У Вільні адбылася V канферэнцыя Беларусаў Балтыі і замежжа

6-7 красавіка 2013 г. у Вільні праходзіла V канферэнцыя беларусаў Балтыі і замежжа, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі і Беларусі. Арганізаваў і правёў канферэнцыю старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.

Рэпартаж Алеся Адамковіча

6-7 красавіка 2013 г. у Вільні праходзіла V канферэнцыя беларусаў Балтыі і замежжа, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі і Беларусі. Арганізаваў і правёў канферэнцыю старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.

Сёння як ніколі востра стаіць праблема не толькі страты незалежнасці Рэспублікай Беларусь, але і праблема знікнення саміх беларусаў. На жаль, беларуская нацыя апынулася ў такім становішчы, калі кіруючая акупацыйная ўлада зацікаўленая ў найхутчэйшым знікненні беларускай нацыі, аб чым яскарава сведчыць нахабная і адкрытая русіфікацыя. У сучасны момант яна набыла такія маштабы, якіх не было нават за часамі расійскай імперыі і антычалавечага камуністычнага рэжыму, калі беларускасць не толькі мэтанакіравана выводзіцца з грамадскага ўжытку, але афіцыйнымі ўладамі зводзіцца да маргінальнай і антыграмадскай з’явы. У Беларусі дажыліся да таго, што размаўляць па-беларуску не толькі сорамна і смешна, але і злачынна. З аднаго боку мы маем сваю дзяржаву, але з іншага – яна цалкам антыбеларуская. І гэта прыводзіць да таго, што беларуская нацыя асімілюецца як на сваёй этнічнай радзіме, так і ў іншых краінах пражывання. У такіх складаных умовах мы ўвайшлі ў ХХІ ст.

І цяпер паўстае рытарычнае пытанне: быць ці не быць беларускай нацыі. З аднаго боку, яна выпакутавала сабе месца ў еўрапейскай сям’і народаў, з іншага – страціла яго праз сваю абыякавасць да сваіх дзядоў. Праблема русіфікацыі, якая так востра паўстала ў Беларусі – гэта праблема не толькі антыбеларускага акупацыйнага рэжыма, гэта найперш праблема саміх яе насельнікаў, якія дабраахвотна адмовіліся ад мовы сваіх прашчураў, ад мовы, на якой іх сустракалі матулі на парозе сваіх дамоў, калі яны з горада вярталіся праведаць сваіх бацькоў, ад мовы, якую яны першай пачулі ў сваім жыцці, бо на ёй матуля ім спявала свае калыханкі і на ёй гаманілі ў іх сем’ях і вёсках. Таму ў многім складана зразумець тое, што беларусы самі адмовіліся ад самага святога – мовы дадзенай ім Богам.

І зразумела, што асноўная прычына асіміляцыйных працэсаў – гэта тое, што беларусы не размаўляюць на сваёй мове. І як вынік – іх дзеці ўжо не адчуваюць сябе беларусамі, нават калі самі бацькі яшчэ лічаць сябе імі. Такім чынам, ужо першае пакаленне праз рускую мову індэнтыфікуе сябе з іншай нацыяй. І гэты працэс безнадзейны. Другая прычына – гэта тое, што беларусы забытыя сваёй этнічнай бацькаўшчынай, якая не робіць значных захадаў аб падтрымцы сваіх суродзічаў за межамі краіны. Да гэтага часу не прыняты закон аб беларускіх суайчынніках. Атрымліваецца, што беларус па-за межамі Беларусі – чужы для яе і ўспрымаецца як замежны грамадзянін. І такім чынам, калі за людзьмі іншых нацыянальнасцяў стаяць іх этнічныя дзяржавы, за беларусамі ніхто. Тамму выгадна быць рускім, палякам, але толькі не беларусам. А наколькі было б прыемна прыехаць беларусу ў Беларусь і пачувацца там суродзічам, а не чужынцам.

Гэта асноўныя дзве праблемы, якія дыскутаваліся ў часе канферэнцыі, удзельнікі якой сабраліся, каб абмеркаваць праблему захавання беларускай нацыі.

Адкрыццё канферэнцыі. Злева направа: Хведар Нюнька, Леакадзія Мілаш, Алесь Адамковіч

Праца канферэнцыі распачалася з прывітальнага слова ад імя арганізатараў, з якім выступілі вядучая Леакадыя Мілаш і старшыня ТБК Хведар Нюнька. Затым была абраная рэдакцыйная камісія, у склад якой увайшлі Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Валянцін Голубеў, Радзім Гарэцкі і аўтар гэтых радкоў. Асноўная задача рэдакцыйнай камісіі – выпрацаваць тэксты рэзалюцыі і зваротаў да розных дзяржаўных інстытуцый з тым, каб засведчыць аб праблемах, якія паўсталі перад беларускай нацыяй.

