Беларуская суполка ў Заураллі будзе ўдзячна за дапамогу

“А напішыце і пра нас!” — прапанавала мне Людміла Урванцава. У беларускім пасольстве ў Маскве ўвосень ладзілася сустрэча з лідарамі беларускіх суполак Расіі. Там і пазнаёміліся з кіраўніцай суполкі “Бацькаўшчына” з Кургана. “А напішыце і пра нас!” — прапанавала мне Людміла Урванцава. У беларускім пасольстве ў Маскве ўвосень ладзілася сустрэча з лідарамі беларускіх суполак Расіі. Там і пазнаёміліся з кіраўніцай суполкі “Бацькаўшчына” з Кургана. Праўда, часу на інтэрв’ю тады не хапіла, мы спісаліся па электроннай пошце. Людміла даслала шэраг дакументаў, тэкстаў. Адзін з іх — копія дыплома, які засведчыў: ансамблю беларускай песні “Журавачка” нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Зауралля “Бацькаўшчына” прысвоена званне “Народны самадзейны калектыў”. Падставай стала рашэнне калегіі Упраўлення культуры Курганскай вобласці ад 17 мая 2012 года. А вялікі гонар аказаны гурту “за высокія дасягненні ў галіне народнай мастацкай творчасці і значны ўклад у развіццё культурнага жыцця вобласці”. З дыплома відаць, што мастацкі кіраўнік у гурта Уладзімір Дзергачоў, а канцэртмайстар — Юрый Шырнін.З вялікай “поўнай справаздачы” пра жыццё, выступленні гурта за 2009-12 гады бачна, што стварала гурт у 2002-м (ёсць яшчэ і такая дата яго нараджэння: 23 сакавіка 2003 года — пэўна, па першым выступленні) сама Людміла Рыгораўна. Самадзейныя артысты, 15 чалавек, адразу вызначыліся: яны сабраліся разам, каб зберагаць традыцыі культуры, мовы, этнаграфічны каларыт беларускага народа. “Журавачка” — адзіны гурт беларускай песні ў Заураллі, у яго рэпертуары ёсць таксама песні рускія, украінскія. І такія, што бытуюць толькі сярод беларусаў гэтага расійскага рэгіёна. “У рэпертуары гурта ёсць песні, якія артысты памятаюць з дзяцінства, — чытаем у летапісе ансамбля. — Удзельнікі імкнуцца выконваць іх менавіта ў той манеры, як гэта калісьці рабілі іх прабабулі ды бабулі. Розныя варыянты тэкстаў, мелодый утвараюць яркую палітру беларускай культуры. У складзе гурта ёсць настаўнікі, урачы, юрысты, служачыя — яны актыўна займаюцца этнаграфічнай, музычнай самаадукацыяй, развіваюць свае пеўчыя здольнасці ў беларускіх народных традыцыях”. А візітнай карткай ансамбля стала рэгіянальная музычная кампазіцыя “Купалінка” — прадстаўленне яркае, з нацыянальным каларытам. Варта яшчэ расказаць пра вялікую грамадскую дзейнасць Людмілы Урванцавай і яе аднадумцаў. Беларускі гурт, як і яго дзіцячы гурт-спадарожнік “Харошкі”, выступае на самых розных імпрэзах, сцэнах, святах, прэзентацыях. Часта быў удзельнікам нацыянальных праграм пры Урадзе Курганскай вобласці, дыпламантам штогадовых фэстаў нацыянальных культур “Вянок дружбы”, “Дзень горада”. Ладзілі землякі і абрадавыя святы “Гуканне вясны”, святкавалі з беларускімі песнямі Масленіцу, Сёмуху, Каляды, Раство, не раз адзначалі Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Выязджалі з канцэртамі да землякоў у Цюмень, Табольск, Екацерынбург, выступалі з дабрачыннымі праграмамі перад ветэранамі. А ў красавіку 2010-га выступалі і на з’ездзе беларусаў Расіі ў Маскве. З часам стараннямі землякоў была створана “Беларуская хата” ў Кургане па адрасе: вуліца Куйбышава, 80, і тры гады таму там прайшоў семінар “Этнакультурнае развіццё расійскіх беларусаў: сямейна-бытавыя абрады, этнаграфія”. Потым ладзіліся выставы беларускай народнай творчасці — таксама вялізная праца! А 10 верасня 2010 года ў Кургане адкрыўся Цэнтр беларускай культуры, які пазней стаў называцца так: Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля. А ў маі 2011-га працавалі тры фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі: у Альменеўскім, Частаазёрскім, Далматаўскім раёнах, дзе кампактна жывуць нашы суродзічы. Там збіраліся песні, мелодыі, іншы фальклор, апісваліся сямейна-бытавыя абрады беларусаў Зауралля. Летась напярэдадні 8 сакавіка ў “Беларускай хаце” па вуліцы Савецкай, 142, ладзілася культурна-забаўляльная праграма “Нясіце, буслы, вясну!”. Пазней праходзіў тыдзень беларускай кнігі, прысвечаны Году кнігі ў Беларусі, была створана выстава кніг беларускіх аўтараў. І ўвогуле мінулы год, калі меркаваць па летапісе суполкі “Бацькаўшчына”, быў, як і заўжды, плённым для актыву, насычаным сустрэчамі, імпрэзамі, творчымі праектамі. “Шаноўная Людміла, дзякуй за інфармацыю. Пасля святаў зробім публікацыю. З надыходзячым Новым годам Вас і з Калядамі! Хай і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны будзе цёпла Вам, маючы яе ў сэрцы” — такое віншаванне даслалі мы з рэдакцыі землякам у Курган. Нядаўна прыйшла вестка ад Людмілы Урванцавай: “Добры дзень, Іван! Паведамляю сумную навіну: суполка беларусаў “Бацькаўшчына” вымушана прыпыніць сваю дзейнасць. У вобласці няма фінансавання. Для таго, каб аплочваць камунальныя паслугі, праводзіць мерапрыемствы, у нас няма сродкаў”.Чым можа дапамагчы газета? Хіба падтрымаць-падбадзёрыць землякоў. І цяпер, калі бярэцца ў сілу вясна, хочацца верыць: у “Журавачкі” хопіць сіл, каб прадаўжаць прыгожы палёт. І што “Беларуская хата” ў Кургане яшчэ не раз збярэ беларускую грамаду.Шаноўныя землякі! Калі хто мае магчымасць — падтрымайце курганскую “Бацькаўшчыну”, хай сабе і маральна. Электронны адрас Людмілы Урванцавай: zashita-ur@mail.ru Мы ж усе — сваякі. Іван Ждановіч"Голас Радзімы"