Ліцэісты і гімназісты з Бельска Падляшскага супольна адсвяткавалі Дзень Волі ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове.
Ліцэісты і гімназісты з Бельска Падляшскага супольна адсвяткавалі Дзень Волі ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове. Прафесар Алег Латышонак расказаў пра падзеі, звязаныя з беларускім рухам на Бельшчыне. Паводле яго, моладзь мала ведае пра тое, што адбылося 25 сакавіка 1918 года:
- Гэта натуральны працэс, бо чым далей ад падзеі, тым менш яна закранае сэрца. 20 гадоў таму мы яшчэ ведалі людзей, якія змагаліся са зброяй у руках за 25 сакавіка. Беларускіх партызанаў з Белавежскай пушчы яшчэ маглі сустрэць жывымі. Таму для нас гэта была сямейная гісторыя. А цяпер маладыя людзі гэта трактуюць як нешта, што было невядома калі, што не тычылася ні іх, ні іхніх бацькоў.
Вучні бельскіх школаў прыехалі ў Шчыты, каб адзначыць Дзень Волі на запрашэнне Звяза беларускай моладзі. Ліцэісты, гімназісты і сябры Звяза паглядзелі дакументальны фільм Міколы Ваўранюка “Беларусь і шлях да незалежнасці”. Завершылі святкаванне пры супольным вогнішчы.
* * *
Турнір, конкурс беларускіх нацыянальных страваў ды сустрэчы з вядомымі беларусамі – у такой форме праходзяць святкаванні Дня Волі ў Беларускім ліцэі ў Бельску Падляшскім. Паводле словаў апекуна клубу польска-беларускіх спраў Уладзіміра Вавульскага, такая форма святочных мерапрыемстваў адрасаваная вучням першых класаў ліцэя, большасць з якіх дагэтуль не была знаёма са значэннем даты 25 сакавіка ў жыцці беларусаў.
– Першыя класы гэтага свята яшчэ не ведаюць. І мы ў нашай школе праз турнір, праз нацыянальныя стравы, праз гумар паказваем гэтае свята. Мы стараемся, каб свята не асацыявалася з афіцыйнымі мерапрыемствамі, прамовамі, вершамі, а каб была радасць, быў смех і зацікаўленасць саміх вучняў у тым, каб падрыхтаваць сцэнкі, казкі, каб падрыхтаваць беларускі стол. Я думаю, што яны запомняць гэта на нейкі час і будуць ведаць, што 25 сакавіка - гэта дзень незалежнай і вольнай Беларусі.
Класы-пераможцы турніру і конкурсаў у якасці ўзнагароды могуць выбраць адзін дзень, падчас якога настаўнікі не будуць мець права правяраць хатнія заданні і выклікаць вучняў да адказу.
Наталля Герасімюк, "Беларускае Радыё Рацыя", Бельск Падляшскі, фота аўтара