Урачыстае святкаванне Дня Волі ў Нью-Ёрку

Больш за 60 чалавек узяло ўдзел у святкаванні 95-х угодак з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Больш за 60 чалавек узяло ўдзел у святкаванні 95-х угодак з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне, якое было арганізавана Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА) і парафіяй св.Кірылы Тураўскага, адбылося ў нядзелю, 24 сакавіка 2013 года, у грамадскай зале Сабора св.Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў нью-ёркскім раёне Брукліне.

Афіцыйная частка мерапрыемства акрылася вітальным лістом Прэзідэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы да ўсіх удзельнікаў. Былі зачытаныя таксама віншаванні ад Згуртаваньня беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства Беларускай Мовы, Аляксандра Мілінкевіча, а таксама ад 17 арганізацыяў беларусаў з усяго свету. Прысутныя паслухалі пра гісторыю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама пра гісторыю змагання за незалежнасць Беларусі ў краіне і за яе межамі. Сярод выступоўцаў былі старшыня БАЗА Ганна Сурмач, былыя кіраўнікі арганізацыі Антон Шукелойць і Вячка Станкевіч ды інш.

Ганна Сурмач

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі адбыўся святочны канцэрт, у якім узялі ўдзел як беларусы з Нью-Ёрку, так і госці з Канады – святкаванне наведаў музычны дуэт “Кантабіле” ў складзе Улады Шамецькі і Міхася Рыкава, а таксама беларускага паэта Юрася Шамецькі.

Юрась Шамецька і дуэт "Кантабіле"

Удзельнікі святкавання

Юрась Зянковіч

Фота Дзмітрыя Шчыгельскага