Ці лезлі беларусы на вежу Гедыміна?

22 сакавіка 2013 года ў Вільні прайшло шэсце ўшанавання забітага рускімі кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. У літоўскім друку на гэтую падзею адгукнулася газета “Летувос Рытас”, якая напісала, нібыта беларусы палезлі са сцягамі на вежу Гедыміна, а іх адтуль сагнала паліцыя.

Што адбывалася на самой справе? Якое ўвогуле значэнне маюць гэтыя падзеі вакол віленскай гары Гедыміна?

Пра гэта – у інтэрвію з адным з арганізатараў таго шэсця Анатолем Міхнаўцом (Anatol Michnaviec), старшынём грамадскай ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”. Суполка займаецца ўшанаваннем памяці беларускіх нацыянальных герояў – найперш звязаных з супрацівам чужаземным акупацыям.

У найбуйнейшай літоўскай газеце “Летувос рытас” выйшаў артыкул пра шэсце беларусаў з нацыянальнымі сцягамі па праспекце Гедыміна да Гары Гедыміна. Ці Вы згодныя з тым, як аўтарка артыкула асвятліла падзею?

Я не згодны, там напісана недакладная інфармацыя. Да вежы наогул ніхто не падыходзіў. Шэсце было дазволенае, ішло згодна з вызначаным маршрутам. Дзень памяці Кастуся Каліноўскага адбываецца чацвёрты год запар, заўсёды было ў такім фармаце. Беларусы збіраліся на Лукішскім пляцы і пазней ішлі па праспекце Гедыміна на гару Гедыміна. Заўсёды ішлі са сцягамі.

Калі ўдзельнікі шэсця на вежу не ўздымаліся, дык ці быў хоць які канфлікт з супрацоўнікамі музея, пра які піша журналістка? Ці былі ад іх заўвагі ці нараканні?

Да нас ніколі ніхто не падыходзіў і не рабіў заўвагаў. Дзень памяці Каліноўскага сёлета ад іншых адрозніваўся толькі тым, што нехта выклікаў паліцыю на нас. Калі ўжо ўсё скончылася і мы сыходзілі з гары Гедыміна, да нас падышлі два паліцыянты і сталі пытаць, што адбываецца і хто арганізатар. З размовы з імі мы зразумелі, што нехта патэлефанаваў у паліцыю і сказаў, што палякі праводзяць нейкую акцыю. У размове ім патлумачылі, што акцыя дазволеная і адбываецца чацвёрты год запар. Яны не казалі нічога наконт вежы і ніхто з супрацоўнікаў музея да іх не падыходзіў. Паліцыянтам патлумачылі, што гэта беларускі сцяг і мы да Польшчы не маем ніякага дачынення. Яны сфатаграфавалі сцяг, бо, як было бачна, у гэтым не разбіраюцца і ўсё, што мае белы і чырвоны колер, у іх асацыюецца з Польшчай.

Значыць, магло быць так, што супрацоўнікі музея, якія мелі досвед ранейшых акцый палякаў, што спрабавалі на вежы ўзняць свой бел-чырвоны сцяг, не разабраўшыся з колькасцю палосаў на сцягу, выклікалі паліцыю. А журналістка, у сваю чаргу, нешта паблытала, калі напісала: “Патрыятычна настроеныя беларусы на вежы Гедымінавага замку пачалі дэманстраваць нацыянальныя беларускія сцягі”, але потым “беларусам давялося спусціцца да падножжа Гедымінавай вежы”. Так? Што тут, на Вашую думку, – блытаніна ці дэзінфармацыя?

Мне цяжка сказаць – гэта правакацыя ці звычайнае нацягванне інфармацыі, каб зрабіць скандал. Хачу сказаць адно: не трэба шукаць ворагаў там, дзе іх няма. Беларусы былі сярод абаронцаў Сейму, калі імперыя ў канвульсіях душыла незалежнасць Літвы. Сотні беларусаў удзельнічалі ў акцыях у Літве, дзясяткі тысячаў беларусаў на мітынгах, арганізаваных БНФ, падтрымлівалі змаганне нашых братоў з поўначы за незалежнасць. Беларускі сцяг заўсёды быў прысутны ў Вільні. Усім зласліўцам я б раіў даведацца пра беларускую гісторыю Вільні. Вільня ў дваццатым стагоддзі стала калыскай беларускага адраджэння.

Тым не менш інфармацыя, як было бачна з каментароў як з літоўскага, так і з беларускага боку, як тое зерне ўпала на падрыхтаваную глебу. Сярод водгукаў было багата такіх, многія з якіх і цытаваць можна адно з зорачкамі ў словах замест літараў. Дык адкуль столькі агрэсіі, нецярпімасці – нягледзячы на шмат што, як кажаце, супольнае ў беларусаў і літоўцаў? Гэты артыкул паказаў на нейкі агмень, які бесперапынна тлее?

Што датычна каментароў, то, як звычайна, 90% гэта абразы, праклёны і звычайная хлусня. Па справе пішуць адзінкі. Браты-літоўцы, давайце па справе. Мы не падыходзілі да вежы, мы не абражалі нікога, акцыя была дазволеная. У 2010 годзе сярод сцягоў на шэсці быў і сцяг Літоўскай Рэспублікі, які неслі беларусы. У 2013 годзе святкуем 150-я ўгодкі паўстання 1863 года. У газетах і на трыбунах гучаць прыгожыя словы. Кастусь Каліноўскі кіраваў паўстаннем на землях Беларусі і Літвы. У Вільні ёсць вуліца Кастуся Каліноўскага. Узнікае пытанне – чаму ўрачыстасці на дзень смерці героя арганізоўваюць беларускія грамадскія арганізацыі і зусім не чуваць голасу ЛР? Сябры, давайце разам даследаваць, памятаць і шанаваць. Звяртаюся да дзяржаўнікаў і патрыётаў – сябры, нам трэба трымацца разам. У нас агульныя ворагі. Давайце шукаць сяброў, бо можа быць позна. Нехта думае, што незалежная Беларусь – гэта пагроза для ЛР. Гэта хлусня. Галоўная пагроза для ўсіх – на Ўсходзе.

Працяг гутаркі чытайце тут.

© Svajksta.by

© Alkas.lt