Дзявяты год запар праводзіцца конкурс эстэтыкі "Кветка Байкала". Але толькі другі год як гэты конкурс пачаў насіць статус міжнацыянальнага.
Да гэтага 7 гадоў "Кветкай Байкала" абіралася выключна бурацкага дзяўчына. Але вось Дзяржаўная ўстанова "Цэнтр па захаванні бурацкага этнасу" была перайменаваная ў Іркуцкую абласную дзяржаўную бюджэтную ўстанову культуры «Цэнтр культуры карэнных народаў Прыбайкалля», і ў сувязі з гэтым было прынятае рашэнне з 2012 года праводзіць міжнацыянальны абласны конкурс эстэтыкі.
Адразу хочацца адзначыць, што летась гэты конкурс выйграла наша беларуска Вольга Тугарынава. Сёлета перамагла татарка Юля Зарыпава. З чым мы яе і віншуем!
Але мне б хацелася расказаць пра нашу «Кветку Байкала-2013» - Свету Елікаву.
Шчыра кажучы, мы ўсе за яе вельмі хваляваліся. Канкурэнткі ў Светы былі "О-ё-ёй!". Адна лепшая за другую. Але Света аказалася баявой і з агеньчыкам! Вядома, варта адзначыць, што дапамагалі і падтрымлівалі Свету перш за ўсё яе родныя. Яны самі і шылі касцюмы, і рыхтавалі візітоўкі, складалі вершы, прадумвалі вобразы. Вынік быў ашаламляльным. Святлана выступіла цудоўна.
Ужо падчас першага конкурсу - "Візітнай карткі" - Света зрабіла добрую заяўку. Яна выйшла з кветкай і як быццам выконваючы нейкую працу, "ткучы кветку", у вершаванай форме расказала пра сябе і сваю сям'ю. Усё было прыгожа, эстэтычна, паважна. Нам, заўзятарам, спадабалася.
Але вось пачаўся другі конкурс - "Творчы". Хто спявае, хто танчыць. А што ж наша Света?
Тут адбылося цуд! Яна выйшла ў касцюме "Купалінкі", з вянком на галаве і выканала пачуццёвы, узнёслы купальскі танец. Зачаравальныя рухі - рукі то плаўна ўзляталі ўверх, то рэзка апускаліся ўніз. Гэта быў сапраўды кавалачак нашага абраду ў дзеянні. Ды яшчэ і музыка была падабраная ўдала. Пасля гэтага танцу зала проста выбухнула апладысментамі! Крычалі "Брава!", "Малайчына!". Я ніколькі не перабольшу, калі скажу, што творчы нумар у нашай Светы быў самым лепшым!
Конкурс "Інтэлектуальны" наогул сёлета быў дзіўны. Калі ў мінулым годзе пытанні, якія нечакана задаваліся дзяўчатам, больш былі з гумарам і сапраўды патрабавалі кемлівасці, каб адказаць, то ў гэтым годзе пытанні былі канкрэтныя. І тут альбо ведаеш, альбо не. Шчыра кажучы, седзячы ў зале, мы здзіўляліся: і хто «дадумаўся» задаваць такія пытанні?
Затое нам спадабаўся конкурс «Рукадзелле», дзе кожная дзяўчына-канкурсантка, прадставіла сваімі рукамі зроблены твор мастацтва. Хто што, а Света зноў паказала выдатную працу з бісеру - «пацеркi» - шэйнае ўпрыгожванне. Мала таго, што праца была выкананая па-майстэрску, але яшчэ і каляровая гама традыцыйна бел-чырвона-белая. Такія «пацеркi» насілі нашы продкі ў старыя часы, хоць сярод нашай моладзі гэтая традыцыя таксама робіцца зноў папулярнай.
Ну, і апошні конкурс - «Дэфіле ў вячэрніх сукенках» - па-мойму, наогул усіх аб'яднаў. Кожная дзяўчына была проста прыгожая ў сваім уборы.
І ўсё ж конкурс ёсць конкурс. А журы як заўсёды прымае рашэнні суб'ектыўна і кіруецца «сваімі» меркаваннямі. Свеце перамагчы не ўдалося. Але як на мяне, дык гэта і не галоўнае. Галоўнае, што на гэтым свяце была годна прадстаўлена беларуская культура. Седзячы ў зале, мы ганарыліся нашай "Купалінкай"!
Таксама хочацца падзякаваць і ансамблю аўтэнтычнай песні "Крывiчы", які браў удзел у канцэртнай частцы мерапрыемства і выканаў дзве беларускія народныя песні. Прычым адна з іх - гумарыстычная «Чачотачка» - стала прэм'ерай. Што ж, нашы «Крывiчы» ужо сталі вядомым брэндам. Яны ўдасканальваюць сваё майстэрства і заўсёды радуюць гледачоў.
Вось так прайшоў конкурс эстэтыкі «Кветка Байкала-2013». Будзем чакаць наступнага!
Алег Рудакоў