У нядзелю, 10 сакавіка, ў Санкт-Пецярбургу ў касцёле Ўспення Найсвяцейшай Дзевы Марыі пачаліся набажэнствы на беларускай мове.
Пасля вялікага перапынку правядзенне Боскай літургіі па-беларуску стала магчымым дзякуючы высілкам некалькіх энтузіястаў-беларусаў і патрымцы пецярбургскга грэка-каталіцкага святара айца Кірыла. На ўрачыстай падзеі прысутнічала блізу 16 вернікаў, якія палымяна ўзносілі свае сэрцы ўгору да Госпада і з надзеяй прамаўлялі: “Госпадзі, змілуйся!”
Службу годна аздобілі вядомыя духоўныя гімны “Магутны Божа” і “Дай добры Божа”, праспяваныя паспалітай грамадой на пачатку і напрыканцы літургіі. Разам з вернікамі гімны выконваў прафесійны спявак Лявон Габрусёнак (клуб “Беларусы Пецярбурга”).
Айцец Кірыл пад час пропаведзі акцэнтаваў увагу на нядзельным чытанні, прысвечаным апошняму часу кожнага чалавека. Ён таксама не прамінуў падкрэсліць, што царква мусіць арганічна ўпісвацца ў той культурны і нацыянальны кантэкст, у якім знаходзіцца, і больш за тое – спрыяць развіццю і ўдасканаленню нацянальных каштоўнасцяў народа.
Ідэя беларускай літургіі ня новая. Некалькі гадоў таму ў тым самым храме служылася Святая імша па-беларуску ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, але пасля яго ад’езду справа заціхла. Аднак у такім горадзе з беларускімі каранямі, як Санкт-Пецярбург, павінна гучаць малітва на мове Яна Баршчэўскага, напісаўшага тут свайго вядомага «Шляхціча Завальню» і а.Антона Неманцэвіча, які нарадзіўся ў паўночнай сталіцы Расіі і спрычыніўся да развіцця Уніі.
Вернікі спадзяюцца, што роднае слова ў царкве спрычыніцца да абуджэння веры і нацыянальнае самасвядомасці той часткі беларусаў, якія былі адарваныя ад каранёў на Бацькаўшчыне, а таксама паслужыць дадатковай падставай для згуртавання і развіцця сяброўскіх адносінаў паміж суродзічамі.
Пасля Літургіі вернікі з пастырам ўрачыста праспявалі акафіст Багародзіцы, таксама па-беларуску. Наступая беларуская служба па дамоўленасці з настаяцелем пройдзе ў сярэдзіне красавіка пад час Вялікага посту.