2 лютага беларусы Іркуцка адзначылі старажытнае свята Грамніцы.
2 лютага беларусы Іркуцка адзначылі старажытнае свята Грамніцы. Арганізатарам выступіла Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага» пад кіраўніцтвам Алега Рудакова. «На ўрачыстасці сабралася больш за 60 чалавек. Шмат хто прыйшоў з дзецьмі. Запальвалі рытуальны агонь, спявалі, вадзілі карагоды, гулялі ў зімовыя народныя беларускія гульні, танчылі, елі сала, дранікі, пірагі хатнія і кучу іншых прысмакаў. Атрымалася выдатна», - распавёў Алег Рудакоў.
Свята Грамніцы - адзіны зімовы дзень, калі можа здарыцца навальніца, якая суправаджаецца громам. Гэтае свята прайшло праз стагоддзі яшчэ з паганскіх часоў, калі ў гэты дзень прынята было прыносіць ахвяру богу Перуну, або Грамоўніку. Грамніцы маюць дзве даты згодна з каталіцкім і праваслаўным царкоўным календаром. Каталікі адзначаюць Грамніцы 2 лютага, праваслаўныя - 15 лютага. Акрамя таго, свята супадае з царкоўным святам Стрэчання Гасподняга. У народзе Грамніцы атрымалі дадатковае значэнне сустрэчы зімы і вясны. Важнае значэнне мелі грамнічны свечкі, якія так і называюцца - грамніцы. Часцей за ўсё гэтыя свечкі рабіліся самастойна. Грамніцамі яны маглі называцца толькі пасля асвячэння ў царкве ці касцёле. Затым грамніцы набылі сакральнае значэнне - іх пачалі ўжываць на працягу ўсяго года ў розных абрадах і рытуалах. Грамніцы захоўваліся ў доме за абразамі і запальваліся пры любых падзеях. Сплавы грамніцаў насілі як амулеты і нават давалі ў якасці лекаў хворым. Характэрна, што грамнічную свечку нельга было нікому пазычаць. Дзень Грамніцы мае шмат прыметаў, якія засноўваюцца на сустрэчы зімы з вясной, - як сустрэча пройдзе, такая і вясна будзе: - Адліга ў Грамніцы - да ранняй цёплай вясны; - Халодная сустрэча - да халоднай вясны; - Снег - да доўгай, дажджлівай вясны; - Мяцеліца - да зацяжной зімы. Аднак прыкметы прадказвалі не толькі надвор'е, але і ўраджайнасць: - Моцны мароз - хутка растане снег на палях; - Пацяпленне - да дрэннага ўраджаю.