ТБК: учора і сёння

За дваццаць пяць гадоў існавання Таварыства беларускай культуры ў Літве не было выпадку, каб не адбылося мерапрыемства, запланаванага на апошнюю суботу кожнага месяца, адзначыў неяк старшыня ТБК Хведар Нюнька.

За дваццаць пяць гадоў існавання Таварыства беларускай культуры ў Літве не было выпадку, каб не адбылося мерапрыемства, запланаванага на апошнюю суботу кожнага месяца, адзначыў неяк старшыня ТБК Хведар Нюнька. Кожны месяц ёсць нагода, каб сустрэцца, адзначыць юбілеі вядомых беларускіх дзеячоў, абмеркаваць падзеі Бацькаўшчыны. У лютым шмат было нагодаў. Першая - традыцыйнае святкаванне дня гімназіі, кожны год пасля развалу савецкай імперыі. Заснаваная  ў 1919 годзе (1 лютага) па ініцыятыве вядомага беларускага археолага, калекцыянера, грамадскага дзеяча Івана Луцкевіча. Яна дзейнічала да 1944 года, пакуль не была зачыненая савецкімі ўладамі, якія рабілі ўсё, каб знішчыць усялякія беларускія сляды ў горадзе, які праславілі Францыск Скарына, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і іншыя беларусы. Значэнне Віленскай беларускай гімназіі прызнавалі ўсе - і сябры, і ворагі. Для першых яна была “кузняй беларускай свядомай інтэлігенцыі”, для другіх - “гняздом беларускіх нацыяналістаў”. На працягу 25-га года існавання гімназія перажывала і пад’ёмы, і спады, працавала пры розных рэжымах, была прыватнай, а ў 1933 годзе стала дзяржаўнай, фактычна страціўшы незалежнасць, зрабіўшыся філіяй польскай гімназіі імя Ю.Славацкага. У 1939 годзе, каб захаваць ВБГ, дзякуючы намаганням ксяндза Адама Станкевіча і Адольфа Клімовіча, удалося набраць вучняў, але гэта не была поўная гімназія, а прагімназія, бо ў ёй былі толькі два першыя класы замест чатырох. Падчас нямецкай акупацыі прагімназія зноў ператварылася ў гімназію. У 1944 годзе гімназія ўрачыста адсвяткавала сваё 25-годдзе, і ў гэтым жа годзе, пасля заняцця Вільні савецкай арміяй, гімназія была зачыненая. Савецкая ўлада не хацела лічыцца з беларускім грамадствам Вільні і Віленскага краю. На працягу 25-ці гадоў працы гімназіі мяняліся дырэктары: імі былі Мікола Кахановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Неканда-Трэпка, Радаслаў Астроўскі, Фелікс Стацкевіч, В.Кавалевіч, Барыс Кіта, кс. Адам Станкевіч, Мікола Анцукевіч і Францішак Грынкевіч. Кожны год у дзень заснаваньня ВБГ беларусы Віньні і вучні віленскай беларускай школы імя Фр.Скарыны, якая ў лютым гэтага года атрымала статус гімназіі, ускладаюць кветкі на магілу заснавальніка гімназіі Івана Луцкевіча на могілках Росы, а таксама на Ліпаўцы, дзе пахаваны дырэктары гімназіі, настаўнікі, сярод іх і настаўніца беларускай мовы Алёна Сакалова-Лекант. Алёна Сакалова-Лекант і кс. Адам Станкевіч працавалі ў гімназіі ўсе 25 гадоў ейнай дзейнасці. Дзякуючы прафесіяналізму выкладчыкаў у гімназіі панавала атмасфера нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці, узгадоўваўся беларускі нацыянальны дух.

Пэўны час прыходзіў у ТБК сын Міколы Анцукевіча Алег Анцукевіч, гэтым разам на нашым мерапрыемстве ўпершыню прысутнічаў унук Міколы Анцукевіча Мікола Анцукевіч, названы ў гонар дзеда. А таксама выкладчыца Літоўскай Акадэміі музыкі, сябар ТБК Таццяна Скарэне, дачка Юрыя Зямніцкага, якая ўжо на працягу 10 гадоў уручае найлепшаму вучню 12 класа за любоў да роднай мовы прэмію імя бацькі, шчырага беларуса, заснавальніка і першага кіраўніка хору “Сябрына”. Пра ВБГ распавяла Леакадзія Мілаш.

У лютым споўнілася 45 гадоў з дня адкрыцця краязнаўчага музея ў Гудзевічах. Актывісты таварыства некалькі разоў наведалі Гудзевічы, ездзілі не толькі каб паглядзець экспанаты, але найперш каб сустрэцца з яго заснавальнікам Алесем Белакозам, надзвычай цікавым чалавекам, патрыётам, настаўнікам, захавальнікам спадчыны. У музеі знаходзіцца і экспанат Віленскай беларускай гімназіі, адзіны ў свеце глобус на беларускай мове, лісты ад Зоські Верас і шмат іншых экспанатаў, якія сёння маюць ужо гістарычную каштоўнасць.

У лютым споўнілася 70 гадоў, як былі закатаваныя каталіцкія святары ў Росіцы. Пра іх жыццё і святарскую дзейнасць напісала кнігу Ірына Жарнасек, а на імпрэзе распавёў даследчык, навуковец Алесь Адамковіч.

Агляд жыцця і творчасці  Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому ў лютым споўнілася 205 гадоў з дня нараджэння, зрабіў Артур Юдзіцкі. Ён жа напрыканцы зрабіў кароткае паведамленне аб апошніх навінах з Беларусі.

На мінулай імпрэзе Валер Радзюкевіч падрабязна распавёў пра творчасць ансамбля “Песняры”, наш журналіст Андрусь Старавойтаў зрабіў добрую перадачу на радыёхвалях Літвы пра калектыў, якая мела станоўчы водгук сярод слухачоў Літвы. На лютаўскай імпрэзе В. Радзюкевіч распавёў аб творчай дзейнасці былога саліста ансамбля Лявона Барткевіча.

Вядома, што ў ТБК цікавяцца не толькі гісторыяй мінуўшчыны, але і падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі і Літве цяпер. Хрысціна Балаховіч у захапленні ад выставы моды Аляксандра Васільева, якая праходзіць у мастацкай галерэі Вільні. Яна таксама падзялілася ўражаннямі з прысутнымі. 23 лютага ў сталіцы Літвы адкрылася фотавыстава беларускага святара Паўла Валынцэвіча. Некаторым здымкам сотня гадоў, а ўсяго на выставе каля 70 фатаграфій, па іх можна вывучаць жыццё і быт беларускіх сялян, погляд святара на свет. На кожным здымку ўсяго на кароткае імгненне спынілася жыццё на цэлых 60 год. Сваімі ўражаннямі ад выставы падзялілася аўтарка гэтых радкоў.

Жыццё цікавае і кожны дзень напоўненае падзеямі, сутрэчамі. І нашыя імпрэзы ў ТБК з’яўляюцца  непоўторнымі, а часам і гістарычнымі.

На здымку: Леакадзія Мілаш праводзіць імпрэзу. Побач з дакладам выступае сябра Рады Алесь Адамковіч.

Леакадзія Мілаш