Беларусы Вільні ўшанавалі 95-ю гадавіну абвяшчэння БНР

Беларускае грамадства Вільні шырока адзначыла 95-ю гадавіну абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай. Гэтым разам, як і многія мінулыя гады, сабраліся ўсе, для каго Беларусь яшчэ засталася ў сэрцы і зазначылі ўсяму свету аб тым, што абвешчаныя 95 гадоў таму ідэалы пабудовы незалежнае, беларускае і дэмакратычнае дзяржавы жывыя да сёння і чакаюць свайго ўвасаблення ў жыццё.

Беларускае грамадства Вільні шырока адзначыла 95-ю гадавіну абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай. Гэтым разам, як і многія мінулыя гады, сабраліся ўсе, для каго Беларусь яшчэ засталася ў сэрцы і зазначылі ўсяму свету аб тым, што абвешчаныя 95 гадоў таму ідэалы пабудовы незалежнае, беларускае і дэмакратычнае дзяржавы жывыя да сёння і чакаюць свайго ўвасаблення ў жыццё.

Трэба адзначыць, што традыцыя святкавання даты абвяшчання БНР у Вільні мае глыбокія карані і штогод святкавалася ў Вільні, па-сутнасці, ад самаго моманту абвяшчэння новай дзяржавы. У міжваеннай Польшчы гэта было самае вялікае беларускае свята, якое аб’ядноўвала беларусаў розных накірункаў і збірала ў адну супольнасць. Сёння гэтым, на жаль, пахваліцца не можам.

У 1924 годзе беларуская газета Вільні так апісвала святкаванне шостай гадавіны абвяшчэння БНР: “А 10 гадзіне раніцы (…) пайшлі ў касцёл Св. Міколы, куды сабралася ўсё беларускае грамадзянства. Урачыстую Мшу адправіў Прафесар Віленскае каталіцкае семінарыі кс. Я. Рэшуць. Натхнёнае слова навукі сказаў кс. Адам Станкевіч на евангельскі тэкст: “Шчаслівыя шукаючыя і прагнучыя справядлівасці, бо тыя насыцяцца“. Аб 11 гадзіне ўсё грамадзянства і вучні сабраліся ў царкве Св.-Траецкіх муроў, дзе Архімандрыт Піліп у саслужэнні з Архімандрытам Палікарпам і чатырма свяшчэннікамі адправіў урачысты малебен. (…) Перад пачаткам Малебну слова сказаў сябра Духоўнай кансісторыі Свяшчэннік А. Сурвіла. Евангелле было прачытана і мнагалецце сказана ў беларускай мове. Пяяў хор вучняў Духоўнай Семінарыі, а малітву за Бацькаўшчыну выканаў хор Драматычнай майстэрні.“

Гэтым разам, на жаль, набажэнстваў не было ні ў праваслаўнай, ні ў каталіцкай цэрквах. На вялікі жаль, беларускае грамадства Вільні так і не мае сваіх душпастыраў, якія маглі б рупіцца духоўнымі патрэбамі беларускага народа.

Урачыстае святкаванне 95-й гадавіны пачалося з ускладання вянка і кветак да магілы братоў Луцкевічаў на Віленскіх могілках Росы. Менавіта Луцкевічы належалі да тых, хто спрычыніўся да абвяшчэння БНР. Прыйшла зусім невялікая колькасць людзей, якая падкрэсліла, што беларускае грамадства Вільні з кожным годам усё больш і больш абыякава ставіцца да сваіх нацыянальных святаў.

Ля ўмоўнай магілы братоў Луцкевічаў выступілі Кірыл Атаманчык, Хведар Нюнька, Станіслаў Шушкевіч. Усе яны адзначылі важнасць гэтага свята і выказалі спадзяванне на адраджэнне Беларусі.

Каля помніка братам Луцкевічам

Святу 25 сакавіка папярэднічала чарговая гадавіна з дня смерці Кастуся Каліноўскага, калі віленскае беларускае грамадства і госці Вільні ўшанавалі памяць аднаго з найслаўнейшых сыноў беларускай зямлі. Менавіта паўстанне Кастуся Каліноўскага дало штуршок да адраджэння беларускага народа, і можна сказаць, што гэта таксама і быў імпульс, які пасля перарос у абвяшчэнне БНР. 23 сакавіка ў Віленскай грэка-каталіцкай царкве Св. Тройцы прайшла паніхіда за душу Кастуся Каліноўскага, якую адслужыў грэка-каталіцкі святар з Гародні а. Андрэй Крот. У сваёй прамове ён адзначыў важнасць асобы Кастуся Каліноўскага для беларускага народа і з сумам засначыў той факт, што сёння шмат хто вядзе псеўдаспекуляцыі на тэму, а ці існаваў і змагаўся Кастусь за беларускі народ. Але дастаткова прачытаць „Мужыцкую праўду“, каб усё зразумець.

