У Лондане чыталі беларускую паэзію ды ўзгадвалі Сержука Вітушку

9 сакавіка ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя Кірылы Тураўскага ў Лондане адбылася вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы.

9 сакавіка ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя Кірылы Тураўскага ў Лондане адбылася вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы.

Імпрэза, арганізаваная Англа-беларускім таварыствам, была перанесеная на два тыдні ад актуальнай даты (21 лютага) праз вакацыі ў брытанскіх школах, перадае карэспандэнт “Тут і цяпер”.

Сёлетняе свята роднага слова было прысвечана памяці заўчасна адышоўшага летась Сержука Вітушкі — адной з найбольш яркіх постацяў беларускага адраджэнскага руху канца 1980-х і пачатку 1990-х, кіраўніка легендарнай мінскай “Талакі”, гісторыка, журналіста, настаўніка і аўтара казак для дзяцей і дарослых.

На пачатку імпрэзы прысутныя прагледзелі дакументальны фільм пра Сержука аўтарства Віктара Корзуна і Касі Камоцкай. Паплечніца Вітушкі і адна з завадатарак беларускай актыўнасці ў Лондане Караліна Мацкевіч падзялілася ўспамінамі пра нябожчыка. “Сяржук быў натхненнем для цэлага пакалення беларусаў. У вялікай ступені дзякуючы яму адраджэнскі рух канца 1980-х пашырыўся сярод моладзі. А для тых, хто яго ведаў, Сяржук назаўсёды застанецца ўзорам асабістай мужнасці і чысціні, падобным да герояў Караткевіча, аднаго з якіх (Васіля Ветра) ён калісьці сыграў у спектаклі “Маці ўрагану”, — адзначыла Мацкевіч.

Гваздом лонданскай праграмы стала інсцэніроўка дзеткамі брытанскіх беларусаў казкі Сержука Вітушкі "Пра герб". Усе яны нарадзіліся на Туманным Альбіёне (большасць – у мяшаных сем'ях) і гадуюцца ў англамоўным асяроддзі. Нягледзячы на гэта, многія з іх разумеюць па-беларуску, а некаторыя могуць і размаўляць. Галоўную ролю Івана сыграў Мікола Эдвардз, трохгаловым Цмокам быў Вітаўт Вышадок (супольна з бацькам), Ведзьму сыграла Ева Дафі, сяброў Івана – Паўліна Мацко, Мышку і Каня — Каця Эдвардз. Пастаноўка стала вялікім поспехам сярод прысутных, і арганізатары атрымалі заяўкі ад дзяцей-гледачоў — патэнцыйных актораў у наступнай імпрэзе.

Праграма для дарослых была не менш цікавая. Згадвалі святкаванне Дня роднай мовы на Беларусі, азмрочанае арыштам і зняволеннем скульптара Геніка Лойкі і адмовай суда весці ягоны працэс па-беларуску. Шматгадовы старшыня таварыства Джым Дынглі іранічна адзначыў, што ў Лондане беларусы вольныя карыстацца сваёй мовай.

Кожны ахвочы мог прачытаць вершы на роднай мове ды пазмагацца за сімвалічныя грашовыя прызы, усталяваныя ў гонар першага рэктара Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. Сахарава (Мінск) Аляксандра Люцко.

У зале гучала як класіка (Купала, Багдановіч, Геніюш і інш.), гэтак і творы сучасных паэтаў (Вольскі, Хадановіч). Урэшце найлепшым прызналі дэкламаванне Алісан Камеран на шкоцкім дарычным дыялекце (за верш Чарльза Марэя "Калі б я быў Богам"), Андрэя і Вітаўта Вышадкоў (за верш Янкі Купалы "Хто ты гэткі"), Алеся Аляхновіча (за верш Ларысы Геніюш), Андрэя і Янкі Мацко (за верш Андрэя Хадановіча) і Вальдэмара Калініна (уласныя вершы па-беларуску і па-цыганску).

Святкаванне завяршылася выступам брытанскага паэтычнага гуртка The Manifold Voices, які чытаў паэзію сваёй заснавальніцы — ангельскай паэткі і перакладчыцы Веры Рыч (1936-2009). Аўтарка першай у свеце анталогіі перакладаў беларускай паэзіі на ангельскую мову ("Like Water, Like Fire", 1972), Рыч цягам усяго жыцця набліжала беларускую літаратуру да англамоўнага чытача і сябравала з беларускай грамадой у Вялікабрытаніі.

Язэп Шчаблоўскі, svabodaby.net