28 сакавіка ў адным з найстарэйшых музеяў Малдовы - Нацыянальным музеі прыроды і этнаграфіі - адбылося адкрыццё прыгожага вернісажа «Зямля і неба». Аўтар прадстаўленых на ім работ - наш зямляк, выдатны беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка.
28 сакавіка ў адным з найстарэйшых музеяў Малдовы - Нацыянальным музеі прыроды і этнаграфіі - адбылося адкрыццё прыгожага вернісажа «Зямля і неба». Аўтар прадстаўленых на ім работ - наш зямляк, выдатны беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка.
Безумоўна, кожная персанальная выстава Вячаслава Ігнаценкі - яркая падзея ў культурным жыцці Кішынёва. Асаблівасць трыццаць пятага юбілейнага вернісажа - выдатная метафарычнасць, бо прымеркаваны ён да Міжнароднага дня птушак. Птушкі, як і сапраўднае мастацтва, былі і ёсць своеасаблівым пасрэднікам паміж тленным светам людзей і найвышэйшым духоўным абсалютам. Творчасць Вячаслава Ігнаценкі як цудоўны ўзор сапраўднага мастацтва прымушае кожнага хоць на секунду спыніцца і задумацца пра нешта сваё, але абавязкова ўзнёслае, прыгожае, сапраўднае і вечнае.
«...Вясна. Пішу эцюд ля ракі. Вакол птушак так шмат, што могуць зачапіць крылом. Спяваюць, ціўкаюць, чуваць, як кукуе зязюля. Гудуць пчолы. Пралятаюць матылькі. Жабы квакаюць на ўсе лады. Уражанне ад усяго, як быццам трапіў на канцэрт, які стварыла сама прырода. Усе радуюцца вясне, пачатку жыцця. Запомнілася. Потым часта ўспамінаў. Даўно хацеў зрабіць такую выставу пейзажа, дзе адлюстравана прырода, а побач птушкі, чуваць іх спевы, шум вясновага ветру і дажджу, раскаты грому, каб глядач адчуў атмасферу, у якой працаваў мастак», - такі эпіграф напісаў Вячаслаў Ігнаценка ў буклеце да сваёй выставы.
І сапраўды, як толькі пераступаеш парог музея, адразу ж трапляеш у цалкам іншую атмасферу зачаравання, сапраўднай прыроднай размеранасці і спакою. Класічныя пейзажы Вячаслава Ігнаценкі ў іх досыць вялікай колькасці (57 прац) настолькі гарманічна глядзеліся на сценах Нацыянальнага музея прыроды і этнаграфіі, нібы тыя заўсёды былі іх домам. На выставе «Зямля і неба», якая будзе праходзіць да 21 красавіка, нават самаму спрактыкаванаму гледачу, безумоўна, ёсць на што палюбавацца. Тут прадстаўлена і яркая цудоўная прырода Малдовы, і Украіна з яе велічнымі горнымі хрыбтамі, і, вядома, незабыўныя любімыя віды роднай Беларусі. «Прастор», «Вечнасць», «Першыя ластаўкі», «Цішыня», «Сакавік», «Раніца на Днястры», «Вярба заквітнела», «Луг», «Узлесак», «Цвіценне вішні» - гэта толькі нешматлікія назвы выдатных твораў мастака Вячаслава Ігнаценка.
Прыгожым дадаткам да цудоўных краявідаў майстра, які заінтрыгаваў шматлікіх гасцей, стала інсталяцыя вернісажа «Зямля і неба». Яна была прадстаўлена гучнымі галасамі беларускіх птушак і папяровымі птушачкамі - вырабамі маленькіх вучняў мастака. Дзеткі беларускай нядзельнай школы ад трох да васьмі гадоў спецыяльна для выставы іх настаўніка Вячаслава Ігнаценкі стварылі сваімі рукамі маленькіх жаўрукоў - першых птушак вясны, якія ў беларускай язычніцкай міфалогіі прыносяць у сваіх дзюбах ключы ад вясны. Такім чынам, праз гэтых маленькіх папяровых птушачак усім гасцям выставы былі падараваныя чароўныя метафарычныя ключы ад вясны і іскрынка сапраўднага цяпла ад дзяцей этнічных беларусаў Малдовы, а выдатнаму мастаку Вячаславу Ігнаценку - ключы ад маленькіх дзіцячых сэрцаў яго вучняў, поўных шчырасці і любові.
Злева направа: мастак Iгнаценка В., старшыня Беларускай суполкi у Малдове Статкевiч Ю., Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол РБ у Малдове Асiпенка В.А.
Гледзячы на тое, з якой асаблівай увагай узіраліся госці ў палотны майстра, было відавочна, што мастак уразіў усю паважаную і шматнацыянальную аўдыторыю. Гасцямі, запрошанымі на ўрачыстае адкрыццё выставы «Зямля і неба», былі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Асіпенка Вячаслаў Аляксандравіч, Консул Мацукоў Аляксандр Мікалаевіч, кіраўнікі і члены беларускай, расійскай, украінскай, балгарскай і прыднястроўскай абшчын, вядомыя дзеячы мастацтва Малдовы, Расіі і Украіны, кіраўніцтва і супрацоўнікі Нацыянальнага музея прыроды і этнаграфіі, творчая інтэлігенцыя, а таксама шматлікія прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
«Выдатна, велічна, вечна, улагоджвае душу і сэрца, непарушная цудоўная класіка!» - такімі эпітэтамі былі перапоўнены шматлікія выступленні захопленых высокапастаўленых гасцей вернісажа Вячаслава Ігнаценка. Мастаку выказвалі шчырыя цёплыя словы падзякі за дзіўны Божы дар, які знаходзіцца ў пастаянным нястомным развіцці, а таксама за яго выключную дабрачынную працу па эстэтычным і мастацкім выхаванні дзяцей этнічных беларусаў Малдовы.
Вячаслаў Ігнаценка з уласцівай яму прыроднай сціпласцю інтэлігентна дзякаваў усім за такую шчырую ўвагу і высокую адзнаку яго творчасці. І такімі словамі завяршыў урачыстую частку свайго вернісажа: «15 сакавіка ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Цвірко Віталя Канстанцінавіча. Яго творчасць - класіка беларускага жывапісу, бездакорны для мяне ўзор беларускага пейзажа. Маё асабістае знаёмства з ім дазваляе некаторым чынам і сябе лічыць яго вучнем. Магчыма, я ўжо і заслужыў такое права – называцца добрым мастаком. А калі я ў сваіх краявідах хоць крыху набліжаюся да той ступені бязмернай любові да роднай беларускай зямлі, якой былі прасякнутыя палотны Цвірко, то можна лічыць сябе яшчэ і добрым пейзажыстам».
Паводле Ю.Статкевіча