Гданьск далучыўся да адзначэння ўгодкаў БНР

Беларусы Памор'я адзначылі ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сустрэўшыся на гарнізонных могілках Гданьска каля магілы аднаго з заснавальнікаў БНР Лукі Дзекуця-Малея.

Беларусы Памор'я адзначылі ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сустрэўшыся на гарнізонных могілках Гданьска каля магілы аднаго з заснавальнікаў БНР Лукі Дзекуця-Малея. Там былі ўскладзены кветкі ды запалены знічы, паведаміла старшыня Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску Лена Глагоўская.

- Пасля паехалі пад камень Купалы і там таксама ўсклалі кветкі. Наша Аня Куклік праспявала песню «Явар і каліна», каб добра явар і каліна раслі, якія мы пасадзілі ў 2010 годзе. І прачыталі верш Янкі Купалы 1920 года «25 сакавіка». А затым сустрэліся ў сядзібе нашага таварыства, дзе працягнулі святкаванне.

Удзельнікі сустрэчы таксама прачыталі трэцюю Устаўную грамату, прадставілі далейшую гісторыю і прыгадалі, як святкавалі ўгодкі БНР, пачынаючы з 1920 года найперш у Менску, а пасля ў Вільні і Празе. На сустрэчы прысутнічаў сын рэлігійнага дзеяча, паэта і публіцыста Міколы Дварэцкага, які апошнія гады жыцця правёў у Лембарку непадалёк ад Гданьска, дзе збіраў аднадумцаў і святкаваў 25 сакавіка.

Антон Разумоўскі, "Беларускае Радыё Рацыя"