У царкве св.Тройцы

Пасля паніхіды ў грэка-каталіцкай царкве распачалося ўрачыстае шэсце ад месца пакарання Кастуся Каліноўскага смерцю на Лукішскім пляцы да яго ўмоўнай магілы на гары Гедыміна. Не ў аднаго з удзельнікаў хвалявалася сэрца ад вялікай колькасці бел-чырвона-белых сцягоў на галоўным праспекце літоўскай сталіцы. І гэтым беларусы ў чарговы раз засведчылі аб сваім існаванні і аб тым, што і ў гэтым горадзе яны маюць частку сваёй гісторыі. Таксама трэба адзначыць, што ўдзел у мерапрыемстве ўзяла маленькая колькасць віленчукоў і калі б не госці з Мінска і Варшавы, то можна было б сказаць, што віленскага беларускага грамадства ўжо не існуе. Трэба зазначыць, што ў шэсці бралі ўдзел два каталіцкія святары: грэка-каталіцкі а. Андрэй Крот і рыма-каталіцкі а. Даніла Сваяк, а таксама дэлегацыя Руху Салідарнасці "Разам".

Каля крыжа Кастусю Каліноўскаму

Арганізатарамі шэсця сталі Беларуская нацыянальная памяць (Варшава) і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Крыху іншай была сітуацыя з урачыстым святкаваннем 95-й гадавіны БНР ў Віленскай ратушы і святочным фуршэце. Там сабралася значная колькасць удзельнікаў, сярод іх вядомыя літоўскія палітыкі і грамадскія дзеячы: мэр Вільні Артурас Зуокас, чалец літоўскага Сойма Гедымінас Кіркілас, чалец літоўскага Сойма Эмануэліс Зінгерыс, Саўлюс Печэлюнас, Стасіс Каўшыніс і інш. З беларускага боку былі Станіслаў Шушкевіч, Хведар Нюнька, Аляксандр Каўбаска.

Выступае мэр А.Зуокас

Выступае Станіслаў Шушкевіч

Выступае прарэктар ЭГУ А.Каўбаска

Прамоўцы галоўным чынам засяроджвалі ўвагу на самой даце 25 сакавіка і важнасці падзеі абвяшчэння незалежнасці БНР як для беларускага, так і літоўскага народаў. Нямала гаварылася і пра тое, што літоўцы павінныя дапамагчы беларусам у іх шляху да волі. Эмануэліс Зінгерыс у сваім выступе засяродзіў увагу на тым, што неабходна працягваць санкцыі супраць беларускага рэжыму, перадусім візавыя, бо так не павінна быць, калі лукашэнскія чыноўнікі на роўных сустракаюцца з еўразвязаўскімі. Тыя, што бяруць удзел у парушэнні правоў чалавека і яго свабод у Беларусі, павінны ігнаравацца палітыкамі з дэмакратычных краін.

Старшыня ТБК Хведар Нюнька ад імя прэзідэнта БНР Івонкі Сурвілы зачытаў святочнае віншаванне.

Святочнае мерапрыемства завяршылася канцэртам фальклорнага гурта „Akana NHS“. У іх спеваў адкрыўся свет тысячагадовых беларусаў з іх вераваннямі і традыцыямі. Удзельнікі гурта парадавалі гасцей святочнага мерапрыемствва старажытнымі архаічнымі песнямі, якімі жылі беларусы тысячагоддзі і такім чынам захаваліся як народ. Магчыма, усе нашыя сёняшнія беды ад таго, што зракліся традацый і мовы сваіх прашчураў.

Фальклёрны дуэт "Akana NHS"

У доме правоў чалавека ў Вільні 27 і 28 сакавіка праводзіўся паказ аўтарскіх фільмаў. Першае ўражанне ад прагляду 27 сакавіка: да нас завіталі госці з расійскай правінцыі і прадставілі нам сваё мастацтва. Адзінае выключэнне: фільм Андрэя Такінданга. Сумна, што беларусы настолькі зрусіфікаваліся, што ўжо нават успрымаюць як аксіёму, што беларуская мова зусім непатрэбная. Непатрэбная яна і ў сучасным мастацтве. Асіміляцыя беларусаў адбылася. На жаль, і самі не заўважылі таго, як аказаліся расійскай правінцыяй не толькі ў палітычным, але ўжо і культурным кантэксце.

Беларускі тыдзень у Вільні завяршыўся 30 красавіка. У першай палове адбыўся дзень адчыненых дзвярэй у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, а таксама сустрэча з адміністрацыяй. Увечары ў віленскім клубе LOFTAS прайшоў фэст «Feel Free!» з удзелам беларускіх музычных гуртоў «Крамбамбуля» і «Нейра Дзюбэль», а таксама літоўскай музычнай групы «Biplan». Варта адзначыць, што клуб быў напоўнены маладымі людзьмі, і гэта ў чарговы раз засведчыла, што моладзь літоўскай сталіцы ў той ці іншай ступені ўсё ж такі цікавіцца беларускай культурай, у той час, як у Беларусі гэтая культура становіцца цалкам непатрэбнай і паступова ператвараецца ў прыдатак да суседняй рускай культуры.

Гэтым разам можна сказаць, што святкаванне Дня Волі ў Вільні стала не толькі традыцыйным, але перарасло ў больш шырокае і масштабнае мерапрыемства, якое адзначаецца цягам тыдня. А гэта дае падставы верыць і ў хуткае адраджэнне Беларусі.

Віншуем усіх Беларусаў з гэтым самым вялікім святам у нашай гісторыі!

Жыве Беларусь!

Прэс-служба ТБК