Памятную шыльду Янку Купалу адкрылі ў Рызе

-Беларуская школа ў Рызе. Імя Купалы ёй надалі ў 2011 годзе. І ў сакавіку 2013-га адкрылі памятную дошку ў гонар паэта, а таксама музей Янкі Купалы.

Беларуская школа ў Рызе. Імя Купалы ёй надалі ў 2011 годзе. І ў сакавіку 2013-га адкрылі памятную дошку ў гонар паэта, а таксама музей Янкі Купалы.

-

Беларуская школа імя Купалы ў Рызе цяпер тройчы пазначана і асвечаная як "купалаўская". Гэтая школа цяпер будзе з'яўляцца сэрцам Беларусі, якое дапамагае напаўняць жыццём іншыя часткі і адгалінаванні нашай культуры ў суседняй краіне.

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, які знаходзіўся з працоўным візітам у Латвіі, выказаў падзяку тым, хто зрабіў унёсак у гэтую справу:

- Адкрыццём гэтай дошкі мы пацвярджаем, што культурныя сувязі моцныя былі ў мінулым, сёння і застануцца такімі далей. Міністэрствам культуры робіцца ўсё, каб ушанаваць памяць Янкі Купалы. Помнікі Песняру ёсць у Нью-Ёрку і Маскве, дошкі ў Вільнюсе і Рызе, наступная будзе адкрыта ў Ізраілі. Пры жыцці Янкі Купалы яго імя было нададзена розным школам як у Мінску, так і ў іншых гарадах Беларусі. Нават у Бразіліі адна з бібліятэк атрымала імя Янкі Купалы. Гэтая справа працягваецца і зараз.

Скульптар Павел Вайніцкі вельмі хваляваўся перад адкрыццём дошкі - яго выдаваў дрыготкі голас. Яшчэ б: сказаць пра тое, чаму яго Купала на дошцы менавіта такі, выпала перад дзеткамі, настаўнікамі, прадстаўнікамі беларускай дыяспары і грамадскасцю Латвіі і прадстаўнікамі кіраўніцтва Рыгі.

- У 1934 годзе на з'ездзе савецкіх пісьменнікаў у Маскве Максім Горкі абвясціў метад сацыялістычнага рэалізму як адзіна магчымы для ўсіх савецкіх творцаў. У наступныя гады ўсе з іх мусілі стаць на сацыялістычныя рэйкі ці быць знішчанымі. Купала павінен быў змяніцца ў сваёй творчасці ў параўнанні з дакастрычніцкім перыядам. Сацыялістычны рэалізм у беларускім выяўленчым мастацтве панаваў, ды і зараз працягвае сваю традыцыю. Але мне здаецца, што яго стылістыка скампраментаваная савецкай прапагандай. Я лічу, што героі нашай незалежнай краіны павінны выглядаць неяк інакш. Што да вобразу Янкі Купалы як нацыянальнага героя Беларусі, стылістыка сацрэалізму непрымальная, хоць і стасуецца з яго паслякастрычніцкай творчасцю. Перачытаўшы Купалу, я зразумеў, што мне ён больш падабаецца дакастрычніцкі. Улічваючы кантэкст месца існавання мемарыяльнай дошкі, я вырашыў адмовіцца ад пераліку анатамічных падрабязнасцяў і трактаваць кананічны вобраз больш вольна і эмацыйна.

Менавіта такім яго, напэўна, лепш зразумеюць дзеці, якія вучацца ў Рыжскай беларускай асноўнай школе. Андрыс Амерыкс, віцэ-мэр горада Рыгі, выказаў задаволенасць, што беларуская школа, якая пачала сваю дзейнасць у Рызе 10 гадоў таму з двума класамі, стала паўнапраўнай часткай у агульнай адукацыйнай сістэме Рыгі. І тое, што было прынята рашэнне даць ёй імя Купалы - гэта знак павагі да беларускай культуры, да нашых суседзяў і добры прыклад супрацоўніцтва.

