Абмеркаваць праблемы беларускай супольнасці Літвы ды сітуацыю ў Беларусі. Беларусы Прыбалтыкі на пачатку красавіка збіраюцца на канферэнцыю ў Вільні.
Яна пройдзе напярэдадні Шостага з’езду беларусаў свету. Удзельнікі ўжо традыцыйнай канферэнцыі плануюць прыняць і некалькі заяваў – кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.
- Адзін зварот – у абарону палітзняволеных у Беларусі. Другі зварот, які мы дашлем у адпаведныя інстанцыі, - пра беларускую мову, якая ў заняпадзе ў Беларусі, калі праводзіцца там без канца русіфікацыя. Я таксама лічу, што мы павінны зрабіць зварот наконт небяспекі згубіць незалежнасць.
На час імпрэзы прыпадаюць і 25-ыя ўгодкі Таварыства беларускай культуры ў Літве ды асабісты юбілей ягонага нязменнага кіраўніка Хведара Нюнькі.
Пятая канферэнцыя беларусаў Вільні пройдзе 6-7 красавіка.
Улад Грынеўскі, "Беларускае Радыё Рацыя"