У Піцеры адзначылі Дзень Волі

Канцэртам Аляксандра Памідорава і вечарынай з беларускімі прысмакамі адзначыў клуб “Беларусы Пецярбургу” 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Канцэртам Аляксандра Памідорава і вечарынай з беларускімі прысмакамі адзначыў клуб “Беларусы Пецярбургу” 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святкаваць пачалі яшчэ ў пятніцу, 22 сакавіка. У гэты дзень у клубе “Манхэтэн” адбыўся сумесны канцэрт караля беларускай рок-музыкі Александра Памідорава і піцерскага рок-барда Аляксандра Чарнецкага. Памідораў выканаў шэраг песень на рускай, беларускай ды габрэйскай мовах: “Снайпер на даху”, “Быць беларусам”, пераклад песні Боба Марлі “Давай, уставай!”, пра у нескладовае ды іншыя. Атмасфера ў клубе панавала вельмі цёплая, сардэчная. Не ўсе прысутныя расійцы разумелі па-беларуску, тым не менш яны ахвотна падцягвалі некаторыя песні.

Некаторыя з песняў аказаліся сугучныя з цяперашняй сітуацыяй у Расіі. Як і ў Беларусі, цяпер у Расіі з’явіліся палітвязні, людзі пратэстуюць супраць несумленных выбараў. “Тое, што адбываецца ў Расіі, у Беларусі ўжо было. Магу прадказаць, што будзе тут у хуткім часе”, — пажартаваў спявак.

На наступны дзень, 23 сакавіка, святкаванне працягнулася ў бары “Свабода”. Тут ужо чакалі прывезеныя з Мінску сала ды гарэлка. Беларускі квас набывалі ў мясцовай краме. Добра, што крамаў з беларускімі прадуктамі тут удосталь. Актывістка клубу “Беларусы Пецярбургу” Святлана Гаўрыліна частавала ўсіх сапраўднымі беларускімі дранікамі ўласнага прыгатавання. Пакаштаваць беларускую кухню прыйшло больш за 40 чалавек: беларускія студэнты з піцерскіх ВНУ, тыя, хто з’ехаў з Беларусі па палітычных ці эканамічных абставінах.

Павіншаваць беларусаў са святам прыйшлі і ўдзельнікі руху “Інгрыя”. Нагадаем, як і БНР, незалежная Паўночная Рэспубліка Інгрыя паўстала на Карэльскім перасмыку ў выніку развала Расійскай Імперыі. Дзяржаўнасць Паўночнай Інгрыі існавала з ліпеня па 1919 г. па снежань 1920 г. За даволі кароткі тэрмін свайго існавання Інгрыя набыла ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: уласныя герб, сцяг, гімн, армію, флот і нават суд ды пошту.

Да свята таксама далучыліся і пецярбуржцы, якія завіталі ў бар адразу пасля мітынгу за вызваленне палітвязняў, што апынуліся за кратамі пасля масавых пратэстаў у мінулым годзе супраць несумленных выбараў.

З прывітальнымі словамі выступіў каардынатар па знешніх сувязях клуба, палітолаг Дзяніс Васільеў. Ён нагадаў, у якіх умовах нараджалася БНР. “Атрыманне Беларуссю незалежнасці ў пачатку 90-х – гэта працяг той барацьбы, якая распачалася ў 1918 годзе”, — адзначыў ён. Дзяніс таксама падкрэсліў, што клуб “Беларусы Пецярбургу” мусіць стаць ядром, што аб’ядноўвае беларусаў, асабліва беларускую моладзь, для захавання нацыянальнай культуры, традыцый і самаідэнтыфікацыі, а таксама для падтрымання сувязаў з Радзімай. “Трэба аб’ядноўвацца, каб разам адстойваць свае правы ў межах прававого поля, арганізоўваць самадапамогу, падтрымліваць нацыянальныя сімвалы – герб “Пагоню”, бел-чырвона-белы сцяг, гімн, беларускую мову, гісторыю, адным словам усё, што складае нацыянальную памяць народа. Наша мэта стварыць у Пецярбурзе малую радзіму, каб дапамагаць усім, хто тут апынуўся, а таксама дапамагаць развівацца самой Беларусі, якая абвясціла сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 года”, — падкрэсліў Дзяніс.

Маргарыта Пярова рассказала аб Радзе БНР і братах Луцкевічах, што стаялі ля яе вытокаў. Расказала яна і пра навукоўца, аўтара шматлікіх прац па гісторыі Беларусі, стваральніка і нязменнага старшыню Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянціна Грыцкевіча, які памёр на начатку сакавіка гэтага года.

Удзельнікі свята паглядзелі фільм Юрыя Хашчавацкага “Дзень Волі” і разам з Аляксандрам Памідоравам праспявалі беларускія песні. Скончылася сустрэча агульным фатаграфаваннем на пасарэбраныя пласціны старэнькай фотакамеры 40-х гадоў. Такім чынам піцерскія беларусы нібыта зафіксавалі сваю еднасць з гісторыяй Радзімы. На такія пласціны ў ХІХ стагоддзі рабілі здымкі сасланых у Сібір паўстанцаў 1863 года.

Наступная сустрэча клуба “Беларусы Пецярбурга” запланаваная на 7 красавіка. У гэты дзень гаворка пойдзе пра жыццё і творчасць геніяльнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Сёлета спаўняецца 30 год з дня яе смерці.

"Беларусы Пецярбурга"