Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі - тэма сёлетняга шостага з'езда беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Не глабалізацыя, а лукашызацыя і русіфікацыя пагражаюць сёння беларускай нацыі. Трэба разумець, што чарговы з'езд не вырашыць праблемаў беларусаў замежжа, бо праблемы перадусім маюць беларусы ў самой Беларусі, заявіў старшыня “Беларускага саюзу Польшчы” Яўген Вапа.
Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі - тэма сёлетняга шостага з'езда беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Не глабалізацыя, а лукашызацыя і русіфікацыя пагражаюць сёння беларускай нацыі. Трэба разумець, што чарговы з'езд не вырашыць праблемаў беларусаў замежжа, бо праблемы перадусім маюць беларусы ў самой Беларусі, заявіў старшыня “Беларускага саюзу Польшчы” Яўген Вапа.
РР: Якія выклікі ва ўмовах глабалізацыі стаяць перад беларусамі Беласточчыны?
- Мне здаецца, што сёння найважнейшай праблемай, якую маюць беларусы ў Беларусі і за яе межамі – гэта не глабалізацыя, а лукашызацыя. Я разумею ўсе абставіны, тонкасці гэтага сходу. Асноўнай праблемай для нас, як для беларускай нацыі, з’яўляецца наступаючая лукашызацыя і русіфікацыя беларускага народа, беларускага насельніцтва – гэта тэма пра якую мы павінны гаварыць, пра гэтую з’яву мы павінныя казаць адкрыта. Бо калі мы, напрыклад, хворыя ракам, то нельга казаць, што гэта з-за невялічкай балячкі на руцэ, таму мы павінныя пра гэта памятаць і ведаць. Калі гаварыць пра тое, якія спадзяванні, то перадусім трэба быць рэалістам, трэба сыходзіць з гэтай рэальнасці. Заўсёды трэба памятаць выказванне амерыканскага прэзідэнта: “Не пытай, што Амерыка зрабіла для цябе, а што ты зрабіў для Амерыкі”, менавіта па такім прынцыпе, толькі змяняючы назву краіны, жывуць і працуюць беларусы па-за межамі Беларусі. Ніхто нічога не чакае, бо ведаюць, што трэба захоўваць сябе, тым самым робячы ўнёсак у развіццё нашай духоўнай Бацькаўшчыны. Кажучы пра тое, як усё павінна выглядаць і адбывацца, то з’езд з’яўляецца вельмі важным, але калі гаварыць пра ўздзеянне, рычагі, якія ёсць у руках арганізацыі, пра тое, чым арганізацыя можа дапамагаць беларусам за межамі, то бачым тую мізэрнасць, бо ўсе гэтыя рычагі знаходзяцца паўсюдна, але толькі не ў грамадскім аб’яднанні Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
РР: Маю ўражанне, што мінулы з’езд дадаў зашмат аптымізму. Тады спадзяванняў было вельмі многа, але ці апраўдаліся гэтыя спадзяванні на вашую думку?
- Аптымізму не было, бо сітуацыя была дрэннай, і пасля яна не змянялася, таму мы не былі аптымістамі, а былі рэалістамі, бо нас навучыла гэтаму жыццё. Вядома, што чалавек, які хоча мець надзею, хапаецца і за лязо, таму такія і спадзяванні. Гэта духоўная сустрэча, якая выклікае шмат эйфарыі, эмоцыяў, таму з нашага боку празмерных захапленняў не было. Мы хутчэй атрымалі зарад песімізму, бо што з таго, што на з’ездзе прысутнічаў дэпутат, а цяпер міністр школьніцтва, фізік з Гародні, былы рэктар Гарадзенскага ўніверсітэта. Ад таго, што ён гаворыць па-беларуску, беларускай мовы ў вузах пабольшала, ці з’явіўся хоць адзін цалкам беларускамоўны - не. Мы бачым, што скарачаецца колькасць людзей, якія паступаюць на беларускую філалогію ў Гародні, Берасці, бо на гэта няма запатрабавання. А чаму няма запатрабавання, бо беларуская мова не функцыянуе ў сістэме штодзённага жыцця, не функцыянуе ва ўніверсітэтах, таму непатрэбныя спецыялісты. Логіка такая, што калі такія спецыялісты непатрэбныя, то трэба скарачаць. Справа ў тым, што колькі там тых філолагаў, але калі б мова была сярод фізікаў, матэматыкаў, хімікаў, медыкаў, эканамістаў, тады б не было прычынаў змяншаць колькасць месцаў. Гэта павінна быць шырокая, спецыялізаваная група людзей з вышэйшай адукацыяй, якая выкладае па-беларуску. Што з таго, што быў чакі чалавек, бо калі ад яго нічога не залежыць, ён нічога не вырашае. Я памятаю першы з’езд, я быў удзельнікам першага з’езду. Адзін з’езд пасля рэферэндума, мы, беларусы Беласточчыны цалкам байкатавалі з “Бацькаўшчынай”, не ўдзельнічалі ў з’ездзе па палітычных прычынах, пасля рэферэндума 1996 года. Можа быць менавіта таму мы глядзім на пэўныя справы інакш, глядзім на гэта, як на такую рэальнасць, бо мы ведаем, як павінна працаваць