У Крынках развіталіся з выбітным беларускім і польскім пісьменнікам, грамадскім дзеячом, інтэлектуалам Сакратам Яновічам.
У Крынках учора, 21 лютага, развіталіся з выбітным беларускім і польскім пісьменнікам, грамадскім дзеячом, інтэлектуалам Сакратам Яновічам.
Правесці ў апошні шлях майстра слова і шчырага беларуса, акрамя родных, прыйшлі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці з усяго Падляшша, прадстаўнікі органаў улады, польскіх грамадскіх арганізацый, а таксама сябры і суседзі.
Старшыня Фонду царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы Мікалай Бушка пагаджаецца з меркаваннем, што Сакрат – гэта цэлая эпоха, аднак кажа, што гэтая эпоха ўсё ж працягваецца:
- Яго эпоха працягваецца, бо ён пакінуў такую вялікую культурную спадчыну ў літаратурнай, а таксама ў інтэлектуальнай сферы. Перадусім гэта памяць пра сябе, як выдатны чалавек, вялікі аўтарытэт, вялікі беларус. Я думаю, што гэтая эпоха дзякуючы яму працягваецца.
Бурмістр Багуслаў Панасюк ужо сёння разам з сябрамі Сакрата Яновіча думае пра тое, як захаваць у Крынках памяць пра выбітнага земляка:
- Мы ўжо гаварылі з Юркам Хмялеўскім, з прафесарам Тарасэвічам, як захаваць пра яго памяць у Крынках. Гаварылі пра тое, каб назваць вуліцу, пляц, усталяваць бюст ці помнік у цэнтры Крынак, каб жыхары памяталі пра Сакрата. А турысты, якія прыязджаюць, ведалі, што тут нарадзіўся, жыў і памёр вялікі чалавек, літаратар, філосаф Сакрат Яновіч.
“Сакрат Яновіч бараніў нас, беларусаў, сваім словам, сваімі ведамі”, - сказаў у час развітання старшыня Управы Радыё Рацыя, сябра Вялікай Рады "МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа:
– У яго, як у рыцара, шчытом была родная мова, а мячом было роднае слова. За гэта дзякуем. Ён вучыў нас, маладзейшых, паказваў праўду, што існуе бел-чырвона-белы сцяг, існуе герб «Пагоня». Дзякуем за тое, што нас адукаваў.
Стрыечны брат Сакрата Яновіча – Юрэк Грыко – даўно жыве ў ЗША, але ў час прыездаў на радзіму заўсёды заходзіў да Сакрата:
- Не часта. Бо я ўжо 30 гадоў жыву ў Злучаных Штатах. Як прыязджаў, то заўсёды наведваў Сакрата. Бо гэта фантастычны чалавек.
У Прачысценскай царкве ў Крынках адслужылі паніхіду па Сакрату Яновічу, пасля чаго адбылося пахаванне на мясцовых праваслаўных могілках. Труна з целам памерлага была накрытая бел-чырвона-белым палотнішчам. Беларускія нацыянальныя сцягі з чорнымі стужкамі таксама луналі над жалобным шэсцем, у царкве і на могілках спявалі гімн “Магутны Божа”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Развітальны ліст мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы на смерць Сакрата Яновіча
Спадарыня Таццяна Яновіч
Крынкі
Адышоў ад нас Сакрат Яновіч – вялікі чалавек, пісьменнік, інтэлектуаліст, грамадскі дзеяч, выдатны польскі Беларус, грамадзянін, заслужаны для Двух Народаў – Польшчы і Беларусі.
Ён быў чалавекам, які сваімі трудамі і цяжкай працай дасягнуў вялікага поспеху. Так вельмі любіў родны куток, бацькаўшчыну, якая была яго натхненнем, сваю культуру, пра якую так клапаціўся, якую распаўсюджваў і вельмі цаніў. Сваёй дзейнасцю заахвочваў другіх да культывавання беларускай традыцыі, мовы і звычаяў.
Ён сваім прыкладам паказваў, кім з'яўляецца «польскі Беларус» і якой беднай была б без яго культура і гісторыя Польшчы.
Сакрат Яновіч пасля сябе пакінуў для будучых пакаленняў вялікую інтэлектуальна-культурную спадчыну, якую ведаюць і вельмі паважаюць другія народы. Цераз яго працу слова «Беларус» гучыць яшчэ з большым ганарам.
Адышоў, а ўсё-такі не будзе забыты. Пасля сябе пакінуў ён трывалы след між намі. Заснуў, а ўсё-такі жыве і будзе жыць у нашай памяці.
Словы спачування перасылаю сям'і і блізкім.
Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава
Фота - Беларускае Радыё Рацыя