Пачынаючы працу канферэнцыі, Хведар Нюнька зазначыў, што сама канферэнцыя носіць закрыты характар, таму на яе працу не былі запрошаныя журналісты. Затым кораценька ахарактаразаваў праблемы, якія паўстаюць перад працай Таварыства беларускай культуры. За 25 гадоў працы ёсць чым і пахваліцца. Гэта і прыдбанае ва ўласнасць памяшканне, гэта і зямельны пляц пад пабудову культурна-асветніцкага цэнтра імя Якуба Коласа. Але цяпер перад беларусамі стаіць іншая пагроза: пагражае згуба незалежнасці Беларусі. У краіне пануе антыбеларускі рэжым, які знішчыў усё беларускае, у краіне ёсць палітычныя вязні. Спадар Хведар таксама зазначыў, што масавая асіміляцыя беларусаў назіраецца і ў Літве. З кожным перапісам насельніцтва іх усё менш і менш. І на жаль, гэты працэс у дадзены момант спыніць немагчыма. Далей прамоўца засяродзіў увагу на тым, што беларусы не размаўляюць на сваёй роднай мове: “Мы не можам называць беларусам таго, хто не размаўляе на сваёй роднай мове”. Але на жаль, з кожным годам колькасць рускамоўных беларусаў павялічваецца, у чым палягае нацыянальная трагедыя.

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская ў сваіх выступах засяродзілі ўвагу на праблемах працы ў беларускіх дыяспарах у розных краінах. Сёння зразумела, што калі не будзе весціся ніякая праца з беларускімі дыяспарамі, яны проста перастануць існаваць.

Прамаўляючы да выступоўцаў, Станіслаў Шушкевіч выказаў нечаканы тэзіс, што нельга выкладаць фізіку на беларускай мове, бо не хапае спецыяльнай тэрміналогіі, з чым не пагадзіўся Валянцін Голубеў, зазначыўшы, што дастаткова маецца слоўнікаў і магчыма рабіць калькі з ангельскай мовы, калі сапраўды не хапае тэхнічных тэрмінаў. Таксама Станіслаў Шушкевіч прэзентаваў сваю кнігу, якая выйшла на рускай мове. На думку паважанага сп. Станіслава, для таго, каб захаваць беларускасць, трэба прывабіць ёй сучасную беларускую моладзь, у адваротным выпадку мы яе проста страцім.

Станіслаў Шушкевіч

Валянцін Голубеў выказаў меркаванне, што праблема захавання беларускай нацыі залежыць не толькі ад палітычнай абстаноўкі, але і эканамічнай. Чалавек выбірае дзе яму лепей. Не ўсе такія ахвярныя людзі, якія будуць рваць на сабе кашулю і казаць: “Мы беларусы”. Далей сп. Валянцін зазначыў, што тады, у пачатку 90-ых гг., не ўсё зрабілі для беларускіх суполак за мяжой. А пасля прыйшоў чалавек, які адкінуў усе беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Сёння так атрымліваецца, што і Літоўскай дзяржаве эканамічна выгадна працаваць з афіцыйным Мінскам. Эканоміка таксама шмат вырашае. Але зразумела, што афіцыйны Мінск ніколі не падтрымае беларускія суполкі замежжа, якія стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам. Але, на жаль, без матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі вельмі цяжка падтрымліваць беларускі дух і трэба штосьці рабіць.

Прадстаўнік новай хвалі беларускай эміграцыі старшыня Грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве HUB Алег Мяцеліца падзяліўся сваім аптымізмам наконт беларускасці як у Беларусі, так і замежжы. Ён лічыць, што не ўсё так кепска і не ўсё страчана. На яго думку, калі зменіцца сітуацыя ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, шмат асіміляваных беларусаў зноў стануць беларусамі. Бо цяпер проста эканамічна выгодней быць палякамі, рускімі, чым беларусамі. І як прыклад сп. Алег узгадаў канцэрт Ляпіса Трубяцкога ў Вільні, калі палякі рабіліся беларусамі, слухаючы песні гэтага спевака. Таму варта ствараць такія вось прадукты, якія дапамагаюць беларусам адчуваць сябе беларусамі.

Становішчам беларусаў у Эстоніі і Латвіі падзяліліся Зінаіда Клыга і Вячка Целеш.

