Георгій Валкавыцкі адзначае 90-гадовы юбілей

Сёння, 13 сакавіка, свой дзень народзінаў адзначае беларускі празаік, паэт, журналіст грамадскі і культурніцкі дзеяч з Беласточчыны Георгій Валкавыцкі.

Сёння, 13 сакавіка, свой дзень народзінаў адзначае беларускі празаік, паэт, журналіст грамадскі і культурніцкі дзеяч з Беласточчыны Георгій Валкавыцкі. Заснавальнік Беларускага грамадска-культурніцкага таварыства, сузаснавальнік Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Георгій Валкавыцкі ў 1956 годзе стварыў і 31 год узначальваў тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”, на яго старонках таксама друкаваў свае творы, на пенсію выйшаў у 1987 годзе, тады на пасадзе галоўнага рэдактара "Нівы" замяніў яго Віталь Луба.

– У тым першым перыядзе, калі я быў на пасадзе рэдактара, спадар Валкавыцкі мне проста служыў парадай. Мне з часу яго парадаў запомнілася адна фраза, што ў тэксцах павінна быць цесна словам, а прасторна думкам. І гэты просты прынцып заўсёды ў маёй памяці, калі працую над тэкстамі журналістаў ці карэспандэнтаў. Проста дбаю, каб не было замнога слоў, бо часам людзі так пішуць, што слоў замнога ўжываюць.

«Георгій Валкавыцкі ёсць для нас перш за ўсё крыніцай ведаў пра жыццё і дзейнасць беларусаў Беласточчыны ў пасляваенныя гады,» – кажа галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа.

– Спадар Ваўкавыцкі ёсць той крыніцай, да якой мы звяртаемся, калі нешта хочам даведацца наконт розных супрацоўнікаў «Нівы», наконт падзеяў у беларускім жыцці на Беласточчыне пасля вайны. Ягоная любоў да літаратуры была бачная на старонках «Нівы». Дзякуючы яго аператыўнасці ўзнікла тое, што называем не нейкім запушчаным лугам, а літаратурным беларускім полем у Польшчы.

Георгій Валкавыцкі нарадзіўся 13 сакавіка 1923 года. Аўтар зборніка лірыкі «Рознагоддзе» і кніжкі сатырычных вершаў «Макатразмы» , а таксама празаічных кніг «Віры. Нататкі рэдактара», «Белая вязь», «У каменным крузе» і «Ашчэпкі».

Цалкам рэпартаж слухайце ў аўдыётрэку.

Анна Шайкоўская, "Беларускае Радыё Рацыя"

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" шчыра віншуе спадара Георгія з такім цудоўным святам! Зычым выдатнага здароўя, бадзёрасці і светлага настрою!