Адкуль пайшла беларуская мова? З якой мовы перакладаў сваю Біблію Францыск Скарына? Чаму нацыянальная эліта спачатку імкнулася размаўляць па-польску, а потым па-расейску? Што адбывалася з мовай ў XVII-XVIII стагоддзях? Што было з ёй у XIX стагоддзі? Як і чаму бальшавікі спачатку праводзілі беларусізацыю БССР, а потым сталі русіфікаваць беларускую мову? Гэтыя ды іншыя пытанні абмеркавалі 24 лютага сябры клуба «Беларусы Пецярбурга».
Адкуль пайшла беларуская мова? З якой мовы перакладаў сваю Біблію Францыск Скарына? Чаму нацыянальная эліта спачатку імкнулася размаўляць па-польску, а потым па-расейску? Што адбывалася з мовай ў XVII-XVIII стагоддзях? Што было з ёй у XIX стагоддзі? Як і чаму бальшавікі спачатку праводзілі беларусізацыю БССР, а потым сталі русіфікаваць беларускую мову? Гэтыя ды іншыя пытанні абмеркавалі 24 лютага сябры клуба «Беларусы Пецярбурга». Сустрэча была прымеркаваная да Дня роднай мовы, што адзначаўся 21 лютага.
На сустрэчу, што адбывалася ў бары «Свабода», прыйшло 10 чалавек. З дакладам выступіла Кацярына Заітава. Яна расказала аб тым, як узнікала беларуская мова, нагадала аб славутых помніках беларускага пісьменства – перекладзенай Францыскам Скарынам Бібліі і Статуце Вялікага княства Літоўскага. Таксама яна распавяла аб тым, як развівалася мова ў ХІХ стагоддзі. Расказала Кацярына і аб хвалі беларусізацыі на пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя, а таксама аб наркамаўскіх рэформах беларускай мовы 30-х гадоў, у выніку якой мова страціла шэраг сваіх адметнасцяў і стала больш падобна да расейскай.
Гаворка ішла і аб сучасным стане беларускай мовы. Кацярына нагадала аб захадах палітычнага кіраўніцтва краіны па развіцці і распаўсюджванні мовы ў беларускім грамадстве на пачатку 90-х гадоў, а таксама аб тым, што адбывалася з мовай пасля перамены ўлады.
Размова ішла галоўным чынам па-беларуску. Усе з цікаўнасцю слухалі даклад, задавалі пытанні. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі дадзеныя Беларускага статыстычнага камітэту аб сітуацыі з ужываннем беларускай і расейскай моваў у навучальных установах Беларусі. Усе адзначылі, што гэтыя дадзеныя не суцяшальныя. Беларуская мова амаль знікла з навучальных устаноў. І каб кардынальна змяніць сітуацыю патрэбны адмысловыя намаганні палітычнага кіраўніцтва краіны. А пакуль беларусам варта збірацца разам і размаўляць між сабой па-беларуску.
Значны ўнёсак у размову ўнесла філолаг і актывістка клубу беларусаў Святлана Гаўрыліна. Яна дапоўніла даклад прыкладамі развіцця іншых моваў, блізкіх да беларускай. Так, чэшскую мову, як і беларускую, удалося адрадзіць пасля доўгіх гадоў забыцця. А вось наўгародскія і пскоўскія дыялекты старарускай мовы не здолелі, у адрозненне ад беларускай, развіцца ў самастойныя мовы.
Напрыканцы сустрэчы беларусы абмеркавалі планы для далейшых сустрэч. Былі выказаныя прапановы пачаць абменьвацца беларускімі кнігамі, зрабіць экскурсію па беларускіх мясцінах Пецярбурга. Таксама былі абмеркаваныя планы па правядзенні канцэрта Аляксандра Памідорава 23 сакавіка, а таксама па святкаванні Дня волі.