Вучні беларускай нядзельнай школы ў Малдове правялі інтэрактыўны спектакль-абрад «Гуканне вяны».

Спакон вякоў прыход вясны абуджае светлыя і радасныя пачуцці нават у самым счарсцвелым чалавеку. Жывучы ў сонечнай Малдове, мы радуемся гэтай чароўнай пары года і яе цяплу звычайна крыху раней, чым нашыя суайчыннікі ў Беларусі. Але сёлета і ў нас зіма зацягнулася неяк асабліва на доўгі тэрмін. І мы з дзеткамі беларускага нядзельнага класа, памятаючы старадаўнюю беларускую традыцыю, задумалі паспрабаваць грунтоўна пагукать вясну ў Кішынёў.

Спакон вякоў прыход вясны абуджае светлыя і радасныя пачуцці нават у самым счарсцвелым чалавеку. Жывучы ў сонечнай Малдове, мы радуемся гэтай чароўнай пары года і яе цяплу звычайна крыху раней, чым нашыя суайчыннікі ў Беларусі. Але сёлета і ў нас зіма зацягнулася неяк асабліва на доўгі тэрмін. І мы з дзеткамі беларускага нядзельнага класа, памятаючы старадаўнюю беларускую традыцыю, задумалі паспрабаваць грунтоўна пагукать вясну ў Кішынёў.

Хацелася зрабіць вельмі светлае, пазітыўнае свята, напоўненае дзіцячым смехам, радасцю і вясёласцю. Было вялікае агульнае жаданне захаваць і данесці асноўны сэнс старажытнага беларускага абраду Гуканне вясны, які заключаецца ў тым, каб шчыра дапамагчы багіні вясны Лялі як мага хутчэй ўзысці на свой законны прыродны пасад. А дасягнуць гэтага можна толькі адным чынам – паказаць нашыя самыя светлыя і радасныя пачуцці да яе. Хоць цяпер у Беларусі Гуканне вясны звычайна святкуюць у канцы сакавіка, але нам з некаторых тэхнічных абставінаў давялося перанесці нашае свята на пачатак красавіка. Тады ўзнікла яшчэ адна выдатная ідэя зрабіць яго менавіта 7 красавіка, акурат на вялікае свята Дабравешчання. Так вельмі выдатна і сімвалічна ўсё супала, бо гэтае свята мае старажытныя карані, калі прыходам вясны лічылася менавіта Дабравешчанне. Спрадвеку беларусы казалі: «На Дабравешчанне вясна зіму адольвае», альбо: «Да Дабравешчання зіму не лай ды сані трымай».

Сцэнар неяк вельмі арганічна перацёк з маіх думак на лісты паперы, і нарадзіліся беларускамоўныя ролі з улікам індывідуальных асаблівасцяў маіх вучняў. Такім чынам з'явіліся выдатныя гукальшчыкі вясны, «прыгажун» Лясун з вельмі негатыўным намерам ніколі больш не адпускаць да нас вясну, якога дэлегаваў да нас бог беларускай зімы Зюзя, і, натуральна, сама багіня вясны прыгажуня-Ляля.

Мае маленькія беларускія вучні вельмі адказна ўзяліся за працу, паколькі падрыхтоўчых справаў да гэтага прыгожага беларускага абраду было вялікае мноства. Дзякуючы шчыраму жаданню дзетак і іх працаздольнасці, мы паспяхова ўвасобілі ўсе свае задумкі. Вывучылі ролі, песні-вяснянкі і тэматычныя вершы па-беларуску. Пад аўтэнтычную беларускую музыку ўсе разам развучылі абрадавыя карагоды ды танцы, у больш сучасным удасканаленні якіх удзельнічалі самі дзеці. У нас з'явілася амаль што сакральнае гукальнае дрэва, упрыгожаныя абрадавыя галінкі вярбы, мноства птушачак-сувеніраў, выдатныя касцюмы і, вядома ж, бясцэнны вопыт. Асабліва шмат эмоцый як у дзяцей, так і ў іх бацькоў выклікала стварэнне вобразу жудаснай бабы Марэны. Дарэчы сказаць, большасць беларусаў нашай абшчыны нават і не ведала, што ў беларускай міфалогіі ёсць такі смяротны зімовы дух, які ўсю зіму пануе разам з Марозам над зямлёй і людзьмі. I сапраўды, на ўсеагульнае захапленне баба Марэна атрымалася вельмі статутнай і ўладарнай, нават было неяк шкада яе спальваць, але абрад патрабуе ахвяр!

