Не загаснуць зорачкі фестывалю

«Куды б ні закінуў чалавека лёс, ён прагне размаўляць на роднай мове, спяваць знаёмыя з дзяцінства песні, слухаць любімыя мелодыі. І ваш фэст ужо шмат гадоў служыць святам сустрэчы сяброў, землякоў, добрых і чулых людзей, якія шануюць беларускую культуру».

«Куды б ні закінуў чалавека лёс, ён прагне размаўляць на роднай мове, спяваць знаёмыя з дзяцінства песні, слухаць любімыя мелодыі. І ваш фэст ужо шмат гадоў служыць святам сустрэчы сяброў, землякоў, добрых і чулых людзей, якія шануюць беларускую культуру». Кожны раз, калі на адкрыцці фестывалю дырэктар НЦБК Ніна Васільеўна Кабанава зачытвае прывітанні - ад Міністэрства культуры Новасібірскай вобласці, іншых інстанцый - яна заўважна хвалюецца. Але асабліва калі чытае віншаванні з роднай Беларусі: ад Міністэрства культуры, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Хоць словы і афіцыйныя, але яны - на роднай мове, адтуль, з гістарычнай Радзімы. І там таксама ведаюць пра традыцыйнае свята "Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!». Ведаюць і многіх яго ўдзельнікаў, якія не раз пабывалі ў Беларусі. Дзякуючы гэтаму для юных сібіракоў і Палессе, і буслы ўжо не проста сімвалы, а паняцці блізкія і родныя.

І тое, што іх ахрысцілі буслянятамі, даўно стала прадметам гонару, тым больш што сёлета зляцеліся яны на свята ўжо ў сёмы раз.

Гледачы іх таксама чакаюць і нават больш, чым самі юныя артысты, заўважаюць, як тыя пасталелі. А нядаўнія зусім яшчэ нясмелыя дэбютанты, як фальклёрны гурт “Лянок” з Ардынскага раёна або ансамбль “Ива-лён” з Кальцова, з захапленнем глядзяць на тую ж "Вясёлку" - тэатр беларускай песні Л. Кашчэевай. Як жа, яны пабывалі і ў Парыжы, дзе заваявалі першую прэмію Міжнароднага фестывалю, былі і прызёрамі шматлікіх іншых фестываляў. А зараз збіраюцца ў Беларусь на Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Запрошаны туды і ансамбль з п. Горны «Даровица», які бліскуча паказаў сябе на цяперашнім фестывалі ў Новасібірску.

Дзякуючы папулярнасці фестывалю яму ўжо прадказвалі статус занальнага і нават міжнароднага. Акрамя суседзяў - Омска, Томска, Іркуцка, Цюмені - у ім не раз удзельнічалі і калектывы з Казахстана. І гэта, безумоўна, радавала арганізатараў свята. Але, як заўважае Н.В. Кабанава, замінаюць усё тыя ж матэрыяльныя праблемы. І нават не ўсе раёны нашай вобласці не маюць магчымасці даслаць сваіх юных артыстаў. А гэта ўжо праблема уладаў на месцах.

І ўсё ж больш за дзвесце ўдзельнікаў зляцеліся на сваё традыцыйнае вясновае свята. Як добрых знаёмых сустракалі гледачы сузунскі вакальны ансамбль «Лэвис», пераможцу (Гран-пры) аднаго з фестываляў, які цяпер заваяваў 1-е месца. У намінацыі беларускі танец гледачы высока ацанілі «Лявоніху» ў выкананні ансамбля «Стыль» з Ардынскага раёна, узорны фальклорны ансамбль « Родничок» з Машкоўскага раёна, іншыя калектывы, а таксама асобных выканаўцаў. Вернасць фестывалю захоўвае Н.В. Арэф'ева са сваімі выхаванцамі з Верх-Тулы, якія не раз заваёўвалі прызавыя месцы. А дуэт у складзе юных вакалістаў Кірыла Пазнякова і Антона Яфрэмава за каларытнае выкананне беларускай народнай песні стаў прызёрам і цяперашняга фестывалю. Саму Ніну Уладзіміраўну, па яе словах, прыцягвае добразычлівасць і чулая атмасфера свята.

Прыемным сюрпрызам фестывалю стала выступленне дзіцячай тэатральнай студыі «Калейдаскоп» школы мастацтваў Кастрычніцкага раёна. Запрошаныя ў якасці гасцей, яны з бляскам выканалі хвацкі казацкі танец. Цёплы прыём гледачоў выклікаў у юных «казакоў» жаданне надалей стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі вясновага свята.

Хочацца адзначыць асаблівасць цяперашняга фестывалю: усе песні гучалі на беларускай мове, а гэта ўжо заслуга мастацкіх кіраўнікоў. З'явілася і новая намінацыя - інструментальнае выканальніцтва, так што фестываль набірае сілу. «Белоярские ложкари» з Машкоўскага раёна і маслянінскі ўзорны фальклорны ансамбль «Веселуха» па праву заваявалі прызавыя месцы. Значыць, новай намінацыі - быць.

Традыцыйна найлепшых выканаўцаў - танцораў і спевакоў - запрасілі на святкаванне Дня яднання Беларусі і Расіі. А Алеся Матвеева, дарэчы, самы юны аўтар нарысу ў вядомым зборніку «В Беларуси мои родники», прачытала верш нашага земляка Яна Коцікава “Жыві, Беларусь!”. Думаецца, а гэтае пажаданне выказалі і многія гледачы, што мастацкае слова таксама можа стацца яшчэ адной намінацыяй фестывалю, дзе прагучалі б вершы класікаў беларускай літаратуры і сучасныя творы. Тым больш што ўсе гэтыя кнігі маюцца ў Цэнтры нацыянальных літаратур і ў бібліятэцы Цэнтра беларускай культуры. Там, дарэчы, дзякуючы дадатковаму памяшканню размясціўся нядаўна невялікі, але даволі багаты музей беларускай народнай творчасці. Захоўваюцца там і цымбалы, падораныя Рэспубліканскі цэнтрам нацыянальных культур. Бо гэты спрадвечна беларускі нацыянальны інструмент даў штуршок новаму праекту НЦБК. Менавіта на адным з «бусліных» фестываляў, як празвалі яго ў народзе, упершыню прагучалі цымбалы, на якіх беларускія народныя мелодыі выканала юная госця з Краснаярска. Якраз тады ўнутры аднаго фэсту-конкурсу зарадзіўся новы - фестываль цымбалаў, звончатыя струны якіх загучалі ўжо і ў Новасібірску.

У дні святкавання яднання двух брацкіх народаў у Акадэмгарадку прайшоў традыцыйны семінар сумесна з навукоўцамі з Беларусі. Пасля абмеркавання навуковых праблемаў у Доме вучоных адбыўся канцэрт з удзелам калектываў НЦБК. Майстэрства народнага ансамбля з Машкоўскага раёна і талент звонкагалосай салісткі цэнтра Анастасіі Трубянковай высока ацанілі і сібіракі, і беларускія госці.

Думаецца, цалкам абгрунтавана ў прывітанні вясноваму фестывалю з Беларусі прагучала шчырая падзяка гаспадарам і арганізатарам свята, «чыімі высілкамі і гасціннасцю Новасібірск набыў трывалы статус унікальнага цэнтра прапаганды беларускай культуры ў Сібіры. А фестываль стаў пуцяводнай зорачкай для ўсіх суайчыннікаў».

Людміла Бяляўская