Бібліятэка беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” папаўняецца першай кнігай драматургіі.
Бібліятэка беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” папаўняецца першай кнігай драматургіі. Неўзабаве ў гэтай кніжнай серыі пабачыць свет драматургічны зборнік пісьменніка, прафесара Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай Сяргея Кавалёва.
- Большасць з твораў друкавалася ў “Тэрмапілах” у Чыквіна. Так атрымалася, што ў гэтай кніжцы шмат тэкстаў, якія прайшлі праз “Тэрмапілы” і, адпаведна, напісаныя ў Польшчы. У кнізе надрукавана пасляслоўе Беаты Сівэк на польскай мове, а самі тэксты – на беларускай. “Крывіцкі апокрыф” называецца, паводле першай п’есы. У гэтай бібліятэцы проста ніколі раней не было драматургіі. Паколькі я жыву ў Польшчы больш 20 гадоў, то гэта ў нечым і заканамерна.
Як пісьменнік Сяргей Кавалёў пачынаў свой творчы шлях з вершаў і казак. У свой час быў адным з кіраўнікоў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. На пачатку 90-х гадоў зацікавіўся тэатрам, распрацаваў жанр герменеўтычнай драматургіі. Аўтар шматлікіх драматургічных твораў. П’есы Сяргея Кавалёва ставіліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Чэхіі і Славакіі.
Васіль Кроква, "Беларускае Радыё Рацыя"