У Вільні пройдзе з’езд беларусаў Балтыі

У найбліжэйшыя выходныя ў Літве пройдзе канферэнцыя беларусаў, якія жывуць у Балтыйскіх краінах.

У найбліжэйшыя выходныя ў Літве пройдзе канферэнцыя беларусаў, якія жывуць у Балтыйскіх краінах. Як распавёў арганізатар мерапрыемства, госць сённяшняй “Раніцы з Рацыяй” старшыня “Таварыства Беларускай Культуры ў Літве” Хведар Нюнька, у сустрэчы возьме ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек і будуць абмяркоўвацца пытанні, якія тычацца дзейнасці беларускіх арганізацый Балтыі, а таксама і таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

РР: 6-га красавіка ў Літве пачнецца З’езд беларусаў Балтыі. Ці ўжо ўсё падрыхтавана ў вас для гэтай сустрэчы?

Хведар Нюнька: Гэта ўжо Пятая канферэнцыя. Першая адбылася ў 1994 годзе. Мяркуем, што з-за мяжы прыедзе каля 30 чалавек, а ўсяго ўдзельнікаў будзе каля 60 чалавек. Акрамя беларусаў Літвы возьмуць удзел прадстаўнікі з Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Чэхіі. Магчыма, што яшчэ хтосьці будзе з далёкага замежжа.

РР: Якія пытанні будзеце абмяркоўваць?

Хведар Нюнька: Падзелімся сваімі поглядамі, дасягненнямі. Абмяркуем сітуацыю ў Беларусі, бо мы сваімі думкамі заўсёды туды звяртаемся. Нас непакоіць русіфікацыя, якая адбываецца ў Беларусі. Гэта драматычны стан беларускай мовы, калі яе выцеснілі не толькі са сродкаў масавай інфармацыі, але і з так званага Парламента. Сам “прэзідэнт” абразліва адносіцца да беларускай мовы. Гэта вельмі-вельмі важна, на гэтым будзем акцэнтаваць нашу ўвагу. Акрамя таго, зробім, напэўна, заяву пра вызваленне палітвязняў. І таксама пагаворым пра незалежнасць Беларусі – бо такая пагроза існуе. І яна будзе існаваць, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Вось такія праблемы мы прапануем абмеркаваць дэлегатам нашай канферэнцыі.

РР: Хто цяпер найбольш актыўны ў беларускім жыцці на Віленшчыне? Ці бяруць у ім удзел новыя беларускія эмігранты?

Хведар Нюнька: На жаль, беларусы, якія цяпер прыязджаюць, мала далучаюцца да нашай дзейнасці. Больш актыўную дзейнасць у абароне дэмакратыі, у абароне правоў чалавека ў Беларусі праводзіць нашая арганізацыя “Таварыства беларускай культуры ў Літве”. Прыязджае шмат беларусаў, але ў асноўным, каб эканамічна лепш уладкавацца. Мы спадзяваліся, што калі сюды будзе пераведзены “Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт”, тут ажыве беларуская дзейнасць, як гэта было ў часы дзейнасці беларускай гімназіі ў міжваенны час. Але выявілася, што гэтыя студэнты мала цікавяцца беларускімі справамі. Мабыць, іх больш цікавіць тое, як пераехаць у Еўразвяз і ўладкавацца там на працу. Гэта вельмі крыўдна!

РР: Дарэчы, Станіслаў Шушкевіч вельмі адмоўна ацаніў тую ролю, якую ў нацыянальным аспекце павінен адыгрываць гэты ўніверсітэт у Вільні. Ён не выхоўвае нацыянальнасвядомыя кадры.

Хведар Нюнька: Мабыць гэта рыса нашай нацыі, нашага народу. Я вельмі перажываю, што беларусы па-за межамі сваёй краіны вельмі лёгка асімілююцца. Паводле маіх звестках, у Польшчы было каля 300 тысяч беларусаў, цяпер іх каля 40 тысяч. Гэта крыўдна. Таму беларусам Беласточчыны я б нават параіў павучыцца ў літоўцаў Польшчы, якіх у 10 разоў меней, а як яны змагаюцца, як адстойваюць родную мову, родную культуру!

Мы многаму навучыліся ў іх. Літоўцы, як нацыя, вельмі шануюць сваю мову, таму ўлады Літвы нас выдатна разумеюць і прымаюць.

РР: Вам забаранілі ўезд у Беларусь. Ці збіраецеся Вы, нягледзячы на гэта, на з’езд, які арганізуе “Бацькаўшчына”, і ці будзеце рабіць намаганні, каб адмянілі гэтую забарону?

Хведар Нюнька: Запрашэнне ёсць, але дазволу я не маю і мець не буду, я так зразумеў, хоць “Бацькаўшчына” увесь час падымае гэтае пытанне. У Літве ёсць тры чалавекі, якім забаронены ўезд у Беларусь – гэта мэр Вільні Артурас Зуокас, дэпутат Эмануэліс Зінгерыс і Хведар Нюнька.

З’езд беларусаў Балтыі пройдзе ў Вільні у найбліжэйшую суботу, 6 красавіка.

З Хведарам Нюнькам гутарыў Мікола Ваўранюк, "Беларускае Радыё Рацыя"