Сваё 20-годдзе адзначае кафедра беларускай філалогіі ў Беластоцкім універсітэце.
Сваё 20-годдзе адзначае кафедра беларускай філалогіі ў Беластоцкім універсітэце. За гэты час беларускі філалагічны факультэт закончылі шмат асобаў, якія і сёння дзейнічаюць на беларускай ніве. Пра гэта карэспандэнту Радыё Рацыя расказала загадчыца кафедры беларускай філалогіі прафесар Галіна Тварановіч:
- Маем ўжо каля двухсот магістраў і ліцэнсіятаў. Нашыя выпускнікі працуюць у самых розных сферах. Зразумела – гэта настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ў школах, шмат нашых выпускнікоў працуе ў сродках масавай інфармацыі.
РР: Як выглядаюць дасягненні тых асоб, якія засталіся працаваць на кафедры беларускай філалогіі?
Галіна Тварановіч: Зараз на кафедры працуе 9 супрацоўнікаў. І шасцёра з іх – выпускнікі менавіта нашага факультэта беларускай філалогіі. З іх трое ўжо абаранілі доктарскія дысертацыі, а трое – на шляху да абароны дысертацый. За гэтыя гады мы досыць шмат зрабілі. Менавіта на нашай кафедры выйшла першая ў Польшчы хрэстаматыя па старабеларускай літаратуры. Аліна Філіновіч і Людміла Сегень падрыхтавалі дапаможнік па беларускай мове. У 2012 годзе выйшаў дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў-русістаў. Аўтар яго - Анна Грэсь. Таксама пабачыла свет кніга доктара Анны Саковіч, прысвечаная прозе Літаратурнага аб'яднання «Белавежа».
Беларуская філалогія распачыналася як навучанне беларускай мове і літаратуры. А астатнія прадметы: і гісторыя Беларусі, і культура Беларусі - мусілі дапамагаць паглыбленаму вывучэнню галоўных прадметаў, мусілі рыхтаваць кваліфікаванага філолага. Была такая старонка ў гісторыі развіцця нашай беларускай філалогіі, калі імкнуліся паяднаць культуру з філалогіяй і гісторыю з філалогіяй, аднак аказалася, што праграма навучання на філалогіі не можа вытрымаць такіх патрабаванняў. Не атрымалася.
РР: Нядаўна беларускай філалогіі пагражала тое, што ўвогуле не адкрыецца першы курс. Ці былі такія праблемы сёлета і ці не будзе іх у будучыні?
Галіна Тварановіч: Калі б мы не мабілізаваліся (я гэта кажу з поўным правам) і не дадалі да беларускай філалогіі англістыку, нас бы ўжо проста не існавала. Таму што гэта патрабаванні цяперашняга часу. Мы ведаем, што кожны кірунак мае свае праблемы са студэнтамі. Таму мне здаецца, што цяперашняя сітуацыя, калі студэнт беларускай філалогіі атрымлівае яшчэ дадатковыя, грунтоўныя веды па ангельскай мове – гэта аптымальны варыянт у цяперашні час.
Госці з Варшавы, Любліна, Берасця, Мінска ды Гародні, а таксама прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Польшчы прыедуць на святкаванне 20-годззя беларускай кафедры. Імпрэза адбудзецца сёння а 15-ай гадзіне ў актавай зале філалагічнага факультэта пры Універсітэцкай плошчы, 1.
З Галінай Тварановіч гутарыла Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток