Не стала выбітнага беларуса Георгія Валкавыцкага

Пайшоў з жыцця Георгі Валкавыцкі – заснавальнік і шматгадовы галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Георгі Валкавыцкі памёр у нядзелю, 7-га красавіка, яму было 90 гадоў.

Пайшоў з жыцця Георгі Валкавыцкі – заснавальнік і шматгадовы галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Георгі Валкавыцкі памёр у нядзелю, 7-га красавіка, яму было 90 гадоў.

Кажа цяперашні галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа:

Георгі Валкавыцкі - шматгадовы рэдактар «Нівы». Гэта сапраўдны валун у галіне пісьменства, у галіне беларускай журналістыкі на Беласточчыне. Гэта ён стварыў тыднёвік «Ніва», паказаў, што гэты тыднёвік можы быць цікавы і карысны. А самае галоўнае – беларускае слова вывеў на шырокую прастору роднай мовы, прыгожага літаратурнага пісьменства. Калі быў «жалезны занавес», ён супрацоўнічаў і друкаваў менавіта аўтараў з Беларусі. Ён ламаў гэты занавес пры дапамозе беларускага слова. Вопытны, сардэчны, цёплы чалавек, якога нядаўна мы святкавалі 90-гадовы юбілей. Ён адзін з тых белавежскіх дубоў, які зараз памаленьку адышоў у спакой.

* * *

«Гэта быў чалавек-інстытуцыя, які трымаў на сабе шмат якія справы беларусаў Падляшша, але пры гэтым сам заставаўся ў ценю,» - кажа пра Георгія Валкавыцкага шматгадовы карэспандэнт тыднёвіка «Ніва» Ян Мордань:

- Гэта як карэнне ў дрэве: усе бачым дрэва, але не ўяўляем на штодзень, што дзякуючы гэтым малапрыкметным карэнням гэтае дрэва жыве. Калі да яго прыходзіў, то адчувалася, што гэта вялікая постаць, якая многае ведае, але непрыкметна ўсім кіруе, і кіруе вельмі добра. Таму тое, што ён стварыў, застанецца ў вяках. За гэта яму дзякуй вялікі.

Георгі Валкавыцкі нарадзіўся ў Белавежы ў 1923 годзе. У 1956 годзе заснаваў тыднёвік “Ніва”, якім кіраваў больш за 30 гадоў. Аўтар зборніка лірыкі «Рознагоддзе» і кніжкі сатырычных вершаў «Макатразмы», а таксама некалькіх празаічных кнігаў.Пахаванне адбудзецца ў сераду ў роднай Белавежы.

Яна Запольская, "Беларускае Радыё Рацыя"

Фота тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва»

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і калегам Георгія Валкавыцкага, а таксама ўсім, хто яго ведаў. Рай светлы яго душы!