Беларусы Падляшша адсвяткавалі дзевяноста пятыя ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларусы Падляшша адсвяткавалі дзевяноста пятыя ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Галоўнае мерапрыемства прайшло ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа ў Беластоку. У праграме святкавання - гістарычная прэзентацыя і выступ моладзі з мініяцюрамі памерлага ў гэтым годзе Сакрата Яновіча, а таксама выступ гарадзенскага гурта "Людзі на балоце".
Арганізатары падрыхтавалі ўзнагароды ў выглядзе бел-чырвона-белых букетаў тым асобам, якія працуюць для развіцця беларускасці на Падляшшы. Сёлета вылучэнне атрымаў журналіст і каментатар нашага радыё айцец Кастусь Бандарук.
- Перш за ўсё ў гэтым духоўным сенсе, што вяшчаем і на Падляшша, і на Беларусь, і ёсць мноства рэчаў, тэмаў, якія цікавяць аднолькава і тых людзей, і нашых людзей, хаця ўсе яны нашыя. Калі гавораць, што такая дзейнасць сапраўды адпавядае духу памежжа - то я вельмі рады.
Дзень Волі ў Польшчы пачалі святкаваць яшчэ пасля Першай сусветнай вайны.
У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія студэнты ў Варшаве сталі святкаваць гэты дзень, і з таго часу ўрачыстасці бесперапынна адбываюцца кожны год.
Лукаш Леанюк, "Беларускае Радыё Рацыя"