Зінаіда Клыга адзначыла, што беларусаў у Эстоніі няшмат: 12 тысячаў (менш за 1 %). Нягледзячы на гэта, існуе некалькі беларускіх суполак у розных гарадах гэтай краіны. Нават на дзяржаўным радыё маецца беларуская праграма. Сама Зінаіда, нягледзячы на тое, што з маленства была адарваная ад Беларусі, цудоўна валодае беларускай мовай, захавала беларускую душу і вельмі прыгожа і душэўна спявае песні на беларускай мове. Сп. Зінаіда прадстаўляе беларускую арганізацыю Эстоніі БЭЗ (Беларускае Эстонскае Згуртаванне), якая сёлета адзначыла 24-гадавіну сваёй дзейнасці. А сама суполка з большага трымаецца на старых каранях.

Становішча беларусаў у Латвіі крыху іншае. Аб гэтым распавядаў спадар Вячка Целеш. Там яны сярод нацыянальных меншасцяў на другім месцы. Але там існуе вялікая праблема – яны практычна ўсе рускамоўныя. І беларусы там падзеленыя на два лагеры, як і ў Літве: на «чэсных» і «нячэсных». У Рызе працуе беларуская школа, але на жаль, беларускага ў ёй мала. Таксама, у адрозненне ад Літвы, няма ў беларускіх арганізацыях прытоку новых кадраў. А гэта таксама абцяжарвае працу.

Выступаючы, Уладзімір Арлоў, звярнуў увагу на тое, што трэба ў Вільні захаваць памяць Кастуся Каліноўскага. Сёлета спаўняецца 150 гадоў з пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстання на Беларусі і Літве. Вельмі добра было б выправіць памылковую дату на шыльдзе, якая ўсталяваная на месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. А таксама добрым было б распачаць захады па ўсталяванні памятнай табліцы на меркаваным месцы пахавання К. Каліноўскага. Сёння назіраецца вялікая праблема, калі многія прыпявалы рэжыму дагаварыліся да таго, што Каліноўскі і яго паплечнікі былі тэрарыстамі і ворагамі беларускага народа. Трэба даць годны адказ на такія заявы. І далей сп. Уладзімір прадоўжыў: “Калі я чытаю ў школьных падручніках, што гаспадзін Мураўёў-вешальнік быў прагрэсіўны рэфарматар, я проста згадваю словы Алеся Дудара, напісаныя ў 30 гг.:

Плююць на сонца і на дзень.

О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?

Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,

Нашчадкам мураўёўскім гэтым...

А яшчэ аказваецца, Мураўёў быў мадэрнізатарам нашай нацыі…”

І ў завяршэнні спадар Уладзімір зазначыў, што ідэі паўстання Каліноўскага былі ўвасобленыя ў ідэалах БНР.

Міхась Скобла ў часе канферэнцыі прэзентаваў кнігу лістоў і ўспамінаў Зоські Верас “Я помню ўсё”. У гэтай кнізе сабраныя не толькі ўсаміны Зоські Верас, але і ўся беларуская гісторыя бурлівага ХХ ст. Нягледзячы на свой узрост, гэтая жанчына да драбніц памятала самыя важныя падзеі, якія адбываліся на працягу яе жыцця і былі звязаныя са знакавымі асобамі ў беларускай гісторыі. Тут і знаёмства з Максімам Багдановічам і шматгадовая перапіска з Ларысай Геніюш, Алесем Белакозам і іншымі знакавымі асобамі беларускай рэчаіснасці. У яе лістах спадзяванне, боль, расчараванне і надзея… Зразумела, выкліканыя лёсам Беларусі. І як зазначыў паважаны Міхась Скобла, менавіта Зоську Верас можна лічыць самай велічнай асобай у старонцы віленскіх беларусаў. І калі паўстае пытанне, каму неабходна яшчэ ўсталяваць памятную шыльду ў Вільні, тут відавочны адказ – Зосьцы Верас.

Спадар Алег Трусаў у сваёй прамове быў больш аптымістычным. На яго думку, вялікай пагрозы для беларускай мовы няма. У дадзены момант важна захаваць трасянку і далучыць да яе як мага больш людзей. Людзей, якія размаўляюць на беларускай літаратурнай мове, каля 3-4 %, каля 30 % на трасянцы. Таму для захавання мовы, важныя і гэтыя людзі. Праўда, ужо дажыліся да таго, што беларусы не чуюць жывой беларускай мовы. І гэта вялікая праблема, бо значная частка беларусаў ужо не можа правільна чытаць і вымаўляць па-беларуску. Але, па словах Алега Трусава, яго арганізацыя Таварыства беларускай мовы робіць вельмі шмат, каб ужыванне беларускай мовы захоўвалася на ранейшым узроўні і хаця б крыху пашыралася. Скажам, сёння ў Менску толькі 2 % вучняў навучаецца на беларускай мове. Таму ўсім вельмі шмат трэба працаваць на захаванне нацыянальнай мовы.

