У Смаленску адкрылася прадстаўніцтва ТБМ

6 сакавіка 2013 г у Смаленску прайшоў арганізацыйны сход з нагоды адкрыцця ў горадзе рэгіянальнага прадстаўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У мерапрыемстве бралі ўдзел дэлегаты з г. Смаленска, Віцебска і Оршы.

Па выніках сходу было абвешчана аб адкрыцці філіяла ТБМ, а таксама быў дадзены старт  рэгіянальнаму Беларускаму зямляцтву, якога раней, як гэта ні дзіўна, ніколі не было ў Смаленску.

Мэтай дзейнасці філіяла Таварыства беларускай мовы і Беларускага зямляцтва ў Смаленску будзе:

  • Развіццё і вывучэнне роднай мовы.
  • Вывучэнне культуры, традыцый і гісторыі беларусаў, якія пастаянна або часова пражываюць у Смаленскай вобласці.
  • Дапамога беларусам у пытаннях працаўладкавання, пражывання, навучання, у вырашэнні юрыдычных і іншых пытанняў у рэгіёне.

У час сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні сучаснага стану беларускай культуры, умовы жыцця беларусаў, іх перспектываў. Адным з ключавых пытанняў у час абмеркавання было стварэнне сайта зямляцтва, прыняты каляндарна-тэматычны план мерапрыемстваў на 2013 год.

Адной з першых дат, якую адзначаць сябры Таварыства беларускай мовы і Беларускага зямляцтва ў Смаленску стане святкаванне 95-годдзя з дня заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2013 года.

Таксама па выніках галасавання быў абраны часовы выконваючы абавязкі абедзвюх арганізацый.

Смаленская філія ТБМ