Akute на «Belarus Night Party» у Маскве

У Маскве адбылася чарговая, другая па ліку, вечарына з серыі «Belarus Night Party». На першай імпрэзе, арганізаванай беларусамі Масквы, сольны канцэрт сыграла мінская каманда "Разбітае Сэрца Пацана".

У Маскве адбылася чарговая, другая па ліку, вечарына з серыі «Belarus Night Party». На першай імпрэзе, арганізаванай беларусамі Масквы, сольны канцэрт сыграла мінская каманда "Разбітае Сэрца Пацана". Адбылася імпрэза 17-га лістапада 2012-га года. Пасля ўдалага пачатку, па-за рамкамі «начных вечарын», беларусы Масквы зладзілі выступ Змітра Вайцюшкевіча, які канцэртаваў у сталіцы Расіі 2-га лютага. Мінулымі выходнымі Маскву наведалі чарговыя героі з Беларусі - магілёўскі гурт «Akute». На канцэрце, які прайшоў у клубе «China Town Cafe», пабывала каля 100 слухачоў.

Распачаў вечарыну беларуска-маскоўскі гурт «KilFil». За паўгадзінны сэт маладая каманда паспела сарваць апладысменты публікі, якая нават папрасіла музыкаў зайграць на біс. Далей прысутных чакаў выступ галоўных герояў вечару - «Akute». Магілёўскія хлопцы ў сталіцы Расеі гралі ўпершыню. Тым не менш цікаўную да сваёй творчасці публіку ў Маскве, па ўсім відаць, «Akute» ужо маюць. Амаль двухгадзінны выступ гурта даслухалі не ўсе прысутныя, але большасьць слухачоў усё ж верна і да апошняга падпявала знаёмыя хіты з двух выданых альбомаў «Akute». Відавочна, што добрая частка прысутнай публікі была не выпадковай і добра дасведчанай у творчасці калектыва.

«Вядома, вялікая частка публікі - гэта беларусы, якія жывуць у Маскве, - зазначыў арганізатар вечарыны Сяргей Мачнеў, - але не ўсе яны цікавіліся беларускай культурай і музыкай у Беларусі. А тут падобныя мерапрыемствы здаюцца роднымі. Беларускія вечарыны цікавыя і масквічам у тым ліку. Адчуваецца ўвага мясцовых СМІ да нашых канцэртаў. Увогуле ж, хочацца больш беларускай культурнай прысутнасці тут у Маскве, гэта галоўная ідэя ўсіх мерапрыемстваў, якія мы робім».

У далейшых планах арганізатараў вечарын «Belarus Night Party» канцэрты шэрагу беларускіх гуртоў. Некаторыя музыкі ўжо самі прапаноўваюць свой удзел у маскоўскіх вечарынах, зазначаюць арганізатары. Але імёны будучых удзельнікаў пакуль трымаюцца ў сакрэце.

Алесь Кот-Зайцаў, budzma.org

Фота - Алена Кугатава