Яго словы пацвердзіла Інэсэ Лайзанэ, парламенцкі сакратар Міністэрства культуры Латвіі: "Нас аб'ядноўваюць вялікія паэты - Ян Райніс і Янка Купала. Яны былі сучаснікі, сябры. Дзякуючы дзейнасці Райніса ў Латвіі было створана ўпраўленне беларускай адукацыі".

Але свята бывае добрым, калі памнажаецца. У той жа дзень у беларускай школе Рыгі адкрыўся школьны музей імя Янкі Купалы. Пакуль - пакойчык. Але месца гасцям у ім хапіла, каб не толькі паразмаўляць, але і пачытаць вершы. З сэнсам і па тэме. Пра радзіму. І пра каштоўнасць навучання: Барыс Святлоў, напрыклад, прачытаў верш 1907 года "Вучыся, нябожа. Вучэнне паможа..." У школьнага музея ўжо добрыя стасункі з Мінскім дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, які дапамог наладзіць экспазіцыю. Але ж яе можна ўдасканальваць і далей. Першым падарункам, якім, відаць, будуць карыстацца супрацоўнікі музея і яго наведнікі-школьнікі, стаў лічбавы фотаапарат ад міністра культуры Беларусі.

Адкрыццё музея - яшчэ адно сведчанне таму, што беларуская школа ў Рызе развіваецца і пашыраецца. Калісьці ідэю адкрыцця такой школы актыўна даносіў Вячаслаў Целеш, беларус, мастак, які жыве ў Рызе. Школа з'явілася - і гэта лепшы прыклад таго, што намаганні нават асобных людзей не бываюць марнымі. Але лёс гэтай школы не быў роўным, былі розныя перыяды ў яе невялікай гісторыі. За апошнія два гады яна пераўтварылася - знешне і ўнутрана. Пры тым, што яшчэ 2 гады таму яна туліліся ў старым дзіцячым садку. І наогул быў час, калі стаяла пытанне аб закрыцці: мала было вучняў, умовы для навучання не лепшыя. Але беларускаму посольству ў Латвіі ўдалося дамовіцца з Рыжскай думай. У выніку ўдалося атрымаць цудоўнае памяшканне. Летась прыйшла дапамога з Беларусі - за абсталяванне на 220 тысяч долараў і аўтобус тут дзякуюць Прэзідэнту Беларусі. Якасць павяла за сабой колькасць: вучняў стала значна больш, зараз іх 135. У 1-м класе вучыцца ўжо 18 дзетак, а не 6-7, як раней. Праўда, школа пакуль працуе як дзевяцігодка. Але калі ідзе павелічэнне вучняў, то далей можна будзе ставіць пытанне і пра навучанне ў 10-м і 11-м класах. Ёсць дамоўленасць з уладамі горада, што беларуская школа зможа прырастаць старэйшымі класамі. Тым больш што ў асноўным у гэтай школе вучацца дзеці, якія маюць беларускія карані. Дырэктарка школы - Ганна Іванэ - таксама беларуска. Наогул, беларуская дыяспара ў Латвіі - адна з самых моцных і шматлікіх, складае каля 80 тысяч чалавек.

...Гучала "Купалінка". Жанчынкі навокал трымалі ружы, цюльпаны, гваздзікі. У іх было свята. Яны прыйшлі сустрэцца і пачуць родную мову, пачытаць вершы. І паслухаць тых, хто, магчыма, будзе трымаць гонар беларускай культуры ў Латвіі яшчэ праз гадоў 10. А яны - пакуль малыя і сціплыя - даказвалі сваё права беларусамі звацца, асвойваючы азы беларускага навучання: "Саўка ды Грышка зладзілі дуду..." Саламяныя капялюшыкі і строі з чырвонымі ўзорамі на кашулях адразу паказвалі, хто тут хто.

Ларыса ЦІМОШЫК, газета "Звязда"Фота аўтара.

svitanak.lv