У далейшых прамовах, якія ў многім пераклікаліся з папярэднімі выстопоўцамі, гучала занепакоенасць лёсам беларускай нацыі і мовы. Выступалі Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Юрка Станкевіч, Анатоль Астапенка і інш. У іх словах - спадзяванне на  тое, што Беларусь не знікне і будзе жыць далей, беларуская нацыя і яе мова неўміручыя. Але без беларускай мовы няма беларускай нацыі. І тут прыгадваюцца радкі верша Наталлі Арсенневай:

Каб не мова,

Даўно мы растаялі,

Расплыліся імглой між чужых,

Збеглі ў вырай жураўлінаю стаяю…

Але з мовай –

І мы будзем жыць.

Вядомы беларускі рэжысёр Вольга Мікалайчык прэзентавала свае новыя фільмы, якія закранаюць самую балючую старонку найноўшай гісторыі – наяўнасць у краіне палітвязняў. У яе стужках выразна бачная боль за краіну і боль за людскія душы, якія не скарыліся перад антыбеларускім рэжымам, захавалі сваю годнасць, за што і цярпяць. І ў іх цярпенні, своеасаблівым пратэсце, надзея на тое, што Беларусь будзе вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай.

Другая частка мерапрыемстваў – адзначэнне юбілея паважанага старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве спадара Хведара Нюнькі. Вось ужо каля 25 гадоў ён кіруе гэтай арганізацыяй, якая стаіць на шляху дэмакратызацыі Беларусі, змагаецца за яе волю і незалежнасць пад бел-чырвона-белам сцягам і гербам Пагоня. І ад гэтых сімвалаў і ідэалаў Таварыства не адмовілася і не адступіла ні на крок.

Віншуючы юбіляра, многія адзначылі яго вялікі ўклад у захаванне, пашырэнне і прапаганду беларускасці ў Літве. Менавіта стараннямі Хведара Нюнькі ў Вільні ўсталявана больш за дзясятак шыльдаў беларускім дзеячам, была адкрытая і працуе Віленская сярэдняя беларуская школа, Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры на філалагічным факультэце Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі, на віленскіх могілках Росы ўсталяваныя помнікі братам Івану і Антону Луцкевічам, Францішку Аляхновічу. Дзякуючы яму многія літоўцы ведаюць, што беларусы таксама маюць сваю старонку ў гісторыі літоўскай сталіцы. І сёння Таварыства праводзіць вялікую працу па захаванні беларускасці ў Літве. Сп. Шушкевіч зазначыў, што прыязджаючы ў Вільню, ён па-беларуску размаўляе больш, чым у самой Беларусі.

Важным з’яўляецца той факт, што народзіны сп. Нюнькі прыпадаюць на той самы дзень, што і Барыса Кіта, якому споўнілася 103 гады. Удзельнікі юбілея даслалі віншаванне і паважанаму сп. Барысу.

Хведар Нюнька віншуе Барыса Кіта са 103-годдзем

Усе госці на юбілеі жадалі Хведару і надалей заставацца маладым, поўным аптымізму і працаваць далей дзеля пашырэння і захавання беларускасці, якая ўсіх і сабрала ў гэты юбілейны вечар.

На другі дзень працы былі выпрацаваныя і прынятыя тэксты рэзалюцыі і зваротаў у розныя інстытуцыі.

Таксама прагучалі новыя выступленні і адбылося некалькі дыскусій.

Падчас завяршэння канферэнцыі было зазначана, што прыехалі ў Вільню беларусы з розных краінаў, а гэта дало магчымасць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, а таксама распавесці аб агульных праблемах, з якімі сутыкнуліся суродзічы ў розных краінах Еўропы. Было выказана таксама жаданне, каб такія канферэнцыі арганізоўваліся і ў іншых краінах, дзе пражываюць беларусы. Гэта дае магчымасць не толькі сустрэцца беларусам і пазнаёміцца, але таксама засведчыць свету аб сваім існаванні і праблемах, якія паўсталі перад нацыяй.

Алесь Адамковіч

Фота Паўла Марыніча

Вялікі фотарэпартаж з канферэнцыі глядзіце тут