Беларуская мова ў Румыніі

Курсы беларускай мовы апошнім часам сталі трэндам у самых розных гарадах і краінах. Аматараў беларускае мовы ўдалося адшукаць нават у Румыніі, а вынікам іх прагі да беларушчыны стаў беларуска-румынскі размоўнік, які цяпер можна віртуальна пагартаць на “Будзьме”.

Курсы беларускай мовы апошнім часам сталі трэндам у самых розных гарадах і краінах. Аматараў беларускае мовы ўдалося адшукаць нават у Румыніі, а вынікам іх прагі да беларушчыны стаў беларуска-румынскі размоўнік, які цяпер можна віртуальна пагартаць на “Будзьме”.

Перадусім размоўнік рабіўся для наведнікаў курсаў беларускай мовы, якія валанцёрка Ганка Барадзіна вяла цягам 5 месяцаў у сталіцы Трансільваніі, горадзе Клуж-Напока. Румыны дапамагалі з перакладамі і націскамі, а аўстрыячка, француз і латышка, якія таксама наведвалі курсы, радаваліся ўдвая болей: цяпер яны змогуць успомніць і румынскую, і беларускую разам.

Акрамя звычайных, неабходных для выжывання фразаў і мінімальнай граматычна-фанетычнай даведкі ў размоўніку ёсць карысныя нататкі для беларускіх падарожнікаў у Румыніі (уся праўда пра Дракулу, цыганоў і мамалыгу), а таксама караценькі румынска-беларускі слоўнік на 100 словаў, самых распаўсюджаных у румынскай мове.

Ганка Барадзіна пра ідэю стварэння размоўніка:

“Калі перад ад’ездам у Румынію я шукала хоць які падручнік па мове, у кнігарнях не знайшла абсалютна нічога. Цяпер жа, асвоіўшы румынскую за 7 месяцаў на неблагім узроўні, я не захацела пакідаць гэтыя веды без асэнсаванага выніку. Да таго ж мае вучні, з якімі мы ўжо з першых заняткаў здзіўлена заўважалі немалое падабенства паміж нашымі мовамі, захапіліся ідэяй размоўніка не менш за мяне. Спадзяюся, кніжка натхніць каго-небудзь на наведванне Румыніі або вывучэнне яшчэ адной мовы. Румынскія аўтары размоўніка сур’ёзна збіраюцца адкрываць для сябе Беларусь – моўны фундамент для гэтага ў іх ужо ёсць!”

Размоўнік будзе карысным для тых, хто збіраецца падарожнічаць па Румыніі, для аматараў моваў і проста цікаўных.

budzma.org