У Смаленску створаць рэгіянальнае аддзяленне беларускага зямляцтва.
У Смаленску створаць рэгіянальнае аддзяленне беларускага зямляцтва. Адбыўся сход з нагоды адкрыцця рэгіянальнага аддзялення Таварыства беларускай мовы. Смаленскае прадстаўніцтва беларускага зямляцтва будзе насіць імя Францыска Скарыны, у ім будуць вывучацца беларуская мова і культура, а таксама яно заклікана дапамагчы беларусам Смаленшчыны знайсці вучобу, працу і месца пражывання, зазначае намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім:
- Гэта іх ініцыятыва. Ніхто адмылова не ствараў гэтую суполку. Проста некаторыя людзі – выхадцы з Беларусі, некаторыя маюць беларускія карані. Відаць, нам Бог спрыяе, што людзі ў розных месцах свету пачынаюць адчуваць сябе беларусамі і імкнуцца штосьці зрабіць. І вось мы адчулі такое пакліканне і вырашылі нешта зрабіць для сваёй краіны, свайго народа, культуры і гісторыі. Пачалі са стварэння Таварыства беларускай мовы.
Паводле перапісу насельніцтва ў 2010 годзе, беларусамі сябе назвалі 12 тысяч чалавек, што пастаянна пражываюць у Смаленску і маюць пашпарт грамадзяніна Расіі. У горадзе вучыцца 511 студэнтаў з замежжа, 499 - гэта беларусы.
Вадзім Батура, "Беларускае Радыё Рацыя"