Беларусы Нью-Ёрка пікетавалі Фольксваген супраць Чэмпіяната свету

Каля 30 чалавек пікетавала ў нядзелю 21 красавіка 2013 года сядзібу прадстаўніцтва аўтаканцэрна “Фольксваген” у Нью-Ёрку. Яны пратэставалі супраць спансаравання кампаніяй “Шкода”, 100% акцыяў якой належаць Фольксвагену, чэмпіяната свету па хакеі з шайбай, які мае прайсці ў 2014 годзе ў Беларусі.

Каля 30 чалавек пікетавала ў нядзелю 21 красавіка 2013 года сядзібу прадстаўніцтва аўтаканцэрна “Фольксваген” у Нью-Ёрку. Яны пратэставалі супраць спансаравання кампаніяй “Шкода”, 100% акцыяў якой належаць Фольксвагену, чэмпіяната свету па хакеі з шайбай, які мае прайсці ў 2014 годзе ў Беларусі. Пратэстоўцы лічаць, што да таго часу, пакуль улада ў Беларусі кантралюецца аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такога кшталту спансараванне роўназначнае фінансавай падтрымцы афіцыйных беларускіх уладаў.

Удзельнікі мітынгу праводзілі наўпроставую паралель паміж Алімпійскімі гульнямі, арганізаванымі ў 1936 годзе ў Мюнхене нацысцкімі ўладамі з мэтаю прапаганды “дасягненняў” “новых уладаў” у гітлераўскай Нямеччыне, і чэмпіянатам свету па хакеі, які будзе выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі з мэтаю прапаганды “дасягненняў” “рынкавага сацыялізму” ў Беларусі. Яны патрабавалі неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных у Беларусі і правядзення свабодных дэмакратычных выбараў. У канцы мітынгу яго ўдзельнікі дамовіліся, што гэтая акцыя будзе не апошнім пратэстам, і такія мерапрыемствы будуць працягвацца ў будучым, калі Фольксваген і далей будзе працягваць спансараванне мерапрыемстваў, арганізаваных лукашэнкаўскімі ўладамі.

Пікетаванне было арганізаванае новай арганізацыяй беларускіх эмігрантаў у ЗША “Беларусы ў выгнанні” (па-ангельску “Belarusians in Exile”), якую ўзначальваюць лекар-псіхіятр Дзмітры Шчыгельскі і былы кіраўнік Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Яўген Іванюк. Узгаданы пікет стаўся першай вялікай акцыяй, арганізаванай “Беларусамі ў выгнанні”.

Сярод удзельнікаў пікетавання і выступоўцаў былі: старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазняк, д-р Дзмітры Шчыгельскі, Яўген Іванюк, адна з кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання д-р Ала Орса-Рамана, Юрась Зянковіч, Вікторыя Малаева ды іншыя.

Пікетаванне праводзілася ў межах кампаніі, якую адначасова і незалежна адно ад аднаго распачалі Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне ў Амерыцы, Асацыяцыя “За мадэрнізацыю” на чале з былым кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам у Чэхіі, а таксама дэпутат Еўрапарламанта ад Польшчы Марэк Мігальскі.

Прэс-служба БАЗА

Фота Дзмітрыя Шчыгельскага