўнай дзейнасцю і займаліся Янка Жучка і Янка Жамойцін. Янка Жучка ўвесь час падтрымліваў шчыльныя кантакты з ТБК Літвы. Жыў у Бельгіі, але на ўсе нашыя значныя імпрэзы прыязджаў і браў актыўны ўдзел. Яго жыццё і дзейнасць шырока апісаныя ў кнізе Янкі Запрудніка “Дванаццатка”.

Затым выступіў Алег Аблажэй. Традыцыйна на штомесячных сустрэчах у ТБК вядзецца размова аб праблемах мовы, культуры і гісторыі. На гэты раз Алег Аблажэй прапанаваў пашырыць тэматыку і паразважаць пра лёсы людзей – наколькі праўда, што кожны “каваль свайго лёсу”? Ці ўсё ж існуе для кожнай асобы нейкі “сцэнар”, які выконваецца незалежна ад волі асобы? Бо як іначай растлумачыць выпадкі трагічных прароцтваў і прадказанняў?

У цэлым усе пагадзіліся з тым, што не трэба абмяжоўвацца вузкаспецыяльнай тэматыкай паведамленняў, а пашыраць кола інтарэсаў, што дазволіць зрабіць сустрэчы больш цікавымі і прывабнымі для шырокіх колаў.

У сувязі з 30 годдзем смерці Ларысы Геніюш (7.04.1983) Леакадзія Мілаш даслала ў ТБК старонку пра слаўную паэтку і грамадскую дзяячку Ларысу Геніюш.

Паводле аглядальніка ТБК