У красавіку пройдуць літаратурныя чытанні, прысвечаныя 175-годдзю нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, а таксама 150-годдзю паўстання пад яго кіраўніцтвам. У верасні плануецца арганізаваць вечар памяці паэтаў і драматургаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Алеся Бачылы з нагоды іх 205- і 95-годдзя адпаведна.
У кастрычніку плануецца правесці літаратурныя чытанні, прысвечаныя 105-годдзю скульптара і мастака Заіра Азгура. У лютым абшчына правяла літаратурныя чытанні да 95-годдзя партыйнага і грамадскага дзеяча Беларусі Пятра Машэрава. Сёлета прадстаўнікі Беларускай абшчыны Малдовы возьмуць удзел у шматлікіх фестывалях і конкурсах у Малдове і Беларусі. Дэлегацыі абшчыны будуць удзельнічаць у Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету, VI Міжнародным конкурсе дуэтаў "Песні, якія нас аб'ядноўваюць", 6-м З'ездзе беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў Мінску, а таксама ў Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Традыцыйна прадстаўнікі Беларускай абшчыны Малдовы прадставяць беларускае мастацтва, культуру, традыцыі і звычаі на музычным фестывалі Малдовы "Мэрцішор" у сакавіку, а таксама Рэспубліканскім этнакультурным фестывалі Малдовы ў верасні. Юры Статкевіч распавёў, што беларусы Малдовы працягваюць арганізацыйную работу па ўстаноўцы ў Кішынёве помніка Якубу Коласу і Янку Купалу, вядуць перамовы з мясцовымі ўладамі аб выдзяленні ўчастка зямлі. Паводле яго словаў, сёлета суполка дапаможа падрыхтаваць і выдаць зборнікі вершаў паэтаў беларускай суполкі, правесці прэзентацыю зборніка вершаў Івана Рахуба, дапаможа арганізаваць і правесці выставы карцін і фотаработ Вячаслава Ігнаценкі і Ганны Мазур. Плануюцца таксама мерапрыемствы з нагоды 20-годдзя Беларускай абшчыны Малдовы, якое адзначаецца ў гэтым годзе. Будзе выдадзеная кніга аб дзейнасці абшчыны, арганізаваная выстава дзіцячага малюнка. Урачыстае пасяджэнне абшчыны пройдзе ў лістападзе. Акрамя таго, у 2013 годзе ў Беларускай абшчыне Малдовы плануецца арганізаваць дзіцячы фальклорны ансамбль, нацыянальны вакальны хор, збор інфармацыі аб слынных беларусах, якія пражываюць у Малдове і якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё навукі, культуры і народнай гаспадаркі Малдовы. Абшчына таксама мае намер удасканаліць арганізацыйную і вучэбную працу ў нядзельнай школе беларускай мовы і культуры Беларусі. Працягнецца арганізацыя нацыянальных беларускіх абрадаў Калядкі, Гуканне, Купалле, Дзяды.