У нас з дзецьмі ўжо меўся досвед выступлення на публіцы, аднак хваляванне суправаджала ўсіх, бо гэтым разам аўдыторыя ў Дэпартаменце міжэтнічных адносін сабралася досыць вялікая і шматпаважаная. Гледачамі нашага спектакля-абраду «Гуканне вясны» сталі шматлікія члены Беларускай абшчыны ў Малдове, супрацоўнікі беларускага Пасольства ў Кішынёве, прадстаўнікі Бюро міжэтнічных адносін Малдовы, а таксама сябры з рускай, украінскай, эстонскай, грузінскай і іншых суполак і этнакультурных арганізацый, якія дзейнічаюць у рэспубліцы.

Кульмінацыйным дзеяннем, якое ачышчала душу і сэрца ад зімы, што даўно паспела ўсім надакучыць, стала спальванне бабы Марэны. Усе ўдзельнікі свята разам з запрошанымі гасцямі выйшлі ў двор Дэпартамента міжэтнічных адносін і пачалі дружна спяваць з дзеткамі на беларускай мове гукальныя песні-вяснянкі, якія былі адмыслова падрыхтаваныя на аркушах паперы. А потым пад працяглы беларускі гук «Гу-у-у» ўсе разам падкідвалі папяровых жаўрукоў, якія падарыла нашая прыгажуня-Ляля. Атрымалася сапраўды інтэрактыўная і кульмінацыйныя дзея, якая прынесла ўсім сапраўднае задавальненне. Вось як выказалася старшыня Асамблеі народаў Малдовы спадарыня Ганчарова Вольга Ігараўна: «Я зразумела, чаму так доўга ў Малдове няма прыходу сапраўднай вясны, хоць Масленіца ўжо даўно прайшла. Мабыць, уся справа была ў тым, што беларусы яе яшчэ не гукалі!»

Было відавочна, што наш спектакль-абрад «Гуканне вясны» даставіў прысутным шмат радасці і пазітыўных эмоцый. Ва ўзнагароду ўсе вучні беларускай нядзельнай школы атрымалі ганаровыя граматы, падарункі і пачастункі ад Савета Беларускай абшчыны Малдовы, падзяку Пасольства Беларусі і безліч прыемных цёплых словаў ад гасцей нашага свята.

Вось імёны маіх вучняў-артыстаў, якія, жывучы так далёка ад Беларусі і маючы ў сваіх жылах і іншую этнічную кроў, акрамя беларускай, так актыўна прапагандуюць беларускія традыцыі і развіваюць культурную самабытнасць беларускага народа:

Анфінагенава Альбіна - 8 гадоў;

Афтэніе Арына - 8 гадоў і Афтэніе Эвеліна - 6 гадоў - дзве сястрычкі;

Батура Аліса - 12 гадоў;

Дауд Юна - 18 гадоў;

Мазур Цімафей - 6 гадоў і Мазур Артур - 3 гады - два браты;

Мацукоў Уладзімір - 4 гады;

Тайнік Аляксей - 13 гадоў і Тайнік Вольга - 8 гадоў - брат і сястра.

Шчыра спадзяюся, што і іншым замежным прадстаўнікам Беларусі наш вопыт паслужыць пазітыўным прыкладам! А каб беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся, з павагай і цікавасцю ўспрымалі іншыя этнасы, патрэбна толькі нашае жаданне!

Ганна Мазур-Вайняровіч,

кіраўнік беларускай нядзельнай школы

нам. старшыні беларускай абшчыны ў Малдове