дзяржава з іншымі меншасцямі. Адпаведнікі “Бацькаўшчыны” ёсць і ў іншых краінах, да грамадзянскай, недзяржаўнай установы больш даверу, чым да палітыкаў, якія змяняюцца. “Бацькаўшчына” не мае магчымасці рэальна працаваць, праводзіць кампанію “Будзьма беларусамі”, але “Будзьма беларусамі” ў выпадку “Бацькаўшчыны”, павінна быць “Будзьма беларусамі па-за межамі Беларусі” - гэта павінна быць яе асноўным напрамкам працы. Я магу так казаць, але “Бацькаўшчына” не можа гэтага рабіць, бо не мае на гэта сродкаў, сродкі ёсць у дзяржавы, тут замкнёнае кола. Праца аб’яднання павінна канцэнтравацца на захаванні беларускасці за межамі. Калі казаць пра сітуацыю ўнутры краіны, то на гэта ёсць унутраныя рэсурсы, якія павінны быць задзейнічаны, каб гэта працавала. Арганізацыя, якая створана для працы з суайчыннікамі, калі гэтай працы не будзе, калі не будзе той духоўнай адкрытасці вялікай духоўнай Бацькаўшчыны, то колькасць беларусаў па-за межамі будзе катастрафічна змяншацца. Доказамі гэтага з’яўляюцца перапісы ў Польшчы, Літве, у Расіі. Калі мы гаворым пра розныя вектары працы, калі беларуская дзяржава дэкларуе аграмадную дапамогу, зараз ідуць кансультацыі па новай праграме, то гэтыя сродкі павінны быць улічаны там, дзе наступае абвал колькасці беларусаў – гэта значыць “Будзьма беларусамі ў Расіі”, там дзе абсалютна змяншаецца колькасць беларусаў. Думаю, што “Бацькаўшчына” была б вельмі важным фактарам такой працы, толькі пытанне ў тым, ці пойдзе далей за размовы. Набліжаецца з’езд “Бацькаўшчыны”, пачынаюцца размовы з боку ўладаў, абяцанні, а пасля гэтага ўсё сціхае. Прыбыццё прадстаўніка на з’езд не азначае, што нешта вырашаецца, таксама не даецца важнейшага - інструмента ў рукі арганізацыі. Калі ў “Саюзе беларусаў Польшчы” разглядалася пытанне паездкі на з’езд “Бацькаўшчыны”, то калі на ранейшыя з’езды людзі ахвотна ездзілі, і жадаючых было занадта шмат, то цяпер усе сталі рэалістамі, і такой колькасці людзей няма. Едзем, бо хочацца паехаць, але ніякіх ілюзіяў няма. Калі людзі бачаць, што адбываецца, калі едуць на духоўную Бацькаўшчыну, як да сябе, а прыязджаючы адчуваюць на сабе падазрэнне, бо вязуць кнігі, выданні, баючыся перасякаць мяжу з беларускім словам - гэта ўжо здзек. Я не хачу перажываць такі здзек, вязучы нумары “Нівы”, якія будуць канфіскаваныя, альбо затрыманне аўтобуса на некалькі гадзінаў з-за газет. Ёсць пэўны ўзровень непавагі, які не атрымоўваецца сцярпець. Калі праходзіць з’езд, то нельга дазваляць, каб людзі, якія вязуць беларускія выданні, аказваліся пад прыцэлам мытных службаў, ці памежных войскаў, якія думаюць, што вязуць нейкую крамольную, антыдзяржаўную прапаганду. Або мы маем “Беларускі дом”, або мы маем містыфікацыю.
РР: Вы, а таксама доктар Алена Глагоўская і старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, з’яўляецеся сябрамі вялікай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, не атрымлівалі дазволу на ўезд у Беларусь. Ці будзеце вы спрабаваць атрымаць візу?
- Мне здаецца, што гэты раз буду проста цешыцца, калі іншыя паедуць і перададуць ад мяне прывітанні. Гэта не тое, што пад з’езд нехта дасць такую магчымасць, я бачу гэта так, або ўсіх нас будуць успрымаць, як нармальных людзей, якія маюць магчымасць бываць на сваёй духоўнай Бацькаўшчыне, або не, як кажуць: “Адна ластаўка вясны не робіць”. Калі абразай для краіны становяцца фотаальбомы “Прэс-фота Беларусі”, якія пад пагрозай знішчэння, ідзе працэс над фотакарэспандэнтамі, для мяне не можа быць большай абсурднасці. Кожны з нас мае сваё ўяўленне, крэатыўнае, творчае, бо не могуць быць толькі фотаздымкі з парадаў, пра развіццё супрацоўніцтва Венесуэлы і Беларусі, развіццё турызму ў памежнай зоне, калі факты кажуць пра тое, што іх штораз меньш, бо няма зменаў - свабоды перасоўвання, малога памежнага руху. Нельга будаваць дом на лёдзе. Мы хочам, каб наш “Беларускі дом” меў падваліны, хочам, каб ён будаваўся, хоць па-малу, але на грунтоўным падмурку. Я супраць фальшывага будаўніцтва, бо не бачу ў гэтым сэнсу.
6 з’езд беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае прайсці 23-24 ліпеня ў Менску, арганізатары спадзяюцца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў з амаль 20 краінаў свету.
Зміцер Косцін, "Беларускае Радыё Рацыя"