Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў заклікае Міжнародную федэрацыю хакея перастаць займацца палітыкай

Забарона на выкарыстанне беларускага нацыянальнага сцяга на Чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі, з’яўляецца ні чым іншым, як падтрымкай аўтарытарных уладаў Беларусі.

Звязана гэта з правядзеннем у Беларусі ў 2014 годзе Чэмпіянату свету па хакеі. Як вядома, раней бел-чырвона-белыя сцягі і герб “Пагоня” неаднаразова з’яўляліся на трыбунах падчас чэмпіянатаў свету па хакеі. І ніхто беларускую нацыянальную сімволіку на афіцыйным узроўні не забараняў.

Таму відавочна, што забаранілі сімволіку не таму што “яна з’яўляецца палітычнай”, як гэта сцвярджаюць хакейныя функцыянеры. Гэта звычайная гульня, але ўжо палітычная, у якой Міжнародная федэрацыя хакея гуляе ў паддаўкі з беларускімі ўладамі.

Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў” выказвае сваю падтрымку сябрам “Беларускай Нацыянальнай Памяці”, які вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі на трыбуне падчас матчу Беларусь-Чэхія і заклікае Міжнародную федэрацыю хакея перастаць змешваць спорт і палітыку.

Нагадаем, што 3 траўня арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі выклікалі паліцыю на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну арэны ў Стакгольме падтрымаць зборную Беларусі ў матчы з Чэхіяй.

Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бела-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі сябры “Беларускай Нацыянальнай Памяці”. Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з’яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца.

Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2". Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бела-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.

Пазней генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме Тоні Вірэн пацвердзіў забарону Міжнароднай хакейнай федэрацыі выкарыстання бел-чырвона-белага сцягу на матчах чэмпіянату.

 

Прэс-служба Цэнтра «Супрацоўніцтва без межаў»