Дзень Волі ў Таронта

24 сакавіка Згуртаванне беларусаў Канады адзначыла 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

24 сакавіка Згуртаванне беларусаў Канады адзначыла 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Галоўнай тэмай святочнай імпрэзы стала 150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Акрамя традыцыйных дакладаў, быў паказаны кліп Ляпіса Трубяцкога “Не быць скотам” і мультфільм «Будзьма беларусамі!». Падчас імпрэзы адбылася тэлефонная размова з Паўлам Севярынцам, у якой ён павіншаваў беларусаў Канады са святам і падзякаваў за падтрымку. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе Згуртаванне беларусаў Канады павіншавала палітвязняў з Днём Волі самаробнымі паштоўкамі і сімвалічнымі птушкамі Волі, зробленымі адмыслова да свята сябрамі ЗБК.

Такія ж птушкі Волі хутка разляцеліся і да ўдзельнікаў свята, а атрыманыя ад продажу сродкі будуць перададзеныя Радзе БНР у так званы Дар Сакавіка, які з’яўляецца традыцыйнай акцыяй на Дзень Волі. Святкаванне скончылася гімнам ”Магутны Божа”.

Віншуем усіх са святам, жыве Беларусь!

Валянціна Шаўчэнка, старшыня Згуртавання беларусаў Канады